Дзесяць сакрэтаў эстонскага поспеху

У рэйтынгу Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (PISA) за 2018 год Эстонія заняла першае месца сярод Еўрапейскіх дзяржаў па якасці ведаў ва ўсіх трох галінах даследавання — чытанне, матэматыка і прыродазнаўчыя навукі.

У час трыумфу Эстоніі мы, група беларускіх педагогаў (Ірына Стралкова, Вікторыя Гракава, Алена Кахноўская, Міхаіл Кудзейка), праходзілі адукацыйную стажыроўку ў Эстонскай Рэспубліцы, арганізаваную Міжнародным цэнтрам па прафесійным развіцці (Эстонія) і Еўрапейскай праграмай прафесійнай мабільнасці MOST.

Падчас знаёмства з сістэмай адукацыі Эстоніі мяне ўвесь час хвалявала пытанне прычынаў поспеху. Калі я вярнуўся і прааналізаваў убачанае, вылучыў каля дзясятка цікавых момантаў, якія, на мой погляд, з’яўляюцца ключавымі ў дасягненні значнага адукацыйнага поспеху. Я назваў іх «сакрэтамі» — і з радасцю імі дзялюся.


Сакрэт першы: фінская мадэль адукацыі

У аснове сістэмы адукацыі Эстоніі знаходзіцца адаптаваная да ўмоваў дзяржаўнай рэчаіснасці фінская мадэль. Гэта ўсе ведаюць, пра гэта гавораць і гэтым ганарацца. Адметныя яе рысы: праца, арыентаваная на дзіця, з улікам яго магчымасцяў і здольнасцяў; адсутнасць рэйтынгу на ўсіх этапах адукацыйнага працэсу; давер, свабода дзеянняў устаноў адукацыі і настаўнікаў; камандная работа педагагічных калектываў ды іншае.

У Эстоніі дзейнічае сацыяльная сістэма падтрымкі грамадзян, якая прадугледжвае бясплатнае школьнае харчаванне, бясплатныя падручнікі і сшыткі да іх, ментарскую сістэму падтрымкі дзяцей з асаблівымі патрабаваннямі (у тым ліку адораных), бясплатны праезд для вучняў у гарадскім транспарце.


Сакрэт другі: арыентацыя на асобу вучня

Эстонія бярэ ўдзел у маніторынгу PISA не дзеля рэйтынгу, а дзеля высвятлення станоўчых і праблемных бакоў сістэмы адукацыі з мэтай удасканалення. Мы сталі сведкамі таго, што ўжо на трэці дзень пасля абвяшчэння, вынікі даследавання PISA былі разгледжаныя ў Міністэрстве адукацыі Эстоніі і вызначаныя кірункі развіцця. Здавалася, што ўсё ж у іх цудоўна і няма прычын хвалявацца, але праблемы былі агучаныя, і нават выпрацавана стратэгія далейшага развіцця. Так, было агучана, што 70% вучняў Эстоніі задаволеныя жыццём і 80% — лічаць сябе шчаслівымі ў школе. Гэта — вельмі малы працэнт. Цяпер перад установамі адукацыі стаіць праблема павышэння ўзроўню шчасця навучэнцаў у працэсе атрымання адукацыі.

Акрамя таго, міністэрства адукацыі вырашыла вывучыць асаблівасці сістэмы адукацыі краін, якія маюць нізкія паказчыкі, каб зразумець прычыны праблем ды пазбегнуць іх, прыняўшы прафілактычныя меры.


Сакрэт трэці: статус дырэктара школы

Дырэктараў школ у Эстоніі выбіраюць, а не прызначаюць. Прэтэндэнты на пасаду павінны прадставіць праект стратэгіі развіцця школы. Муніцыпалітэт стварае камісію, якая разглядае кандыдатуры, іх праекты і прымае рашэнне аб прызначэнні на пасаду.

Дырэктары школ не займаюцца гаспадарчай работай — гэта праца намеснікаў і муніцыпалітэта. Дырэктар з’яўляецца кіраўніком і тварам школы. Дырэктары школ шмат часу прысвячаюць грамадскай працы і прадстаўляюць інтарэсы адукацыі на муніцыпальным і дзяржаўным узроўнях, уваходзяць у склад розных выканаўчых і заканадаўчых органаў.


Сакрэт чацвёрты: аўтаномнасць і свабода

Міністэрства адукацыі Эстоніі даўно адмовілася ад рэйтынгаў, дало свабоду школам і настаўнікам. Цяпер кожная школа і дзіцячы садочак маюць свой індывідуальны твар, сваю сістэму і, адпаведна, — свае станоўчыя вынікі. Міністэрства дае школам толькі рамачныя праграмы, якія дазваляюць настаўнікам улічваць асаблівасці вучняў, мясцовыя прыярытэты.


Сакрэт пяты: адсутнасць праверак і правяраючых

Адсутнасць праверак прывяла да скарачэння колькасці папер, што вызваліла настаўніку час на працу з вучнямі. Кантралююць якасць адукацыі вучні і бацькі, якія кожны год запаўняюць апытальнікі. Задаволенасць бацькоў і вучняў умовамі і ўзроўнем адукацыйнага працэсу з’яўляецца паказчыкам паспяховасці школы.

Трэба заўважыць, што праверкі санітарнай службы, пажарных і іншых кантралюючых органаў праводзяцца, але з іншай місіяй — не знайсці, а дапамагчы. Часцей за ўсё, гэта выклікана пэўнай праблемай альбо яе прафілактыкай. Паколькі кожная школа належыць муніцыпалітэту, то менавіта ён адказвае за яе стан, бяспеку і не можа сам сябе пакараць штрафамі і прадпісаннямі, таму ўсе службы зацікаўленыя ў тым, каб ніякіх праблем ва ўстановах адукацыі не існавала, каб кожная школа займалася сваёй асноўнай дзейнасцю — навучаннем.

У краіне існуе атэстацыя школ і гімназій, але на пазіцыі даверу, і ўлічвае вынікі штогадовых маніторынгаў меркаванняў вучняў, бацькоў і настаўнікаў.


Сакрэт шосты: адсутнасць папер павышае адказнасць

Развіццё камп’ютарных тэхналогій пазбавіла вучняў і настаўнікаў ад папяровай дакументацыі. Адсутнасць бюракратыі не знізіла, а павысіла ўзровень адказнасці педагогаў за якаць адукацыйнага працэсу. Уся справа ў тым, што адукацыйная сістэма грунтуецца на фарміруючай ацэнцы, пра якую напісана ніжэй. Акрамя гэтага, кожны настаўнік як класны кіраўнік абавязаны праводзіць развіццёвыя гутаркі з вучнямі і бацькамі, якія звязаны з аналізам і фіксацыяй атрыманых ведаў. Так, гэта адымае ў настаўніка шмат часу, але працуе непасрэдна на эфектыўнасць навучання, якое якасна спрагназавана і спланавана з улікам магчымасцяў, цікавасцяў і здольнасцяў кожнага вучня.

Што тычыцца настаўніцкай дакументацыі, то ў кожнага настаўніка яе няшмат: каляндарнае планаванне па прадмеце, якое складаецца на трохгадовы этап навучання з улікам патрабаванняў рамачнай праграмы; фактычнае планаванне на навучальны год, якое ўлічвае папярэднія дасягненні і праблемы ў развіцці прадметных і ўніверсальных кампетэнцый; планы-канспекты да ўрокаў паводле жадання самога настаўніка.

Настаўнікі працуюць на даверы, і толькі калі з’яўляюцца праблемы (па выніках апытання вучняў і бацькоў), падключаецца адміністрацыя. Каб пазбегнуць метадычных праблем, у школах ёсць прадметныя секцыі, чальцы якіх узаемна наведваюць урокі калег з пэўнай мэтай, звязанай з дапамогай ці пошукам рашэння педагагічнай праблемы, але толькі не кантролю.

Школьныя падручнікі эстонскія вучні атрымліваюць бясплатна. Фота nastaunik.info


Сакрэт сёмы: развіццёвыя гутаркі

У Эстоніі за выхаванне дзяцей адказваюць бацькі. Гэта зацверджана законам на дзяржаўным узроўні. Школа займаецца толькі адукацыйнай дзейнасцю, і толькі ў межах школы. Праца настаўніка абмяжоўваецца тэрыторыяй школы, бо за межамі школы праблемамі сямейнага выхавання займаецца моладзевая паліцыя (накшталт нашай ІСН) і сацыяльныя службы, якія супрацоўнічаюць з сацыяльна-псіхалагічнымі службамі школ.

Сувязь школы і бацькоў ажыццяўляецца праз развіццёвыя гутаркі. У дзіцячым садку і пачатковай школе класны кіраўнік адзін раз на год праводзіць такія гутаркі індывідуальна з кожным вучнем у прысутнасці аднаго з бацькоў. У сярэдніх і старэйшых класах на развіццёвыя гутаркі запрашаюцца толькі вучні. На гутарках ідзе размова з вучнем і прадстаўніком сям’і аб яго поспехах, праблемах і перспектывах. Напрыканцы гутаркі кожны вучань і яго прадстаўнік падпісваюцца пад вынікамі размовы, якія фіксуюцца на паперы. Гэта з’яўляецца своеасаблівым дапаможнікам да дзеяння вучня і настаўніка і прадметам размовы з вучнем і яго бацькамі на наступны год.

Што гэта дае? Як кажуць настаўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі школ, такі падыход дазваляе аб’яднаць вучняў, бацькоў і настаўнікаў у адукацыйных мэтах, зрабіць навучальны працэс адкрытым і празрыстым, далучыць бацькоў і вучняў да аналізу працэсу навучання дзіцяці, яго планаў і перспектыў, высветліць праблемы, аказаць своечасовую дапамогу. Такі падыход, па словах настаўнікаў і адміністрацыі школ, дазволіў знізіць колькасць скаргаў і ўзровень незадаволенасці вучняў і бацькоў школай.


Сакрэт восьмы: фарміруючая ацэнка

Ацэньванне вучня па Дзяржаўнай праграме навучання складаецца са славеснай ацэнкі (пісьмовая, вусная), фарміруючай ацэнкі (вынікі вучня ў параўнанні з яго папярэднімі вынікамі, даецца два разы на год), лічбавай адзнакі (выстаўляецца на аснове крытэрыяў ацэньвання, гэта вынікі вучня ў параўнанні з патрабаваннямі праграмы).

Фарміруючая ацэнка з’яўляецца асновай сістэмы адукацыі, яна прапісана не толькі ў нарматыўных дакументах, прысутнічае ў адукацыйным працэсе кожнай школы. Фарміруючая ацэнка арыентаваная на асэнсаванасць навучання праз стварэнне ўнутранай матывацыі (патрэбы), на выхаванне адказнасці і самастойнасці праз давер і свабоду выбару. Аснова фарміруючай ацэнкі — інфармацыя аб працэсе і выніках навучання кожнага вучня, што робіць навучанне (працэс і вынік) бачным.

Першая асаблівасць фарміруючай ацэнкі — магчымасць вучня адмовіцца ад адзнакі з мэтай павышэння ўзроўню сваіх ведаў. Але гэта рашэнне прымае сам вучань, без удзелу бацькоў і настаўніка. Другая асаблівасць — крытэрыяльны падыход, які дазваляе зрабіць навучальны працэс зразумелым, даступным і дыягнастычным. Дзякуючы фарміруючай ацэнцы вучні разумеюць, чаго ходзяць у школу і навошта ім вывучаць кожны з навучальных прадметаў, ведаюць свае магчымасці і адэкватна ацэньваюць свае здольнасці, плануюць траекторыю свайго развіцця.


Сакрэт дзявяты: кампетэнтнасць — адна з асноўных ідэй навучання

Для сістэмы адукацыі Эстоніі вельмі важна, каб вучань напрыканцы навучання набыў не толькі прадметныя, але і жыццёва значныя кампетэнцыі. Што ж для гэтага робіцца?

Кампетэнтнасны падыход закладзены ў нарматыўную дакументацыю. Патрабаванні да ведаў, уменняў і кампетэнцый прапісаныя не пасля кожнага года навучання, а напрыканцы трохгадовага кроку: I ступень (1–3 клас), II ступень (4–6 клас), III ступень (7–9 клас), гімназія (10–12 клас). Паводле меркаванняў настаўнікаў, гэта дае пэўную свабоду дзеянняў педагогу пры фармаванні прадметных і жыццёва важных кампетэнцый: культурнай і каштоўнаснай, сацыяльнай, самавызначэння, пазнавальнай, камунікатыўнай, матэматычнай (прыродазнаўчай, тэхнічнай), прадпрымальніцкай, дыгітальнай (кап’ютарныя тэхналогіі).

Кіраўніцтва і настаўнікі школ вельмі добра ведаюць, што развіццё кампетэнцый магчыма толькі праз дзейнасць і толькі ў спецыяльна арганізаваным педагагічным асяроддзі, дзе кампетэнцыі фарміруюцца не паасобку, а комплексна. І менавіта таму акцэнт зроблены на правядзенне інтэграваных урокаў, дзе выкарыстоўваюцца веды розных навучальных дысцыплін, што дазваляе вучням атрымаць агульнае ўяўленне аб аб’ектах, працэсах, з’явах.

Так, на ўроку матэматыкі ў 1-м класе мы назіралі за тым, як вучні асвойваючы складанне і адыманне ў межах 10, выкарыстоўвалі веды па прыродазнаўстве, пісьме, выяўленчым мастацтве, праграмаванні. Кожныя тры хвіліны вучні мянялі віды дзейнасці, працавалі ў парах, групах, індывідуальна. Заданні прадугледжвалі не толькі валоданне пэўнымі правіламі і алгарытмамі дзейнасці, але і прымяненне іх у звычайным жыцці.

Таксама інтэграцыя можа быць рэалізаваная на аснове міжпрадметных сувязяў пра што дамаўляюцца настаўнікі. Кожны з настаўнікаў павінен правесці 1–2 урокі ў год па тэмах, якія можна разглядаць як частку іншых вучэбных дысцыплін. Так, настаўнік літаратуры можа прапанаваць настаўніку гісторыі, выяўленчага мастацтва, геаграфіі ўключыць пэўную тэму ў план выкладання свайго прадмета. Узгадніўшы час, змест і дзеянні настаўнікі і вучні вывучаюць яе на розных уроках, ствараючы агульнае ўяўленне аб асобе, падзеі, гістарычным перыядзе і г.д. Не менш цікава праходзяць урокі па-за школай з выкарыстаннем музейнай і бібліятэчнай педагогікі.

Ідэю інтэграцыі ведаў рэалізуюць падручнікі, якія падобныя да пазнавальных энцыклапедый. Настаўнікі маюць права выбару падручнікаў са звычайным ці інтэграваным зместам.

Сістэма адукацыі прадугледжвае спецыфічныя выпрабаванні для ацэнкі ўзроўню сфарміраванасці ўніверсальных кампетэнцый вучняў. Вучні выпускных класаў павінны не толькі здаць вусныя і пісьмовыя экзамены, але пасля 9 класа напісаць і прэзентаваць творчую працу, а пасля 12 класа — абараніць праект. Звесткі аб тэмах і адзнакі па праектах заносяцца ў атэстат.


Сакрэт дзясяты: нацыянальная свядомасць і адказнасць

Больш за ўсё ўразіў дзяржаўны падыход да захавання нацыянальнай мовы і культуры Эстоніі, дзе жыве 25% рускамоўнага насельніцтва. Эстонія — адкрытая краіна, якая ветліва прымае людзей розных нацыянальнасцяў, што вырашылі стаць яе грамадзянамі альбо атрымаць від на жыхарства. Выпрацаваўшы своеасаблівую сістэму развіцця эстонскай мовы і нацыянальнай культуры, яна не падзяляе сваіх жыхароў на катэгорыі, звязаныя з валоданнем мовай, бо яе ведаюць амаль усе, нягледзячы на тое, якой мовай яны карыстаюцца дома.

Сакрэт паспяховасці хаваецца ў сістэме адукацыі. Пачынаючы з дзіцячых садкоў (ёсць эстонскія і рускамоўныя), дзеці паглыбляюцца ў нацыянальную культуру (праз традыцыі і святы) і эстонскую мову (мэтанакіраваныя заняткі). Настаўнікі (у Эстоніі выхавацелі маюць статус настаўніка і атрымліваюць такую ж зарплату) дзіцячых садкоў працуюць у групах па два чалавекі. Адзін — у першую палову дня і праводзіць заняткі на рускай мове, а другі працуе ў другую палову дня і праводзіць тыя ж заняткі (са спрошчаным зместам) толькі на эстонскай мове. Кожны настаўнік размаўляе толькі на сваёй мове і не выкарыстоўвае іншую. Так у вучняў адзін настаўнік асацыюецца з рускай мовай, а другі — з эстонскай.

У школах з першага класа ідзе паступовае паглыбленне ў эстонскую мову. Кожны год навучання павялічвае колькасць эстонскай мовы (прадметаў на эстонскай мове). Так, у пятым класе 50% вучэбных прадметаў выкладаецца на эстонскай мове. У дзявятым класе — амаль усе прадметы. А вось паступленне ў гімназію магчыма толькі з веданнем эстонскай мовы, бо навучанне там адбываецца толькі па-эстонску.

У школах для вучняў, якія прыехалі з іншых краін, распрацоўваецца індывідуальны план навучання, дзе кожнаму даецца бясплатная магчымасць павялічыць колькасць гадзін на вывучэнне эстонскай мовы. А вось для таго, каб уладкавацца і працаваць настаўнікам у Эстоніі, неабходна ведаць эстонскую мову на ўзроўні В-1. Для вывучэння мовы даецца 1 год і бясплатныя магчымасці карыстання моўнымі курсамі.

Вось і ўсе эстонскія сакрэты…

P.S. Па дарозе дамоў мы спрабавалі разгадаць беларускі сакрэт: «Што перашкаджае нам, беларусам, зрабіць нашу сістэму адукацыі цікавай і карыснай ДЛЯ НАШЫХ ДЗЯЦЕЙ — будучага НАШАЙ КРАІНЫ?»…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: