Дзіцячая вопратка ад Будзьма-крамы — у падтрымку мультфільма «Блізняты-важаняты»

Інтэрнэт-крама беларускіх адметнасцяў budzma-krama.by не толькі прадае, але і дапамагае. Таму была  выпушчана калекцыя дзіцячых лонгсліваў з героямі беларускамоўнага мультфільма «Блізняты-важаняты». Набываючы іх, вы дапаможаце ў стварэнні новых серый мультфільма, бо 50% ад продажу лонгсліваў будзе пералічана аўтарам праекта.

Усе мы памятаем дзяцінства, ахутанае казкамі, таямніцамі і чараўніцтвам. У любым веку мы памятаем мультфільмы, на якіх выраслі. Гэтыя персанажы — назаўжды ў нашых сэрцах. Ды што хаваць: героі любімых мультфільмаў выхоўвалі нас не менш за бабуль ды дзядуляў.

Таму так важна даць магчымасць дзеткам з дапамогай мульцяшных сяброў лепш разумець гэты свет, даць ім добрыя прыклады для пераймання. Менавіта ў маленстве фармуюцца каштоўнасці, ад якіх залежыць, якімі дзеткі вырастуць, на якой мове будуць размаўляць і якія кнігі чытаць.

«Для нас прапанова Будзьмы зрабіць кофты стала неймавернай радасцю, — гаворыць аўтарка ідэі мультфільма, прадзюсарка Марыя Грыц. — Гэта так чароўна, што важаняты будуць жыць не толькі ў мульціках, але і займеюць уласныя прыгоды разам з новымі маленькімі сябрамі. Цяпер ствараць штосьці ўтульнае вельмі патрэбна, бо ў такія часы станоўчых эмоцый усім бракуе. А дзеткі маюць права на шчаслівае дзяцінства».

Дырэктарка «Будзьма-крамы», каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская адзначае: «На жаль, ні для каго не сакрэт, што для большасці дзяцей сёння беларуская мова як замежная. Нам вельмі хацелася б, каб гэтая сітуацыя змянілася да лепшага. Найбольш эфектыўная і ненапружлівая форма навучання мове для дзяцей — гульнявая, і мультфільм «Блізняты-важаняты» надзвычай добра для гэта падыходзіць. Дзякуючы простым дыялогам, вясёлым вершыкам і песенькам дзеткам лёгка разумець сюжэт мультфільма і запамінаць беларускія словы. Ён будзе цікавы не толькі беларускамоўным дзеткам.  Але, канешне, двух серый вельмі мала, таму мы вельмі спадзяемся, што пакупнікі нашай крамы, набываючы лонгслівы з героямі мультфільма, дапамогуць сабраць грошы на яго працяг.  Да таго ж, нам вельмі хацелася б, каб дзеткі мелі магчымасць насіць адзенне не толькі  з выявамі  свінкі Пэпы і іншых замежных герояў, але і з персанажамі нашых, родных беларускіх мультфільмаў».

Цяпер зрабіць добрую справу вельмі проста! Набываючы лонгсліў з важанятамі, Вы не толькі атрымліваеце прыгожую, якасную рэч, якая штодня будзе радаваць вас і Вашае дзіця, але і дапамагаеце ствараць новую серыю мультфільма пра прыгоды важанятаў.

Праект «Блізняты-важаняты» — добры спосаб даць дзецям новых герояў і  разам напісаць новую гісторыю.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: