«Дзікунамі» ў Грэцыю: як мы знайшлі прыгоды і збераглі гаманец

Яшчэ ў аўторак мы планавалі імчацца ва ўкраінскія Карпаты, гуляць па гуцульскіх сёлах, дыхаць салодкім горным паветрам і любавацца туманнымі краявідамі па раніцах. Пазнакі з цікавымі месцамі на мапе былі прастаўленыя, трэкінгавыя маршруты — акрэсленыя а заплечнік — амаль складзены. 
А ўжо ў пятніцу мы засыналі ў намёце пад заспакаяльны плёскат Іанічнага мора на грэцкай выспе — Закінтас.

Вырашыўшы не спансіраваць турыстычныя кампаніі, мы самастойна набылі квіткі на рэйс самалёта «Варшава — Закінтас». На цэлых два тыдні. Гэта каштавала нам па 92 еўра і яшчэ каля 8 еўра мы аддалі за дадатковы багаж. Толькі пасля гэтага мы пацікавіліся коштам жытла на востраве і вырашылі, што будзем жыць у намёце, разлічваючы на эканомію бюджэта і больш шчыльнае яднанне з прыродай. 


Дзякуючы турыстычным форумам мы даведаліся, што дзікія кемпінгі ў Грэцыі нелегальныя і можна атрымаць штраф, але, раілі вандроўнікі і вандроўніцы, калі схавацца як мага далей ад вачэй паліцыі і фермераў, то можа атрымацца спакойна пажыць у намёце. Мы запланавалі правесці некалькі дзеё у кемпінгу, пашпацыраваць па наваколлі, пашукаць іншае месца пад стаянку і ўвогуле разведаць становішча.

На выспе некалькі кемпінгаў, якія знаходзяцца на паўднёвай і ўсходняй частках Закінтаса, бо менавіта там лепшыя пляжы. Прайс-ліст у ніх прыблізна аднолькавы — каля 15 еўра за двух чалавек. Мы выбралі кемпінг Тартаруга. Яго трымае нямецкая сям’я ўжо каля 30 гадоў. Ён знаходзіцца ў 12 кіламетрах ад аэрапорта Закінтаса, але ад і да аэрапорта (актуальна і для кемпінга) не ідзе грамадскі транспарт, таму ў вольных турыстаў некалькі опцый: ехаць на таксі альбо ісці на сваіх дзвюх. Спойлер: ёсць яшчэ варыянт аўтаспыну, але мы пра гэта тады не ведалі.

Пошук таксоўкі на выхадзе з аэрапорта можа ператварыцца ў лішні стрэс і зусім не лішнія некалькі еўра зверху. Лепшы варыянт – браніраваць таксоўку анлайн, тады кошт паездкі будзе вядомы загадзя, а прадстаўнік/ца таксоўкі сустрэне вас на выхадзе з імянной таблічкай. Мы замовілі таксоўку прама ў аэрапорце пакуь чакалі багаж і ўжо праз некалькі хвілін нас сустракала дзяўчына з паперкай, на якой было напісана маё імя і прозвішча. Даехалі да кемпінга мы за 20 хвілін і 23 еўра.

На рэсэпшэне нас стомленых сустрэў гаспадар, патлумачыў што, дзе і як і забраў мой пашпарт. Мы адразу пайшлі шукаць якое-небудзь маляўнічае месца пад намёт. Пітчы пад намёты і кемперы ў «Тартарузе» паступова спускаюцца ўніз, да мора, маюць нумары, разеткі і калонкі з вадой, піць якую, на жаль, нельга. Ніякіх праблем з душам і туалетам няма, бо ў кемпінгу выдатныя ўмовы ў гэтым плане. Наверсе, то бок, на рэсэпшэне, некалькі столікаў з цудоўным відам на сапфіравае мора і маленькую выспу Марафанісі. Увечары там жа пачынаецца вячэра: гаспадары гатуюць традыцыйную грэцкую ежу па коштах, удвая ніжэйшых, чым у мясцовых тавернах. Порцыя вялікія, і нам хапала адной на дваіх. У выніку звычайная вячэра з паловай літра мясцовага віна абыходзілася нам у 12,5 еўра.

На жаль, агульнай кухні ў гэтым кемпінгу няма, таму мы елі ежу, якую можна запарыць кіпнем, альбо тую, што гатаваць не трэба. Добрае выйсце — мець газавую гарэлку, але нават без яе можна абыйсціся. Набывалі прадукты мы ў суседняй вёсцы Лімні Керы, да якой ісці 4 кіламетры па дарозе альбо шляхам прыгод — па галькавай дарозе ўздоўж мора. На Закінтасе няпроста вандраваць без уласнага транспарту, таму шмат людзей арандуюць машыны, квадрацыклы, скутары ці ровары. Пешшу часта прыходзілася крочыць па аўтамабільнай трасе, што даволі непрыемна і небяспечна, але заўсёды можна знайсці шлях, які вядзе пераважна па дарогах з вельмі нізкім аўтатрафікам і па якім цудоўна ісці пад ценем аліўкавых дрэваў. 

Мы шмат хадзілі ўздоўж дарог і былі непрыемна дзіўленыя колькасцю смецця: пластыкавыя бутэлькі, цыгарэтныя недакуркі, упакоўкі з-пад ежы, бляшанкі. Мясцовыя жыхары расказалі нам, што, на іх думку, часцей за ўсё смецце выкідаюць на дарогу старое пакаленне і турысты, і гэта засмучае. 


Расчаравальна брудным аказалася папулярнае турыстычнае паселішча Лаганас — вада ў моры была мутная, у ёй плавала смецце, на вузенькім пясчаным пляжы ляжалі пад сонцам людзі, вядома, побач са смеццем. Шматлікія лодкі псавалі сваім пахам паветра і палівам ці алівай — ваду. Гэта быў моцны кантраст с празрыстай на некалькі метраў, чыстай вадой і пляжам нашага кемпінга і суседняй вёсцы.

Знакаміты сваёй чысцінёй і прыгажосцю пляж Марафіяс таксама аказаўся забруджаным лодкамі: пах быў моцны, а на паверхні вады былі разводы ад паліва, якія потым засталіся плёнкай на скуры.

У 12 кіламетрах ад «Тартаругі», недалёка ад вёскі Агалас, ёсць цудоўная бухта, якая па прыгажосці не горшая за разрэкламаваную бухту Навайа, але без натоўпу людзей, што прагнуць зрабіць паболей фотаздымкаў і замінаюць атрымоўваць асалоду ад моманту і любавацца краявідамі.


Шлях няпросты, ісці амаль 4 гадзіны, але гэта таго варта! У Карпаты мы не дайшлі, але пахадзілі па гарах Закінтаса. 


А вось вярнуцца тым жа шляхам мы не змаглі — распачаўся вялізны пажар, які знішчыў тысячы акраў лесу. Па статыстыцы 90% пажараў у Закінтасе — гэта падпал. У выніку пажару кошт тэрыторыі значна сніжаецца, што дазваляе зацікаўленым асобам набываць зямлю, якую дагэтуль кіраўніцтва выкарыстоўваць не дазваляла.


Ідэю дзікага кемпінга мы адкінулі, бо лепшага месца побач за наш кемпінг не было, таму мы правялі ўсе 14 дзён у ім, назіраючы са свайго берага за світанкам, поўным месяцам і шматлікімі лодкамі і судамі, якія пастаянна вазілі экскурсіі на выспу Марафанісі — Выспу Чарапах. Там жывуць чарапахі карэта карэта — уразлівы від з пагрозай знікнення. Але турыстычныя візіты не дадаюць ім ніякай радасці жыцця, акрамя забруджвання мора, лодкі і турыстычныя візіты ствараюць стрэсавую сітуацыю для чарапах, што паніжае іх нараджальнасць і выжывальнасць. Экскурсія каштуе турыстам 15 еўра, а чарапахам — спакойнага жыцця.

Кішэню эканомных турыстаў выратоўвае не толькі адмова ад модных і бескарысных экскурсій, грэчка, якую прывезлі з дому, інжыр, які можна цішком нарваць з дрэва каля дарогі, але і пазбяганне вясковых крам, бо, як мы практычна даведаліся, аўстаспынам можна даволі хутка даехаць да крамы Лідл і захаваць пару еўра на смачнае мясцовае віно і яшчэ адзін кавалачак фету.

На дваіх мы патрацілі 700 еўра з улікам дарогі да Варшавы ў абодва бакі. З іх 190 еўра мы аддалі за жыллё ў кемпінгу за 14 дзён, а астатняе сышло на ежу і пералёт.

Спланаваць адпачынак можна і не звяртаючыся да турыстычных кампаній. Гэта значна беражэ гаманец, адкрывае шлях для прыгод і незвычайнага досведу, дазваляе сутыкнуцца з рэчаіснасцю турыстычнага месца з нетурыстычнага боку.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: