«Дзядзька Сцёпа — міліцыянер»

Cамай рэзананснай падзеяй мінулага тыдня стала самагубства (ці забойства) супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгена Патаповіча. На наступны дзень пасля здарэння на сайце МУС з’явіўся каментар: «Супрацоўнікі органаў унутраных спраў зробяць усё, каб тыя, хто здзейсніў гэтае злачынства, паўсталі перад судом. Пакаранне павінна быць адэкватнае зробленаму».

Перад гэтым Патаповіч напісаў у вайбер, што яго выкралі ромы. За што і навошта — незразумела да гэтага часу. Але міліцыя пачала аблавы ў цыганскіх пасёлках, масавыя затрыманні, збіццё жыхароў. А потым міліцыя заявіла, што разглядае «версію пра суіцыд».

Па-першае, версія пра суіцыд дзіўная, таму што, паводле інфармацыі Следчага камітэта, рукі супрацоўніка ДАІ былі скаваныя кайданкамі. Па-другое, гэта вельмі нагадвае справу салдата Коржыча, які нібыта павесіўся з майкай на галаве... Можна задаваць яшчэ шмат пытанняў. Але гаворка не пра гэта.

Усе абураліся дзеяннямі міліцыянтаў, іх няздольнасцю ацаніць сітуацыю, масавымі затрыманнямі... А што вы хацелі, панове?

Ці вас не навучылі светлашумавыя гранаты ў 2006 годзе? Або брутальны разгон мітынгаў у 2010-м? Або дзеянні міліцыі ў 2017-м, падчас «недармаедскіх пратэстаў»? Або незлічоныя (можа не дзясяткі, а сотні тысяч) ілжэсведчанняў супрацоўнікаў міліцыі ў судах? Або недастаткова было «справы Барановіча», які спрабаваў адбіць звычайных людзей ад «людзей у цывільным», хоць гэтыя «цывільныя» дзейнічалі не па законе? Або недастаткова было таго, як хлопчыка прымушалі прасіць прабачэння перад статуяй гарадавога?

Незаконным дзеянням міліцыі — не адзін год. І чаму тут здзіўляцца? Мы пра аналагічныя выпадкі пісалі не адзін раз.

Зусім нядаўна я ў метро ўбачыў сцэну: бабуля гадоў 80–90 забылася, куды ёй ехаць. Са старымі такое бывае. Супрацоўнік міліцыі (не аховы метрапалітэна — менавіта міліцыянт), крычаў на яе: «Вы ведаеце, куды вам трэба? На якую станцыю?» Яна не магла гэта ўзгадаць, а ён проста на яе крычаў... «Дзядзька Сцёпа — міліцыянер» узяў бы яе за руку і праводзіў, куды ёй трэба... Але сучасны наш міліцыянт — не «дзядзька Сцёпа».

Можа, менавіта таму мы не верым міліцыі? Таму, што няма ў іх чалавечага стаўлення да нас, а, у выніку, і ў нас да іх?

Але не толькі гэтым жыве краіна. У яе мноства праблем. Не толькі нашых. Напрыклад, скандал з няякаснай нафтай з Расіі не скончыўся — толькі набірае абароты. Беларускі бок хоча яшчэ месяц для канчатковага вызначэння памеру шкоды, нанесенай у выніку паставак няякаснай нафты з Расіі, сказаў журналістам прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Раней папярэднія лічбы былі агучаныя — каля 100 мільёнаў долараў. Але Румас — вялікі аптыміст. Бо паводле інфармацыі расійскага боку — усё наогул толькі пачынаецца. Прыкладам, Расія і Польшча абмяркоўваюць спосабы і ўмовы ачысткі нафтаправода «Дружба» ад некандыцыйнай нафты, паведаміў журналістам віцэ-прэм’ер Расіі Дзмітрый Козак.

«З польскімі калегамі не атрымалася дамовіцца канчаткова па спосабах і ўмовах вызвалення нафтаправода ад некандыцыйнай нафты», — сказаў Козак, адзначыўшы, што ў гэтым пытанні вельмі шмат розных пытанняў.

«Нашы польскія партнёры папрасілі даць ім усе канчатковыя ўмовы на будучыню. Калі мы з усімі іншымі краінамі — Славакіяй, Венгрыяй, Беларуссю, Украінай — дамовіліся, што вырашаем тэхнічныя пытанні, фізічнае вызваленне нафтаправода ад некандыцыйнай нафты, то польскія калегі, нягледзячы на тое, што спачатку быў такі ж канструктыўны дыялог, раптам нечакана захацелі даведацца, якая зніжка будзе на гэтую нафту, і гэтак далей. Таму адбудуцца дадатковыя перамовы», — растлумачыў віцэ-прэм’ер.

Бакі дыскутуюць і пра тое, які аб’ём некандыцыйнай нафты Польшча павінна «выдаліць» з нафтапровада ў свае сховішчы, адзначыў Козак. Што да Беларусі, то раней паведамлялася: у нашых сховішчах каля мільёна тон «забруджанай» нафты.

«Пакуль яшчэ ідзе дыялог. У канцы красавіка дамовіліся, што кожная краіна возьме на сябе столькі нафты, колькі неабходна, каб вызваліць трубу. Але на сёння паўсталі пытанні па цане», — сказаў ён. «Гэта натуральныя пытанні, мы не драматызуем гэтую гісторыю. Я думаю, што мы знойдзем адпаведнае рашэнне. У канчатковым выніку ўся Усходняя Еўропа і Заходняя Еўропа зацікаўлены ў тым, каб нафтаправод як мага хутчэй вызваліўся», — сказаў на заканчэнне расійскі віцэ-прэм’ер.

Я не спецыяліст у нафтавай галіне, але проста падумаем. Пра тое, каб «вызваліць трубу» ад няякаснай нафты дамовіліся «ў канцы красавіка». Перамовы працягваюцца. Значыць, няякасная нафта яшчэ ў трубе? Калі вырашаюцца «пытанні спосабу фізічнага вызвалення нафтаправода ад некандыцыйнай нафты», значыць, яна ўсё яшчэ там? А мы губляем грошы?

Праблема гэта сур’ёзная. Настолькі, што, па паведамленнях ТАСС, Масква ўспомніла пра доўг Беларусі за «растваральнікі». Як піша інфармагенцтва, прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў абмяркуе ў пятніцу ў Маскве з тым жа Румасам пытанні супрацоўніцтва, у ліку якіх будуць і тэмы запазычанасці Мінска перад Масквой ад рэалізацыі схемы з «растваральнікамі», а таксама праблемы вакол бруднай нафты ў «Дружбе».

Праблема з «растваральнікамі» датаваная 2010–2012 гадамі. Хімічная прадукцыя («растваральнікі і разбавіцелі складаныя арганічныя» і «змазачныя матэрыялы») не трапляла ў разрад нафтапрадуктаў, у выніку расійскі бюджэт неда­атрымліваў экспартных пошлін.

Раней не зважалі на гэта, і дамову пра ЕАЭС падпісалі. Настолькі ўсё сур’ёзна?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!