Дзякуй, што не ў газавыя камеры…

Сёння Дзень Маці. А пазаўчора мамам і бабулям пырскалі ў твары газам, іх штурхалі, на іх замахваліся дубінкамі. Некаторых жанчын дзеці павіншуюць са святам за кратамі ці з-за кратаў. Такое ўражанне, што ў тых, хто гэта робіць — б'е, здзекваецца, прыніжае — ніколі не было маці.


Не ведаю, у чыёй хворай галаве з’явілася думка разганяць пенсіянераў, дый ведаць не хачу. Тое, што ўсе пабачылі 12 кастрычніка, калі немаладым людзям здаровыя дзецюкі распылялі газ у твар і стралялі, проста не мае цэнзурнай назвы. 

Што далей? Дзяцей у кайданкі? Было. Не было пакуль канцлагераў ды газавых камер. Каму за гэта падзякаваць? Хто той дабрадзей, які зрабіў нашу Беларусь краінай людзей з дубінкамі? Людзі з дубінкамі сёння шчыруюць па ўсіх напрамках, і нават, кажуць, што гатовыя страляць баявымі. Што ж — выдатны фінал для таго, каго нібыта падтрымлівае большасць.

Людзі з дубінкамі ў літаральным і пераносным сэнсе сёння думаюць, што яны і ёсць краіна. Бо гвалт, прыніжэнне і жывёльны страх — іх звычайны стан, фактычна, іх сутнасць. Здзекавацца як дыхаць, хлусіць як бачыць, а яшчэ — злавацца на ўвесь свет і вар’яцець ад думкі, што хтосьці мае смеласць і гонар быць свабодным ці прагнуць свабоды.

Але краіна — не яны. Беларусь — гэта светлыя прыгожыя людзі розных узростаў і прафесій, якія выходзяць на вуліцы, каб мірна сказаць сваё «НЕ» людзям з дубінкамі. Гэта тыя смелыя людзі, якія нягледзячы на ціск і пагрозы кожны дзень выступаюць з адкрытымі зваротамі супраць таго, што адбываецца ў краіне: навукоўцы, спартоўцы, рабочыя… Хтосьці па-партызанску кожную ноч аздабляе бел-чырвона-белымі колерамі нашы вуліцы і паркі.

І колькі б іх ні білі, ні палівалі вадамётамі, ні разганялі светлашумавымі гранатамі і гумовымі кулямі, яны не спыняцца. Бо тады ў краіне запануюць людзі з дубінкамі. Запануе страх, прыніжэнне, гвалт.

Я глядзела, як чыесьці бабулі і дзядулі, мамы і таты з гонарам ішлі па праспекце Незалежнасці. А пасля бачыла, як яны спрабавалі выратаваць студэнтаў (чыіхсьці ўнукаў і дзяцей) ад амапаўцаў, як немаладыя людзі беглі адзін аднаму на дапамогу. Беглі як маглі, як дазваляла здароўе, але вельмі рашуча. І я бачыла, як людзі з закрытымі тварамі (хаця ці ж людзі гэта) замахваюцца на старых дубінкамі, пырскаюць бабулям газ у вочы, страляюць у дзядулю. А яны крычаць ім: «Фашысты!» «Пайшлі вон з нашай зямлі!».

Яны не разбягаліся ад газу і куль, яны не баяліся. Яны стаміліся баяцца. Чыесьці бабулі і дзядулі, мамы і таты. Нашы бабулі і дзядулі! Нашы мамы і таты! Наш гонар. Здароўя вам! І нарэшце вольнай краіны ўсім нам!

P.S.: Пасля маршу пенсіянераў мінчук Сяргей усю ноч шукаў сваю 59-гадовую маму. Яе затрымалі трое з тых, што «з дубінкамі», калі яна чакала сына. Ён мітусіўся паміж Акрэсціна і Савецкім РУУС, дзе яму хлусілі, што мамы ў іх няма. А 4-й раніцы яе завезлі на Акрэсціна. Але сын не змог перадаць ёй цёплыя рэчы і лекі, бо «перадачы дазволеныя толькі па чацвяргах». «Я турбуюся, што яна была лёгка апранутая. А яшчэ ў яе падымаецца ціск. На гэта на Акрэсціна мне адказалі, маўляў, у нас ёсць медпункт, калі ёй стане дрэнна — дапамогуць».

Такі вось Дзень маці атрымаецца. Цікава, а чым павіншуюць сваіх маці «людзі з дубінкамі»?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: