Дзяржава ў масцы: чаму ўлада ўсё часцей хавае свой твар

Аказваецца, балаклавы носяць не толькі супрацоўнікі АМАПу.

Многія беларусы ўжо прывыклі да знешняга выгляду супрацоўнікаў беларускага АМАПу: чорная альбо цёмна-зялёная форма, шчыты, дубінкі і абавязкова маска. Замест маскі часта выкарыстоўваецца балаклава-галаўны ўбор з прарэзамі для вачэй.

Менавіта так выглядалі сілавікі на нядаўніх акцыях пратэсту ў Менску.

Усяго некалькі месяцаў таму тыя ж супрацоўнікі АМАПа свабодна паказвалі свае твары. Яшчэ нядаўна амапаўцы важна расхаджвалі па цэнтральных вуліцах Менска і іншых буйных беларускіх гарадоў, зусім не хаваючыся.

Аднак пасля падзей 9-11 жніўня сітуацыя карэнным чынам змянілася.

Цяпер у масках ходзяць не толькі супрацоўнікі АМАПу, але і звычайныя міліцыянты-аператыўнікі мясцовых РАУС. Яны таксама вымушаныя хаваць свае асобы, выконваючы загады або нават проста патрулюючы вуліцы.

Апагеем стаў выпадак, калі супрацоўнік МНС прыехаў здымаць бел-чырвона-белы сцяг... у балаклаве!

Уся гэтая сітуацыя красамоўна кажа пра тое, што, выконваючы загады, гэтыя людзі падсвядома разумеюць, што ўжо даўно выйшлі за межы прававога поля. Яны падсвядома адчуваюць, што за іх дзеяннямі няма ні праўды, ні справядлівасці.

У гэтай сітуацыі маска — больш не сімвал застрашвання або беспакаранасці, а прыкмета слабасці і страху. Чым больш прадстаўнікоў улады хавае свае твары за маскамі, выконваючы загады, тым больш на самай справе трашчыць па швах сістэма, якую яны абараняюць. Такі вось парадокс.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: