Дзяржорганы выступілі супраць законапраекта аб падтрымцы беларускай мовы (фота)

Дзяржорганы выступілі супраць законапраекта аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Яго падрыхтавала дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, піша «Еўрарадыё».

Графіці ў Слоніме перад беларускім святам выканалі на рускай мове / slonves.by

У красавіку яна накіравала праект у розныя структуры з прапановай уключыць яго ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год і ўжо пачала атрымліваць адказы. "Як і меркавала, падтрымкі і разумення чакаць не выпадае", — піша на сваёй старонцы ў Facebook Анісім.

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь пры Адміністрацыі прэзідэнта звярнуўся ў шэраг "зацікаўленых" дзяржаўных органаў наконт "магчымасці распрацоўкі праекта Закона і яго наступнага прыняцця". Яны пагадзіліся з неабходнасцю развіцця беларускай мовы, але выступілі супраць уключэння законапраекта ў план на наступны год. Чаму? Бо "пытанні ўжывання беларускай мовы ўрэгуляваны дзеючым заканадаўствам у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь".

Пра тое, як гэтыя пытанні "урэгуляваны", сведчыць нядаўны скандал у Слоніме. Сёлета там пройдзе свята — Дзень беларускага пісьменства і друку. Недалёка ад галоўнай пляцоўкі днямі з'явілася вялізнае графіці з надпісам на... рускай мове.


Фота з Фэйсбука Алены Анісім


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!