Дзяржпагранкамітэт: Беларусаў прапускаюць на тэрыторыю краіны

Беларусаў прапускаюць на тэрыторыю нашай краіны, паведаміў TUT.BY раніцай 30 кастрычніка прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі.
Фота Кацярыны Гардзеевай

Фота Кацярыны Гардзеевай

— Грамадзян Беларусі на тэрыторыю рэспублікі прапускаюць. Ёсць абмежаванні ў дачыненні да фізічных асоб, якія прыязджаюць і плануюць прыязджацьз тэрыторый суседніх з намі дзяржаў. Ёсць паўнамоцтвы ў памежнікаў прымаць у тым ліку і прыватныя рашэнні ў залежнасці ад сітуацыі, якая складваецца з тымі, хто перасякае мяжу, — сказаў прадстаўнік ДПК.

Іншыя падрабязнасці ў ведамстве пакуль не далі.

Тым часам Мінсктранс паведаміў, што з 7.00 30 кастрычніка адноўлена выкананне рэйсаў па міжнародных маршрутах, прыпыненае напярэдадні вечарам.

Пры гэтым у Мінсктрансе звярнулі ўвагу, што ўезд на тэрыторыю Беларусі часова абмежаваны для асобных катэгорый грамадзян і рэкамендавалі шукаць падрабязнасці на сайце ДПК. У Мінсктрансе пакуль не змаглі адказаць на пытанне, якія катэгорыі грамадзян не прапусцяць на тэрыторыю краіны.

У МЗС краіны пакуль таксама няма падрабязнасцяў па сітуацыі.

Што адбылося

29 кастрычніка ў другой палове дня ў рэдакцыю сталі паступаць паведамленні ад карыстальнікаў пра тое, што беларусы не могуць вярнуцца ў краіну як мінімум з Польшчы і Літвы: іх разварочваюць на мяжы. Пазней з'явілася інфармацыя аб такіх жа праблемах і на мяжы з Украінай і Латвіяй.

У Дзяржпагранкамітэце ўчора паведамілі, што з-за эпідэмічнай абстаноўкі часова абмежаваны ўезд з краін-суседак на тэрыторыю Беларусі праз наземныя пункты пропуску асобных фізічных асоб.

«У сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай у сумежных краінах Беларусь часова абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю праз наземныя пункты пропуску асобных катэгорый фiзiчных асобаў з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны», — заявілі ў ведамстве.

Пад абмежаванні не падпадаюць: супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, дакументаваныя дыпламатычнымі і службовымі пашпартамі; вадзіцелі транспартных сродкаў, прызначаных для выканання міжнародных аўтамабільных перавозак; члены цягніковых і лакаматыўных брыгад міжнародных чыгуначных зносін.

Разам з тым пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Мінск функцыянуе без абмежаванняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: