Дзяўчыну выклікалі адразу ў тры мінскія суды за плакат «Самі вы падробка»

Сузаснавальніца гендэрнага праекту Makeout Віка Біран 24 траўня выйшла з плакатам «Самі вы падробка» да мінскага Дому ўраду і будынкаў Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Як сцвярджае яе знаёмы на Facebook, яе за гэта чакаюць тры суды ў розных раёнах, паведамляе «Радыё Свабода».

Віка Біран апублікавала тры фота — па адным каля кожнага з будынкаў. Спачатку ёй прыйшла позва за «масавае мерапрыемства — адзіночны пікет» з РУУС Маскоўскага раёну, у якім знаходзіцца Дом ураду.

Але пасля прыйшлі позвы з яшчэ двух раёнаў: Цэнтральнага, у якім знаходзіцца будынак МУС, і Ленінскага, у якім знаходзіцца сквер насупраць КДБ (сам будынак КДБ у Цэнтральным раёне).

Як сцвярджае сябра Біран Нік Анціпаў, цяпер яна знаходзіцца з навучальным візітам у ЗША, таму не можа прысутнічаць на судах. Яна ўжо прасіла перанесці дату суду на час, калі вернецца са Злучаных Штатаў.

Яна таксама дапускала, што кожнае фота з паста будуць разглядаць як асобнае правапарушэнне. За парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў паводле арт. 23.34 КаАП пагражае штраф да 40 базавых велічыняў — 980 рублёў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: