Дзмітрый Чарных: Пенсійная рэформа парушае правы чалавека і Канстытуцыю краіны (аўдыё)

У выніку пенсійнай рэформы, якая ажыццяўлялася на працягу двух мінулых гадоў, адбылося павелічэнне пенсійнага ўзросту, узросту для атрымання сацыяльнай пенсіі і тэрміну сацыяльнага стажу.
Дзмітрый Чарных, фота з фб

Дзмітрый Чарных, фота з фб

І калі павелічэнне пенсійнага ўзросту выклікала шырокі грамадскі рэзананс, то іншыя змены ў пенсійным заканадаўстве засталіся амаль незаўважнымі. Так, пра тое, што тэрмін страхавога стажу за кароткі час павялічыўся больш як у тры разы, многі грамадзяне даведаліся толькі тады, калі звярнуліся за прызначэннем пенсій.

Наступствы пенсійнай рэформы з’яўляюцца адной з прыярытэтных тэмаў у працы рэспубліканскага праваабарончага аб’яднанння “Беларускі Хельсінкскі камітэт”. Юрыст арганізацыі Дзмітрый Чарных у інтэрв’ю сайту ПЦ “Вясна” распавёў, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца ў працы па гэтым накірунку і якія захады прымаюць для іх вырашэння. 


— Распавядзіце, калі ласка, пра новыя правілы пенсійнага забеспячэння. Чаму яны парушаюць правы чалавека?

— Да 2014 года, каб мець права на атрыманне працоўнай пенсіі, дастаткова было 5 гадоў страхавога стажу, гэта значыць, на працягу гэтага перыяда выплачваць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.  Але ў выніку пенсійнай рэформы за два наступныя гады страхавы стаж павялічыўся з 5 да 15,5 гадоў, то бок больш, чым у тры разы. Да таго ж, як і з пенсійным узростам, прадугледжана паступовае павелічэнне гэтага стажу кожны год яшчэ на паўгода. Такім чынам, у 2025 годзе патрабаванне аб страхавым стажы будзе складаць 25 гадоў.

Гэтая рэформа парушае канстытуцыйнае права грамадзян на годны ўзровень жыцця і на сацыяльнае і пенсійнае забеспячэнне. Змены закранулі тых грамадзян, якія доўгі час займаліся грамадска-карыснай дзейнасцю, якая, у сваю чаргу, не ўключаецца ў страхавы стаж. Гэта маці, якія знаходзіліся ў адпачынку па дагляду за дзіцём да трох гадоў, людзі, якія даглядалі інвалідаў першай групы.

Таксама ў страхавы стаж не ўключаюцца перыяды вайсковай службы, службы ў органах унутраных спраў, у іншых сілавых структурах у выпадку, калі гэтыя людзі не атрымалі сваю прафесійную пенсію за выслугу гадоў. Напрыклад, калі чалавек адпрацаваў на службе не 20 гадоў, як патрабуецца, а 19, то увесь гэты тэрмін не ўключаецца ў страхавы стаж. І гэта значыць, што такому чалавеку трэба ў тэрміновым парадку працаўладкоўвацца і напрацоўваць страхавы стаж (15,5 гадоў), бо ў адваротным выпадку ён будзе пазбаўлены права на працоўную пенсію. Гэтай катэгорыі грамадзян трэба будзе чакаць прызначэння сацыяльнай пенсіі, памер якой, дарэчы, на сённяшні дзень складае 90 рублёў, што не дацягвае да бюджэту пражытковага мінімуму.

Праблема заключаная ў тым, што ўсе гэтыя групы грамадзян на працягу доўгага часу былі ўпэўненыя, што па дасягненні пенсійнага ўзросту яны атрымаюць пенсію. Але заканадаўства раптоўна змяніліся, і многія людзі сталі атрымліваць адмовы ў яе прызначэнні.

— Колькі чалавек, па вашых дадзеных, атрымалі адмову ў атрыманні пенсіі ў сувязі з павышэннем страхавога стажу?

— Па ацэнках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, такіх людзей зараз не менш за 1 000. Гэта дастаткова вялікая колькасць і яна будзе пастаянна павялічвацца па меры таго, як людзі будуць дасягаць пенсійнага ўзросту і звяртацца за прызначэннем пенсіі.

— Ці праходзілі ўвогуле якія-небудзь публічныя абмеркаванні, датычныя павышэння страхавога стажу?

— У адрозненні ад тэмы павышэння пенсійнага ўзросту, якая актыўна абмяркоўвалася ў СМІ, павышэнне страхавога стажу прайшло амаль незаметна. Прыняццё адпаведных указаў асабліва нідзе не афішавалася, яны былі зразумелыя толькі тым людзям, якія непасрэдна працуюць у аддзелах сацыяльнага забеспячэння, ну а простых людзей ніхто не інфармаваў. Мы лічым, што падобныя пытанні абавязкова павінны абмяркоўвацца, напрыклад, праз парламенцкія слуханні, праз шірокія грамадскія дыскусіі. Дарэчы, пра гэта кажа і Камітэт ААН па сацыяльна-эканамічных і культурных правах.

Трэба падкрэсліць, што змены ў пенсійнае заканадаўства ўнесены адпаведнымі ўказамі прэзідэнта. Але справа ў тым, што сёння адначасова дзейнічае два нарматыўных акта адносна страхавога стажу, якія супярэчаць адзін аднаму. Гэта Закон аб пенсійным забеспячэнні, які прадугледжвае 10 гадоў страхавога стажу, і Указ прэзідэнта №570, у якім ідзе гаворка ўжо пра 16 гадоў такога стажу з 2017 года. БХК лічыць, што павінны прымяняцца палажэнні закону, бо на яго ёсць прамая спасылка ў Канстытуцыі. Але суды лічаць, што ўказы Прэзідэнта вышэйшыя за законы, і таму прымяняюць палажэнні ўказаў.

— Якія дзеянні прадпрымае Беларускі Хельсінскі камітэт для, каб змяніць сітуацыю?

— Мы звярталіся ў Парламент з рознымі прапановамі, у тым ліку з прапановай, каб на людзей, якія зараз знаходзяцца ў перадпенсійным узросце, не распаўсюджваліся новыя правілы. Але парламентарыі адказалі нам, што не бачуць праблем у павышэнні страхавога стажу і яшчэ раз падкрэслілі, што нормы ўказаў мацнейшыя за нормы законаў. Зараз мы рыхтуем зварот у Адміністрацыю прэзідэнта, дзе плануем абгрунтаваць гэтую праблему з пункту гледжання палажэнняў Канстытуцыі і міжнародных стандартаў. Таксама нам вельмі важна праінфармаваць як мага большую колькасць людзей аб існаванні такой праблемы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!