Дзверы на ключ. Што адбываецца на закрытым судзе над журналісткай Барысевіч і лекарам Сарокіным?

22 лютага прайшло другое пасяджэнне крымінальнага працэсу аб выдачы медыцынскай таямніцы пра тое, што забіты актывіст Раман Бандарэнка быў цвярозы, распавядае «Свабода».

Другое судовае пасяджэнне пачалося ў 10.30. Працэс вядзе суддзя Святлана Бандарэнка, дзяржаўны абвінаваўца — Людміла Іваненка, Арцёма Сарокіна абараняе адвакат Вольга Бацюк, Кацярыну Барысевіч — Андрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук.

Працэс праходзіць за зачыненымі дзвярыма — так на першым пасяджэнні вырашыў суд.

22 лютага на пасяджэнне выклікалі сведкаў. Першым з іх стаў лекар шпіталя хуткай дапамогі, які лячыў Рамана Бандарэнку. Паводле яго слоў, выклікаць будуць усіх, хто аказваў яму медыцынскую дапамогу.

Допыт першага калегі Арцёма Сарокіна доўжыўся каля 40 хвілін. З яго ўзятая падпіска аб невыдаванні, таму ён распавёў мала:

«Што сказаць? Самае страшнае адбылося нашмат раней, чым "раскрыццё лекарскай таямніцы". Рады, што ўбачыў Арцёма. Ён і Кацярына трымаюцца бадзёра».

Да 12-ай гадзіны скончыўся допыт трох сведкаў-лекараў. Пасля перапынку на абед дапыталі яшчэ двух.

Суд над журналісткай і лекарам можна назваць зачыненым і ў прамым сэнсе гэтага слова: кожны раз пасля таго, як нехта заходзіць у залю, дзверы замыкаюць на ключ. Побач на працягу дня дзяжураць прадстаўнікі сілавых структур: міліцыянты ў форме або супрацоўнікі ў цывільным.

Таму ў зале пасяджэння практычна нікога няма. У першы дзень падтрымаць лекара і журналістку прыйшло больш за 100 чалавек.

Крымінальную справу ў дачыненні да Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна распачалі 19 лістапада 2020 года. Іх абвінавацілі ў разгалошванні медычнай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула цяжкія наступствы. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — тры гады пазбаўлення волі.

13 лістапада пад аўтарствам Кацярыны Барысевіч выйшаў артыкул, у якім, са спасылкай на медыцынскія дакументы і каментар лекара, сцвярджалася, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было выяўлена спірту. Пры гэтым Лукашэнка заяўляў, што памерлы хлопец быў п’яны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: