Эфект выканаўцы

Зрэзаць бел-чыровона-белыя стужкі з плота, спілаваць дрэва, на якім вывешваюць сцяг, скрасці чужую вопратку, бо яна «няправільнага колеру», раскідаць знічкі, звольніць нязгодных, адлічыць свавольных… Збіць, пасадзіць за краты, забіць… Забараніць пець, думаць, дыхаць…


Барацьба з колерамі, сімваламі, з нязгоднымі, з праўдай. Барацьба з дабром і салідарнасцю. Гэта не сюррэалістычная будучыня — гэта наша рэчаіснасць.

Ля Фаніпаля спілавалі дрэва, бо раз за разам на ім з’яўляўся нацыянальны сцяг. Наўпрост з балкона адной з мінскіх кватэр зніклі белыя і чырвоныя майткі. У мікрараёне Усход у Мінску зрэзалі мясцовую славутасць — эйфелеву вежу, бо стаміліся зафарбоўваць.


Калі вывозілі кветкі і лампадкі з Плошчы перамен, Уладзімір Бейшэр, кіроўца УП «Рэмаўтадар Цэнтральнага раёна», адмовіўся гэта рабіць, адмовіўся і яшчэ адзін кіроўца. А можа, і не адзін. На наступны дзень Уладзімір напісаў заяву на звальненне. Не кожны выратавальнік пагаджаецца выязджаць здымаць сцягі, шмат іх звольнілася. Не кожны муляр замалёўвае Пагоню. Не думаю, што лёгка знайшлі таго, хто згадзіўся зрэзаць вентыль для Новай Баравой.

Аднак дзень за днём на вуліцы краіны выходзяць сотні простых выканаўцаў з фарбамі і пэндзлямі, з піламі, нажніцамі, сякерамі, зварачнымі апаратамі і яшчэ шмат з якім інструментам. Дзень за днём яны выконваюць бязглуздыя незаконныя распараджэнні сваіх начальнікаў, а тыя — сваіх начальнікаў, а тыя — сваіх. І нібыта ніхто не вінаваты.

«А што я магу зрабіць? Я чалавек паднявольны. Мяне ж звольняць, не выпішуць прэмію, не працягнуць кантакт», — апраўдваюцца выканаўцы і ідуць фарбаваць, зразаць, пілаваць. Ніхто з іх нават на секунду не задумаўся, а што ж сапраўды адбудзецца, калі ён адмовіцца — калі ўсе адмовяцца! — выконваць бязглуздыя загады.

Усё, што адбываецца сёння ў краіне, вынік ужо не выбрыкаў Лукашэнкі. Гэта вынік баязлівасці і бязглуздасці выканаўцаў. Выканаўцаў на розных узроўнях і ў розных сферах, выканаўцаў з цёплых кабінетаў і халодных цэхаў. Яны штодзень прыдумваць дзясяткі апраўданняў сваёй баязлівасці, і кожны раз з зайздрасцю глядзяць у след тым, хто не шукаў апраўданне, а проста сказаў: «Не, я не буду гэта рабіць». Гэта так проста — сказаць «не». Не трэба ісці пад кулі і дубінкі, не трэба наогул нічога рабіць. Сістэму разваліць менавіта «не»: не буду здымаць, не стану звальняць, не збіраюся парушаць закон, не хачу хлусіць, не магу збіваць. Не буду страляць!

«Беларускі парадак» трымаецца сёння толькі на баязлівых выканаўцах. І кожны раз, калі хтосьці з сумленных людзей адмаўляецца выконваць бязглузды загад, мы становімся на крок бліжэй да новай Беларусі. Бо калі твае загады масава сабатуюцца — ты становішся нікім. У якой бы рэзідэнцыі і пад якой бы аховай ні знаходзіўся.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: