ЕГУ могуць пазбавіць акрэдытацыі ў Літве

ЕГУ могуць не акрэдытаваць у Літве, а значыць, універсітэт не зможа працаваць. Пра гэта, а таксама пра тое, што абраны новы рэктар, НЧ даведаўся з уласных крыніц.

Акцыя пратэсту студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пасля закрыцця ЕГУ ў Мінск, 5 жніўня 2004 г. Фота: bymedia.net

Як стала вядома нашаму выданню, в.а. рэктара ЕГУ Ёргенсан паведаміў студэнтам не самыя радасныя навіны наконт  бягучай сітуацыі ва ўніверсітэце. Камісія SKVC (Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі Літвы) прадставіла справаздачу па выніках знешняй інстытуцыйнай ацэнкі ўніверсітэта. Найбольш раскрытыкаваныя былі стратэгічны менеджмент і навуковая дзейнасць у ЕГУ. Камісія не рэкамендуе ЕГУ да акрэдытацыі. Аднак фінальнае рашэнне аб прадастаўленні ўніверсітэту акрэдытацыі будзе прынята ў бліжэйшыя дні, абяцаюць ў ЕГУ.

Між тым, адміністрацыя запэўніла студэнтаў, што ў выпадку адмовы ЕГУ ў акрэдытацыі, універсітэт так ці інакш працягне сваю працу.

Спадар Ёргенсан, відаць, спадзяецца залагодзіць сітуацыю шляхам перамоваў з урадам Літвы. Ён верыць, што гэтае пытанне будзе паспяхова вырашана, улічваючы важнасць ЕГУ як палітычнага праекту.

Нягледзячы на тое, што сумеснай праграме ЕГУ і Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Каўнасе "Сусветная палітыка і эканоміка" па выніках знешняй ацэнкі было адмоўлена ў акрэдытацыі, студэнты змогуць давучацца па гэтай праграме і атрымаць дыплом. Але новага набору не будзе.

ЕГУ звярнуўся ў Міністэрства адукацыі Літвы з просьбай дазволіць ужо прынятым на праграму студэнтам 1, 2 і 3 курсаў скончыць навучанне. У якасці альтэрнатывы, спадзяюцца ў ЕГУ, можа быць прапанаваны варыянт перавод студэнтаў пастаяннай формы навучання ў Каўнас. Таксама сярод магчымых варыянтаў былі агучаны пераход на іншую праграму ў ЕГУ ці вочнае навучанне ў Каўнасе.

Спадар Ёргенсан таксама паведаміў, што завяршае сваю працу ў якасці выконваючага абавязкі рэктара ЕГУ. Іншы кандыдат, які быў абраны на пасаду рэктара ЕГУ, прыняў умовы супрацоўніцтва з універсітэтам, але яго імя не будзе агучана да завяршэння працэсу акрэдытацыі.

Кіраўнічая рада ЕГУ выступіла з афіцыйнай заявай у сувязі са справаздачай аб інстытуцыйнай ацэнцы Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі: "Кіраўнічая рада Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) не згодная з вынікамі аб адмоўнай інстытуцыйнай ацэнцы ўніверсітэта.

Па меркаванні ЕГУ, рэформы, што былі ажыццяўлены ва ўніверсітэце ў 2015–2017 гадох, забяспечылі істотнае развіццё стратэгічнага кіравання, вучэбнай і навуковай дзейнасці, што было прызнана донарамі падчас Донарскай канферэнцыі ў лістападзе 2017 года.

Будучы адзіным універсітэтам у выгнанні ў свеце, ЕГУ зведаў значныя рэформы стратэгічнага кіравання, а таксама ўкараніў новы Стратэгічны план на 2016–2021 гады. Стратэгічны план быў распрацаваны ў цесным узаемадзеянні з Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) і на падставе рэкамендацый Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі, прадстаўленых у рамках інстытуцыйнай ацэнкі ўніверсітэта ў лютым 2015 года. Кіраўніцтва ЕГУ шкадуе, што ў сваёй справаздачы Цэнтр не ўлічыў палітычную важнасць універсітэта для Беларусі", — адзначаецца з заяве. Таксама паведамляецца, што караўніцтва ЕГУ "прыкладае ўсе намаганні дзеля вынясення станоўчага рашэння па пытанні інстытуцыйнай ацэнкі, з мэтай забеспячэння далейшай працы ўніверсітэта ў Вільні".

НЧ будзе паведамляць пра далейшае развіццё падзей. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!