«Экацыду не будзе». Беларусь і Украіна абмеркавалі рэалізацыю злучэння Балтыйскага і Чорнага мораў

Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка заяўляе, што для таго, каб канчаткова зацвердзіць праект стварэння трохбаковага воднага транспартнага шляху ад Балтыйскага да Чорнага мора праз Прыпяць, да абмеркавання далучаць экалагічную грамадскасць, паведамляе Радыё Свабода.
«Мы ўжо падключылі міжнародныя фінансавыя структуры — тэхнічны аўдыт выконваў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Павінны быць і грамадскія слуханні, калі мы гаворым на перспектыву шырокага развіцця калідору Украіна — Беларусь — Польшча, які патрабуе сур’ёзных выдаткаў. Спрэчкі, канечне, будуць. Але гэты праект — перспектыва развіцця транзіту і адкрыцця новых маршрутаў з Балтыйскага ў Чорнае мора. Пытанне — у прыярытэтах. Мы будзем пераконваць, тлумачыць, даказваць», — сказаў Аляксей Аўраменка сёння на прэсавай канферэнцыі ў Жытоміры.

У сваю чаргу, міністр інфраструктуры Украіны Уладзіслаў Крыклій дадаў, што ўкраінскі бок з наступнага году пачне выконваць працы па паглыбленні дна на рацэ Прыпяць на сваёй тэрыторыі:

«Паводле папярэдніх разлікаў, на паглыбленне дна да 2,65 метра патрэбна прыблізна 20–30 мільёнаў еўра. І яшчэ прыкладна столькі ж, калі мы гаворым пра большыя глыбіні».

Украінскі міністр дадаў, што адпаведнае фінансаванне з бюджэту будзе прадугледжана з наступнага году пасля ўхвалення парламентам закону аб унутраных водных шляхах.

«Гэта прагрэсіўны законапраект, у якім, па аналогіі з дарожным фондам, у бюджэце будуць абароненыя артыкулы па фінансаванні рэчак. Бо гэта не толькі працы дзеля паглыблення дна, а і падтрыманне і забеспячэнне шлюзаў. Вялікі працэс, які патрабуе вялікага фінансавання. Беларусь сапраўды лепш падрыхтаваная, але і на нашым баку цяпер будуць адбывацца працы — мы праводзім тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, вывучаем у тым ліку і пытанні экалогіі, каб потым не было ніякіх заўваг, што мы нібыта не ўлічылі нейкія рызыкі і зрабілі экацыд. Наша мэта — хутка рухацца», — дадаў Уладзіслаў Крыклій.

Абодва міністры падкрэслілі, што праект будзе найбольш выніковым і эфэктыўным, калі ён будзе трохбаковы. «Тады мы зможам забяспечыць сувязь паміж Балтыйскім і Чорным морам, і тады наагул будзе кардынальна змененая сітуацыя ў транспартных маршрутах. Мы будзем падганяць і Польшчу, але адначасова будзем напрацоўваць транспартнае злучэнне, каб ужо можна было імпартаваць і экспартаваць абедзвюм краінам. Бо рачныя перавозкі, па-першае, найбольш даступныя з пункту гледжання цаны, па-другое — гэта дакладна выратуе нашые дарогі, і найгалоўнае — гэта пытаньне экалогіі, таму што яны найбольш экалагічныя. Таму тут дакладна выйграюць абодва бакі», — патлумачыў міністар інфраструктуры Украіны.

Сустрэча міністраў транспарту Беларусі і Украіны адбылася ў межах другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які сёння адкрыўся ў Жытоміры.

На дзвюх цэнтральных плошчах абласнога цэнтру — Саборнай і Міхайлаўскай — два дні будуць працаваць выстаўкі вялікагабарытнай тэхнікі беларускіх і ўкраінскіх вытворцаў, а таксама вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва абедзвюх краін.

Адначасова цягам усяго дня прадстаўнікі рэгіёнаў Беларусі і Украіны праводзяць кансультацыі пра магчымасці і ўмовы павелічэння ўзаемнай прысутнасці на нацыянальных рынках, у тым ліку машынабудаўнічай, сельскагаспадарчай і транспартнай прадукцыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, у рамках другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны плануецца да папісання больш як 200 кантрактаў.

Чакаецца, што заўтра на пленарнае пасяджэнне форуму прыедуць кіраўнікі дзяржаў — Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: