Экалагічнае ноу-хау: бомба для экалогіі Случы?

Жыхары Слуцкіх вёсак змагаюцца супраць вытворчасці па біялагічнай ачыстцы.

Яшчэ ў верасні 2016 года жыхары вёсак Адамова-1, Адамова-2, Паўлаўка, Рудня, Жылін Брод перадалі ў Слуцкі райвыканкам Больш за 200 подпісаў супраць адкрыцця вытворчасці па біялагічнай ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў. І да гэтага часу не атрымалі адказу.

Пляцоўка па біялагічнай ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў павінна паўстаць на ўчастку ваеннага гарадка ў 6 кіламетрах ад вёскі Адамова, што месціцца ў лясным масіве Слуцкага раёна. Вытворчасць арганізоўвае таварыства з дадатковай адказнасцю «Віцень». ТДТ «Віцень» збіраецца займацца сваёй дзейнасцю на закінутым ўчастку, які скарыстоўваўся Міністэрствам абароны ў якасці палігона.

Праблема ў тым, што прамысловая пляцоўка знаходзіцца на тэрыторыі Слуцкага лясгаса на водазборы ракі Случ, русла якой знаходзіцца ў 2 кіламетрах ад біялагічнай вытворчасці.

Згодна інфармацыі, атрыманай ад дырэктара прадпрыемства «Віцень», нафтазабруджаныя грунты павінны прывозіцца на самазвалах з усёй Мінскай вобласці і апрацоўвацца на палігоне расійскім біялагічным прэпаратам «Дэстройл».

Прывезены забруджаны грунт будзе складзіравацца ў насыпы — адвалы вышынёй да 40 см на пляцоўцы плошчай каля 5 га на засцеленую цвёрдай паліэтыленавай плёнкай таўшчынёй ў 1, 5 мм паверхню, і праходзіць папярэднюю ачыстку ад механічных дадаткаў — камянёў, кавалкаў дрэва, будаўнічага лому, — праінфармаваў пра вытворчы працэс дырэктар вытворчасці Алег Аляксандравіч Віцень. — Пасля выраўнены грунт будзе падвяргацца апрацоўцы біяпрэпаратам, ўздзеянню мікробнай асацыяцыі азотна-фосфарных угнаенняў і палівацца вадой для падтрымання неабходнай вільготнасці. Пасля ў гэты грунт высейваюцца травы. Працэс ачысткі складае 60-90 сутак, а максімальны аб’ём ачысткі павінен складаць не больш за 15000 тысяч тон за год.

Па словах кіраўніка, санітарна-гігіенічная зона для такого аб’екту, згодна з патрабаваннямі, складае ўсяго 50 метраў. Таксама там будзе адбывацца ўтылізацыя рэшткаў будынкаў, якія засталіся ад выбухаў снарадаў, і перапрацоўвацца будаўнічае смецце, якое было пакінута пасля выбухаў боепрыпасаў. Гэтыя землі перададзены ТДТ «Віцень» у доўгатэрміновую арэнду на 20 гадоў.


Здаецца, знешне ўсё выглядае добра: біялагічная вытворчасць — як прыкмета сучаснасці, ды яшчэ перапрацоўка будаўнічага смецця… Чаго ж баяцца людзі і некаторыя дзяржаўныя  арганізацыі, якія выступаюць супраць такога сучаснага прамысловага аб’екту?

У калектыўным звароце жыхары вёсак пішуць, што яны асцерагаюцца ўзнікнення экалагічнай катастрофы для ўсяго рэгіёну.

Георгій Ліхтаровіч — уладальнік летняга вясковага доміка, які купіў у вёсцы Адамова яшчэ 20 гадоў таму з-за спрыяльнай экалогіі, грыбоў і ягад, насцярожана паставіўся да станоўчай ацэнкі прамысловага праекта Слуцкім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.

— Мяне здзівіла абыякавасць Слуцкага райвыканкама да экалогіі свайго раёна, які аддае чыстую лясную зону пад незразумелую прамысловую дзейнасць, нягледзячы на тое, што тэрыторыя далучаецца да ляснога масіву і побач знаходзяцца водныя артэрыі, — асабліва Варонецкія балоты, на якіх распаўсюджваецца Закон аб ахове балот. Балота з’яўляецца вытокам ракі Случ, якая, у сваю чаргу, папаўняе воднае сховішча «Рудня», на беразе якога размешчаны дзіцячы санаторый «Сонейка». Пры такой зацікаўленасці райвыканкама я не здзіўляюся, што раённая санстанцыя фактычна дала «дабро», не ўнікаючы глыбока ў праблемы — распавёў уладальнік прыватнага дома. — Уважліва прачытаўшы ацэнку магчымай вытворчасці, я убачыў, што яна не выключае рызыкі для экалогіі, асабліва ў накірунку магчымага забруджвання грунтовых вод. Прывяду адно ацэначнае меркаванне Слуцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі даслоўна: «Учитывая возможности воздействия на грунтовые воды, необходимо проведение локального мониторинга подземных вод на объекте обезврежения отходов». Таксама ў заключэнні гаворыцца, што будуць арганізаваны кантэйнерныя пляцоўкі для збораў ліквідаў, а пасля іх патрэбна скарыстоўваць, альбо перапахаваць. Нам на сходзе дырэктар прадпрыемства распавядаў, што гэта будзе безліквідная вытворчасць, без аніякага забруджвання.

Мужчына лічыць, што у пратаколе грамадскага слухання не адлюстравана пазіцыя жыхароў навакольных вёсак, а таксама лясгаса і дзіцячага санаторыя:

У пратаколе толькі адна схема, няма ніякіх выказванняў, аргументаў. Не агучаны тыя праблемы, узнікнення якіх мы засцерагаемся. Дарэчы, пра «грамадскія слуханні» мы з жонкай даведаліся толькі выпадкова, напярэдадні сходу ў райвыканкаме. Знаходзіліся ў Слуцку ў гасцях у сваёй знаёмай і зазірнулі  ў газету «Слуцкі край», якую мы нават не выпісваем. Пра слуханні не ведаў нават старшыня нашага сельвыканкама, што ўжо гаварыць пра іншых людзей.


Адна з актыўных жанчын, якая збірала подпісы і якая пры сустрэчы з карэспандэнтам «НЧ» назвала сябе Аксанай, пасля сходу ў райвыканкаме, які адбыўся 1 лістапада, да гэтага часу не можа адысці ад «грамадскіх слуханняў» і баіцца назваць сваё поўнае прозвішча.

Дырэктар прадпрыемства прывёў з сабой мноства нейкіх людзей, якія не з’яўляюцца жыхарамі вёсак і якія перашкаджалі нам выступаць, нават пагражалі найбольш актыўным, — гаворыць спалоханая жанчына. — Таксама да гэтага часу мы не атрымалі адказу з Слуцкага райвыканкаму на наш калектыўны зварот, які падпісалі 200 чалавек і які мы перадалі на прыёме ў рукі начальніку аддзела будаўніцтва і архітэктуры Пятру Пятровічу Ціханенка 30 верасня. Да таго ж, пра грамадскія слуханні, якія праводзіліся ў будынку райвыканкама, а не па месцу жыхарства, мы даведаліся толькі па тэлефоне за некалькі дзён да мерапрыемства, і пажылыя вясковыя людзі не змаглі прысутнічаць на ім.

Меркаванні жыхароў знайшлі падтрымку ў супрацоўнікаў дзіцячага санаторыя «Сонейка» і кіраўніцтва Слуцкага лясгаса.


Пазіцыя Слуцкага лясгасу была выказана і на грамадскіх слуханнях: «Захаваць лес ад разбуральнага антрапагеннага ўздзеяння чалавека, захаваць рэдкія экалагічныя біятыпы расліннасці на месцы вытворчасці, не парушыць водны рэжым, чысціню ракі Случ».

Галоўны ляснічы Раман Станіслававіч Ажыгар 21 снежня ў гутарцы з карэспандэнтам «НЧ» яшчэ раз агучыў пазіцыю супрацоўнікаў сваёй арганізацыі і выказаў сумненні наконт экалагічнасці прамысловага аб’екту ў лясным масіве:

Нашы рэкі і лясы яшчэ не адышлі ад буйных свінакомплексаў, — гаворыць галоўны ляснічы. — Наша лясная гаспадарка працуе згодна еўрапейскай сертыфікацыі вядзення лясной гаспадаркі і абавязана захоўваць гэтыя параметры і пазбягаць хімічных вытворчасцяў пасярод лесу і каля вытокаў рэк. Я б паверыў у крайнюю неабходнасць гэткай вытворчасці, калі б яна была размешчана дзе-нібудзь каля нафтабазы, альбо каля нафтаперапрацоўцага завода, а тут падсоўваюць у лес на самы водараздзел паміж Прыпяццю і Случчу нафту. Нашы рабочыя, якія працуюць на лесапавале, падсцілаюць посцілкі пад бензапілы, каб не капнуў бензін і не нанёс шкоды. А нафта ёсць нафта. Не ўяўляю сабе, як самазвалы, запоўненыя зямлёй з нафтай, будуць звозіць гэтую хімію з усёй Мінскай вобласці ў слуцкі лес.

Наша мясцовасць вельмі шматпакутная. Тут у лясах і палях яшчэ па-ранейшаму знаходзяць снарады і ўзрываюць. Да таго ж, сюды прывозяць для падрыву снарады з іншых палігонаў Беларусі. На добры лад, Міністэрства абароны павінна было б навесці тут парадак, і пасля перадаць гэтыя землі лясніцтву, а не здаваць палігон для сумніўнай вытворчасці, каб спіхнуць з сябе адказнасць за тое, што тут ўзарвалася.

Намеснік дырэктара Слуцкага лясгаса па ідэалогіі Аляксандр Рыгоравіч Жылко таксама лічыць, што было б лепей, каб лес пакінулі ў спакоі:

Магчыма, раёну патрэбны гэтыя грошы і гэта выгадна для эканомікі — тут трэба разбірацца спецыялістам. Але лес ёсць лес. Ён павінен быць чыстым. Нашыя лясы лічацца лясамі прыродаахоўнай каштоўнасці. Тут з-за гэтых снарадаў і вайсковага палігону экалогія і так парушана, непатрэбна яе пагаршаць яшчэ болей, — лічыць намеснік дырэктара.


Грамадскі актывіст, сябра праваабарончай арганізацыі БХК Віталь Амяльковіч, да якога звярнуліся грамадзяне, асабіста сустрэўся з дырэктарам прадпрыемства Алегам Віценем, а таксама пазнаёміўся з слядамі яго дзейнасці на старонках СМІ.

Мяне насцярожвае, што дырэктар у гутарцы са мной не расказаў праўды пра тое, як ажыццяўляліся яго праекты ў ранейшых месцах дыслакацыі і чаму ён там доўга не затрымліваўся. Так, ён паведаміў мне, што такі праект ён ужо ажыццяўляў у Брэсцкай вобласці. Але, як стала мне вядома са СМІ, у сувязі з пратэстамі мясцовага насельніцтва (вёска Антонаўка ў Маларыцкім раёне) брэсцкі палігон зачынілі адразу ж пасля яго адкрыцця, а на палігоне пасля засыпкі грунта і апрацоўкі яго рэагентамі смурод стаяў невыносны.

Выклікае заклапочанасць і выбранае месца — сэрца ляснога масіву, Варонецкія балоты, водараздзел паміж рэкамі, пачатак Случы і абыякавасць Слуцкага райвыканкама, які спіхнуў гэтую праблему на маладога начальніка аддзела будаўніцтва і архітэктуры, які не разумее, чаго людзі ад яго хочуць. Тут трэба шмат вывучаць розных акалічнасцяў, дакументаў. Зараз чакаем заключэння экалагічнай экспертызы з Мінскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Дарэчы, начальнік Слуцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Цыбулька адмовіўся даваць каментар журналісту, спасылаючыся на падрыхтоўку экспертызы яго непасрэдным кіраўніцтвам.

Пачакаем высноў экалагічнай экспертызы абласнога маштабу і мы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: