Эканамічны суд пачаў разглядаць справу «Дынама» супраць Турчаняка і Пятрухіна

У Брэсцкім эканамічным судзе прайшло папярэдняе паседжанне па справе «Дынама» супраць каадынатара Руху «За Свабоду» ў Брэсце Дзяніса Турчаняка і блогера, прыхільніка Руху Сяргея Пятрухіна.

Каардынатар Руху «За Свабоду» ў Брэсце Дзяніс Турчаняк і блогер, аўтар праекта «Народны рэпарцёр» Сяргей Пятрухін падрыхтавалі спецыяльнае раследванне «Дынамаўская афера». Там выкрываліся цьмяныя схемы пры выкарыстанні атрыманага "Дынама" зямельнага ўчастка ў цэнтры Брэста. Арганізацыя падала на Турчаняка і Пятрухіна ў суд. Спачатку справу разглядаў суд Ленінскага раёну, але потым яно было перададзенае ў эканамічны суд Брэсцкай вобласці.

На гэтым паседжанні бакі прадставілі свае аргументы, суддзя папрасіла падрыхтаваць больш канкрэтныя да наступнага пункты з адсылкай да канкрэтных дакументаў. Прадстаўніца істца назвала галаслоўнымі абвінавачванні ў роліку і адзначыла, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці.

«Глеба для сумневаў у законнасці схемы ўзнікае праз тое, чаму БФСО "Дынама“ папрасіла 60 зямельных участкаў. Дзіўная дапамога такая. Папрасілі б грошаў. Гарадскія ўлады маглі б іх рэалізаваць на аўкцыёнах па справядлівай цане», — пракаментаваў вынікі паседжання Дзяніс Турчаняк.

Па ягоным меркаванні ў любога ўзнікне пытанне, чаму была выкарыстаная схема, па якой нельга сказаць: хто колькі зарабіў і ўсё пакрыта цемрай.

«Мы сваю пазіцыю абазначылі, — адзначыў Сяргей Пятрухін, — суд па "Дынама-Цэнтр“ выглядае наступным чынам: з цэлага шэрагу быццам бы законных актаў атрымліваецца схема, праз якую горад не даатрымаў сродкаў у бюджэт».

Па ягоных словах, схема з будаўніцтвам крамы незразумелая, і нехта на ёй усё роўна зарабіў.

Турчаняк і Пятрухін плануюць па выніку суда падрыхтаваць новы відэаролік з улікам новай інфармацыі.

Наступнае пасяджэнне прызначанае на 19 ліпеня.

pyx.by


Каментаваць