Эканоміка дабра і міласэрнасці

Пры падтрымцы «Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый» 11 снежня ў гатэлі «Пекін» у Мінску адбылося ўзнагароджанне грамадскіх ініцыятыў, якія сталі пераможцамі сацыяльнага конкурсу «Зрабілі».

Асветніцкая ўстанова «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый», якая працуе ў Беларусі больш за 4 гады, будуе сваю дзейнасць, грунтуючыся на патрэбах мэтавых груп і наяўных экспертных дадзеных. Стварэнне прасторы для партнёрства і камунікацый неабыякавых грамадзян, пошук беларускіх спонсараў і мэцэнатаў для падтрымкі сацыяльных праектаў, трэнінгі і дыскусіі, праграма «Лідарства ў мясцовых супольнасцях» — гэта толькі некаторыя аспекты дзейнасці Офіса, які накіраваны на пазітыўныя змены жыцця.

Партнёрамі ўстановы ў конкурсе з’яўляліся інфармацыйныя парталы CityDog.by, 34mag.net, часопіс imenamag.by, платформа talaka.by. Пераможцамі былі названы ініцыятывы, якія атрымалі найбольшы розгалас у прэсе.

Першымі сярод пераможцаў былі адзначаны ініцыятыва «Курапаты» і Марат Гаравы, пра што быў апублікаваны артыкул у гарадскім інтэрнэт-часопісе CityDog.by. Увогуле, намінантаў, адзначаных прэсай, было шмат, нават толькі іх пералік уражвае. Ужо самі назвы ініцыятыў сведчаць аб шматграннасці працы і рознабаковай дзейнасці неабыякавых грамадзян.
Ініцыятывы «Калі ласка», «Цэнтр абароны жывёл», адукацыйны фэст «Рэмара», «ЭкаЖыццё», «Офіс па правах дзяцей з інваліднасцю», «Дзяжурныя ангелы», «Здольныя», «Бізнесмамы», «Гарадскі ляснічы», «Добры ровар», «Зробім», «Жывая бібліятэка», «Асмалоўка», «Заашанец», «Уцеха» і многія іншыя, па накірунках сваёй працы розныя, але маюць падабенства ў адным: практыкуюць эканоміку дабра і міласэрнасці, абараняюць правы і садзейнічаюць развіццю грамадскай актыўнасці.

Наталля Чырына, актыўная ўдзельніца арганізацыі «Заашанец», распавяла, што іх дзейнасць пачалася яшчэ ў 2010 годзе з клопату аб трох катах, выкінутых на вуліцу гаспадарамі.

Вось так: пачалі з трох катоў, а зараз ужо клапоцімся пра 500 жывёл, — распавяла грамадская актывістка. — У нашым прытулку месцяцца каты, сабакі, чарапахі, трусы, ёсць нават конь. Валанцёрская група таксама разраслася, у яе ўваходзяць каля 100 чалавек. Ёсць свае піяршчыкі, фатографы. Дапамагаем нашым «братам меншым» знайсці добрых гаспадароў. На жаль, дзяржава нам не дапамагае…
Наталля лічыць, што ў краіне тэрмінова неабходны больш дакладны закон аб адказнасці за ўтрыманне свойскіх жывёл, нармальныя прытулкі і выхаванне адказнасці за тых, каго мы прыручылі, у дзіцячых садах і школах.

У той час, як валанцёры «Заашанца» клапоцяцца аб кінутых жывёлах, якія сталі непатрэбныя былым гаспадарам, Любоў Васіліцына з віцебскай ініцыятывы «Лінія жыцця» дапамагае жанчынам з цяжарнасцю, якія апынуліся ў крызіснай сітуацыі.

Мінчанка Галіна Баярына, архітэктарка, з’яўляецца сябрам валанцёрскай супольнасці «Уцеха», якая клапоціцца пра дзяцей-інвалідаў і сірат, і ўзяла пад сваю апеку Васілішкаўскі дзіцячы дом-інтэрнат.

За апошнія сем гадоў валанцёры дапамаглі арганізаваць 16 аздараўленчых лагераў для дзяцей. У цяперашні час патранатная група складаецца з 12 дзяцей.

Напрацягу многіх гадоў мы клапоцімся пра 12 дзяцей ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў, былых выхаванцаў Грозаўскай школы-інтэрната, — гаворыць Баярына. — Каб мець магчымасць быць разам на прыродзе, вясной гэтага года набылі хатку на беразе возера ў Лагойскім раёне. У летні перыяд вывозілі тады па 5-7 дзяцей. Вельмі цудоўныя ягадныя і грыбныя мясціны, дзеці пачувалі сябе добра. Хочам на аснове гэтай хаткі ў далейшым стварыць аграсядзібу для адпачынку дзяцей-інвалідаў і сірат.

Калі ты пачынаеш займацца з дзецьмі-сіратамі, ты павінен зразумець, што павінен быць з імі назаўсёды, — дзеліцца сваімі думкамі валанцёрка. — Прыкладна год патрэбны дзеля таго, каб дзіця крыху звыкла да цябе і даверылася. Многія з іх ідуць па крывой дарозе, таму што ў іх адсутнічае паняцце міласэрнасці, затое існуе паняцце здрадніцтва, паколькі яны самі кінуты сваімі бацькамі. Мы прымаем іх такімі, якія яны ёсць, выкарыстоўваем пазітыўныя методыкі.

Так здарылася, што ў аднаго з нашых хлопчыкаў маці ўвесь час сядзела ў турме. Калі вярнулася, хлопцу споўнілася 16 гадоў. І ён зараз падтрымлівае яе, як толькі можа. Вось ужо паўтара года як маці працуе на волі, настроена на пазітыўнае жыццё і прыязджае да нас ў госці разам з сынам, — скончыла свой аповед Баярына.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: