Экс-афіцэр унутраных войск: Пасля выбараў нам сказалі пры затрыманні дзейнічаць жорстка

Афіцэр унутраных войск МУС расказаў, што бачыў па той бок барыкад пасля прэзідэнцкай кампаніі, і пра настроі ў яго частцы, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на «Салідарнасць».

«Нам паставілі задачу: ахова грамадскага парадку ў Мінску 9 жніўня. Раніцай мы прыбылі ў горад. Была поўная цішыня: ні машын, ні людзей, ні міліцыі. Дзень правялі, седзячы ў машынах. Вечарам далі каманду накіравацца ў бок Нямігі. Эпіцэнтр падзей быў бліжэй да стэлы. Чуў, як гранаты выбухалі і вадамёты ехалі», —распавёў Аляксандр сайту «Салідарнасць».

Да чацвёртай гадзіны раніцы яго падраздзяленне ўдзельнічала «ў спецаперацыі па спыненні масавых беспарадкаў». Людзі крычалі сілавікам: «Фашысты! Звяры! Што вы робіце?», — згадвае ён.

Загадвалі біць усіх, каб больш не выходзілі на мітынгі

На працягу двух тыдняў пасля выбараў афіцэраў з часткі дадому не адпускалі. Па графіку вайскоўцы выязджалі ў горад і сядзелі ў машынах.

«Ідэолагі спрабавалі стварыць у частцы „святочную атмасферу“: уключалі музыку па радыё. Да 9 жніўня ніхто не ставіў задачу ўжываць сілу, а пасля выбараў нам сказалі пры затрыманні дзейнічаць жорстка. Прасцей кажучы, біць усіх, каб больш не выходзілі на мітынгі».

Менавіта тады Аляксандр упершыню задумаўся пра звальненне. Усвядоміў, што падтрымлівае гвалт, застаючыся на службе.

«У кожнага ёсць выбар. Ніякім загадам нельга прымусіць даганяць і біць. Я праінструктаваў падначаленых з нагоды ўжывання сілы: толькі ў выпадку пагрозы для сябе і рэальнага злачынства. Калі людзі проста ідуць — не біць. Але не ўсе афіцэры прытрымліваліся такой пазіцыі. Я бачыў, як намеснік камандуючага ўнутраных войск нагамі збіваў чалавека на зямлі. Адзін з начальнікаў паставіў задачу кідаць камяні ў машыны, якія сігналяць на знак салідарнасці», — кажа ён.

Кажучы пра настроі сярод вайскоўцаў, суразмоўца «Cалідарнасці» адзначае, што ў яго калектыве каля 10% афіцэраў-кантрактнікаў трымаюцца адэкватнай пазіцыі і разумеюць, што выбары прайшлі несумленна. Яшчэ 30% разумеюць, што адбываецца, дапускаюць, што выбары фальсіфікавалі, але пазіцыю ніяк не выяўляюць.

«Нарэшце, палова — такія, як палкоўнік Крываносаў з Гомельскай вобласці, які „зарад энэргіі“ атрымаў ад Лукашэнкі. Што тычыцца салдат, на іх лягчэй ўздзейнічаць, чым на міліцыянтаў, якія кожны дзень ходзяць дадому. У тэрміновай службы інфармацыі нуль, тэлефоны забароненыя, чытаць могуць толькі „СБ“ ці „На страже“. Таму частка верыла, што пратэстоўцаў 20 чалавек, якія выйшлі на вуліцу, бо ім заплацілі».

Паводле слоў Аляксандра, у восеньскім прызыве сустракаліся тыя, хто сядзеў на Акрэсціна або быў аштрафаваны паводле артыкула 23.34. На асабістых справах такіх салдат ставілі чырвоную пазнаку.

Цяпер мужчына набывае сабе новую прафесію. Яго заяўку ўхваліў фонд BYSOL, створаны для дапамогі і падтрымкі тым, хто пазбавіўся працы з палітычных прычын.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: