Экс-кіраўніку начнога клуба Dozari прад'яўлена абвінавачванне

Пра затрыманне былога дырэктара клуба Dozari і рэстарана «Галерэя» Алега Пяткевіча стала вядома ў снежні.
sk.gov.by

sk.gov.by

Галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта расследуе крымінальную справу аб падбухторванні да дачы хабару, распачатую Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў дачыненні да экс-кіраўніка сталічнага начнога клуба.

Паведамляецца, што мужчына падбухторваў грамадзян да дачы хабараў нібыта службовым асобам выканаўчых і распарадчых органаў Мінска і Мінскай вобласці за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю. Сумы хабараў, неабходных для перадачы, вар'іраваліся ад 10 да 25 тысяч долараў ЗША.

Устаноўлена атрыманне экс-кіраўніком начнога клуба ў ліпені-жніўні 2018 года 10 тысяч долараў ЗША для наступнай перадачы службовым асобам. Пры гэтым грашыма ён распарадзіўся па ўласным меркаванні.

Мужчыну прад'яўленае абвінавачванне па ч. 5 арт. 16 і ч. 2 арт. 431 (падбухторванне да дачы хабару) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Канчатковая прававая ацэнка дзеянням абвінавачанага будзе дадзена па выніках расследавання.

У цяперашні час праводзіцца комплекс следчых дзеянняў, накіраваных на ўстанаўленне ўсіх абставінаў супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачанага. Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Паводле sk.gov.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!