Экс-намесніку кіраўніка Магілёўскага гарвыканкама пагражае тэрмін да 10 гадоў

Слуханні па справе аднавіліся.
Уладзімір Дудараў

Уладзімір Дудараў

У Чавускім раённым судзе 3 траўня аднавіліся слуханні па справе экс-намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Дударава, прызнанага праваабаронцамі палітвязнем. У 2020 годзе ён каардынаваў працу рэгіянальнай ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, з 11 чэрвеня знаходзіцца пад вартай.

Дударава абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 426 КК) і махлярстве (ч. 4 арт. 209 КК). Згодна з матэрыяламі справы, былы чыноўнік незаконна пераабсталяваў у жылое памяшканне частку тэхнічнага паверха ў шматпавярховым доме па вуліцы Лепяшынскага ў Магілёве, дзе пражывае з сям'ёй. Кошт пераабсталявання памяшкання, якое стала часткай двухузроўневай кватэры, ацэньваецца ў 41 381 рублёў. Таксама Уладзімір Дудараў, калі быў старшынёй ПЖСК з 2006 па 2009 год, ад імя членаў жыллёвага кааператыва і без іх ведама ініцыяваў унясенне змен у праектную дакументацыю па павелічэнні вышыні столяў на тэхнічным паверсе з 1,9 да 2,5 м. У выніку выдаткі на будаўніцтва жылога дома павялічыліся на 2288 рублёў у цэнах пасля дэнамінацыі, іх нібыта кампэнсавалі забудоўшчыкі за кошт атрыманых ільготных крэдытаў. Акрамя таго, Дудараву інкрымінуюць несанкцыянаванае падключэнне да крыніц газу, цепла- і электраэнергіі — рэсурсы ён нібыта выкарыстаў для асвятлення і ацяплення тэхнічнага паверха, які стаў часткай кватэры.

У справе фігуруе дом бацькі абвінавачанага — ён нібыта без адпаведнай дазвольнай дакументацыі быў адбудаваны нанова, а не адрамантаваны. Абвінавачванне сцвярджае, што зрабіць гэта атрымалася дзякуючы злоўжыванню службовымі паўнамоцтвамі, паколькі Уладзімір Дудараў з 2018 па 2019 год быў намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама і курыраваў пытанні будаўніцтва.

Справа аб пераабсталяванні тэхнічнага паверха ў 2016 годзе ўжо разглядалася ў судовым парадку, чатыры разы адпраўлялася на дапрацоўку і ў выніку была закрытая за адсутнасцю складу адміністрацыйнага парушэння. У канфіскаваных пратаколах сходаў членаў ПЖСК не знайшлося доказаў, што рашэнне аб павелічэнні вышыні столяў тэхэтажа выносілася на агульнае абмеркаванне. Няма таксама і пацверджання таму, што з-за змен у праекце члены кааператыва атрымалі завышаныя сумы льготных крэдытаў. У ходзе праверкі не пацвердзіліся факты несанкцыянаванага падключэння тэхнічнага паверха да камунікацый. Хоць парушэнні ў эксплуатацыйных пытаннях ўсё ж былі выяўленыя.

Меркаванні экспертаў адносна пабудовы новага дома на месцы ранейшага разышліся — у матэрыялах справы прадстаўленыя супрацьлеглыя па сэнсе высновы. Маці Уладзіміра Дударава кажа, што гаворка ідзе пра спадчыну яе мужа, што дасталася таму ад бацькоў, і ніхто нічога не зносіў.

— Проста вырашылі дом прывесці ў парадак, каб потым унукам перадаць.

3 траўня ў судзе завяршылася азнаямленне з матэрыяламі справы, якія занялі 30 тамоў. Таксама былі прадстаўлены для расследавання доказы: арыгіналы шматлікіх дакументаў, выманне якіх выраблялася ў розных структурах, ад ПЖСК да Магілёўскага гарвыканкама. Дзяржабвінаваўца Сяргей Снытчанка зачытаў тлумачэнне, чаму справа разглядаецца ў Чавусах: у магілёўскіх суддзяў цяпер вельмі вялікая нагрузка.

Уладзімір Дудараў, якога збіраюцца дапытваць у судзе на бліжэйшых пасяджэннях, паабяцаў, што «будзе цікава». Сваю віну ён не прызнае. Экс-чыноўніку і каардынатару рэгіянальнай ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Дудараў не першы з магілёўскіх сяброў ініцыятыўнай групы Бабарыкі, які знаходзіцца пад крымінальным пераследам. У чэрвені 2020 года быў затрыманы кіраўнік магілёўскай абласной дырэкцыі «Белгазпрамбанка» Сяргей Кармызаў. 26 лютага 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прысудзіў яго да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму за перавышэнне службовых паўнамоцтваў з нанясеннем шкоды ў буйным памеры. Паводле высноў следства, Кармызаў незаконна выдаў крэдыт на 75 тысяч рублёў. На працэс супраць Кармызава не пусцілі журналістаў незалежных СМІ.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: