Экс-зняволенага Тараса Аватарава правяралі на паліграфе

Беларускі добраахвотнік на Данбасе, які 26 лістапада вызваліўся з калоніі «Віцьба-3» пасля пяці гадоў зняволення, распавёў, што яго заманілі ў Полацкі РАУС і праверылі на паліграфе.
«Мяне заманілі са звычайнай праверкай па маёй мінулай судзімасці. Датэлефанаваліся да майго інспектара па наглядзе, і ён ледзь не сам прыехаў да мяне ўгаворваць пад'ехаць пагаварыць з людзьмі», — распавёў «Новаму Часу» Тарас Аватараў.

У РАУСе яго пасадзілі на праверку на паліграфе.

«Дзякуй Богу, пра фабулу справы я нічога не ведаў. Але сам факт допыту без сведак (маю маці ў якасці даверніка нават не ўпусцілі) і адваката мяне насцярожвае. А што, калі гэты "эксперт"-паліграфолаг проста напіша заяву, што лічыць, што я хлусіў паліграфіу?» — непакоіцца Тарас.

Адмовіцца ад праверкі ён не мог, бо гэта, як і адмова ад адказаў на некаторыя пытанні, фіксуецца і дазваляе па адным гэтым факце лічыць чалавека падазраваным.

«А з групы падазраваных зляпіць АЗГ (аб'яднаную злачынную групу — НЧ) наогул нічога не каштуе», — зазначае суразмоўца, прыгадваючы нядаўнія справы Ігара Аліневіча і Мікалая Аўтуховіча.

Тарас Аватараў мяркуе, што гэты выклік звязаны са справай аб пагрозе здзяйснення тэрарыстычнага акту, якая была заведзеная па факце выяўлення 7 снежня ў Полацкім раёне каля чыгуначнай станцыі Адамава прадмета з прыкметамі самаробнага выбуховага прыстасавання. Знаходка прывяла да цяжкіх наступстваў, якія выказаліся ў затрымцы руху цягнікоў. На перыяд больш за пяць гадзін былі затрыманыя два пасажырскіх і тры грузавыя саставы. Як паведаміла прэс-служба Генпракуратуры Беларусі 8 снежня, справу ўзбудзіў пракурор Віцебскай вобласці Вадзім Сушчынскі.

Нагодай для прыцягнення Тараса Аватарава да праверкі на паліграфе паслужыў яго допіс у фэйсбуку ад 6 снежня, аб тым, што, мяркуючы па чыгуначным трафіку з Латвіі, магчымая нейкая правакацыя на «Нафтане».

«Супадзенне ці выпадковасць, што я адзіны раз у жыцці папярэдзіў гараджан пра тое, што робіцца на чыгунцы, як у тую ж ноч хтосьці ўсталёўвае бутэльку з батарэйкай», — зазначае Тарас.

Падазрэнні аб магчымай правакацыі ў яго ўзніклі праз тое, што раптам рэзка на працягу аднаго дня масавага пачалі адзін за адным ездзіць саставы з Латвіі, хоць да гэтага грузавыя цягнікі не хадзілі доўгі час.

Нагадаем, пасля вызвалення з калоніі Тарасу Аватараву прызначылі два гады нагляду.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: