Экскурсавод з Гродна бярэ ўдзел у міжнародным рэтрапрабегу на 100-гадовым ровары

Пра яго распавядае Еўрарадыё.
13 чэрвеня ў Львове адбудзецца міжнародны велапрабег, прысвечаны аматарам рэтраровараў. Беларусь у ім прадставіць Міхаіл Нарынкевіч — экскурсавод з Гродна, які ўжо паўтара года ездзіць па горадзе выключна на ровары.

У прабегу возьмуць удзел і замежнікі, але анлайн — праз эпідэміялагічную сітуацыю. Замежнікам (у тым ліку мне) давядзецца зрабіць фота ў антуражным адзенні перыяду, з якога ў мяне ровар. Я ўдзельнічаю ў намінацыі «Найбольш элегантны ўдзельнік». Іншыя намінацыі — «Наймаладзейшы ўдзельнік» і «Найбольш элегантны ўдзельнік на самым старым ровары», — расказвае Міхаіл у размове з Еўрарадыё.

Міхаіл будзе спаборнічаць на ровары, якому больш за сто гадоў!

— Мой асабісты ровар «Нёман» 1933 года зараз не зусім у добрым стане, я планую яго адрамантаваць. У прабегу я ўдзельнічаю з роварам «Нёман» 1906 года – яго я пазычыў у старшыні «ВелаГродна» Юліі Каляды. Цяпер гэта ці не адзіны ў Гродне ровар, які прыгодны для таго, каб пракаціцца на ім па гарадскіх вуліцах.
Па словах Міхаіла, усяго ў Беларусі засталося каля 16 такіх ровараў. Да 1939 года ў Гродне працавала велафабрыка «Нёман», якая выпускала ровары, самыя папулярныя ў Заходняй Беларусі і ва Усходняй Польшчы. У сярэдзіне 1930-х у Гродне налічвалася ажно 10 тысяч ровараў яе вытворчасці.

Для ўдзелу ў прабегу Міхаіл абраў адпаведны вобраз — гарадскога інтэлігента.

Мой вобраз — школьны настаўнік гісторыі першай паловы ХХ стагоддзя. Я абраў такі вобраз, бо на роварах «Нёман» за тым часам па Гродне ездзілі ў асноўным інтэлігенцыя і працоўныя. З той эпохі засталося багата фатаздымкаў, бо ровар ужо тады быў насамрэч папулярным транспартам сярод гарадзенцаў.

Сабраць строй было нескладана: паглядзеўшы фота, я вырашыў, што такі вобраз пасуе мне найбольш. Частку касцюма я дастаў з асабістага гардэробу, іншыя прадметы пазычыў у добрых знаёмых — акцёраў, з якімі мы ладзім гістарычныя імпрэзы і экскурсіі па 1930–1940-х гадах.

Міхаіл ездзіць па Гродне толькі на ровары ўжо паўтара года — нават у самыя лютыя маразы. Кажа, што жыццё без ровара яму ўжо цяжка ўявіць, нават нягледзячы на заганы гродзенскай велаінфраструктуры.

— Ровар — экалагічны транспарт, на якім можна праехаць вялікую адлегласць і паглядзець на прыроду. Гродна размяшчаецца на ўзвышшах, таму па горадзе не заўжды зручна ездзіць на ровары. Велапарковак і веластаянак у нас хапае, але трэба заніжаць бардзюры і пракладваць веладарожкі. Аднак з гэтым цяжка, бо ў цэнтры вузкія вуліцы, а яшчэ Гродна — самы аўтамабільны горад Беларусі.

Праўда, на ўскраінах і ў прыгарадах Гродна створаныя веладарожкі, каб можна было ездзіць па лесапарках: Пышкі, Румлёва. І ў новых мікрараёнах таксама з’яўляюцца веладарожкі. Але ж з гэтых раёнаў яшчэ трэба як-небудзь даехаць да цэнтра! Таму збольшага ў Гродне ездзяць на горных роварах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: