Экскурсія для сляпых: Добра было б яшчэ рэзідэнцыю паглядзець

У Мінску прайшла экскурсія для людзей з дрэнным зрокам. Каб стварыць для іх макет мінскай ратушы, архітэктары заплюшчвалі вочы.

 



Людміла Скрадаль праводзіць экскурсію па мінскай ратушы для дзяўчынкі з дрэнным зрокам


“Вось гэта ўваход, над ім франтон ідзе, а далей — вежа, яна вылучаецца”, — экскурсавод Людміла Скрадаль вядзе экскурсію па ратушы з дапамогай макетаў, каб пяцёра чалавек з парушэннямі зроку маглі ўявіць будынак.

Спярша ўдзельнікі абмацваюць плоскі пластыкавы барэльеф, выраблены па ўзоры ратушы. Пасля — аб’ёмны макет будынка. Такая экскурсія ўпершыню праходзіць у Мінску.

Амаль кожная дэталь макета — з асобнага матэрыялу. Так людзі з парушэннямі зроку змогуць разабрацца: дзе ў будынку вакно, дзе балкон, тлумачыць адна з аўтарак макета — архітэктар Юля Трухановіч:

“У працэсе працы мы разумелі, што патрэбныя розныя матэрыялы. Мы зафарбоўвалі пластык, каб было адчуванне тынкоўкі. Наклейвалі на пластык плёнку, каб было адчуванне гладкай паверхні”.

Прыходзілася нават заплюшчваць вочы, каб адчуць эфект, прызнаецца Юля.

Пасля даследавання двух макетаў экскурсавод Людміла вядзе групу да самой ратушы. Просіць абхапіць калоны, датыкнуцца да ўваходу, да арнаментаў на сцяне.

“Калі ты даследаваў добра макет, пасля ўжо ўяўляеш сам будынак, калі яго абмацваеш”, — дзеліцца ўражаннем Кацярына Тан. Яна адрознівае толькі вельмі яркія колеры, дрэнна бачыць з дзяцінства.

На экскурсіях Кацярына была і ў Санкт-Пецярбургу і ў Заходняй Еўропе, але гэта былі звычайныя экскурсіі, прыгадвае дзяўчына.

“Каб там абмацаць нешта — не было такіх экскурсій. Гэта ў мяне дэбют сёння. Я з Гомеля, у Мінску жыву толькі два месяцы. Прыходжу позна з працы, таму добра паглядзець горад не паспела яшчэ”, — гаворыць Кацярына.

У будучыні яна хацела б паглядзець з дапамогай макета і лінію Сталіна, і нават рэзідэнцыю.

“Для інвалідаў па зроку ёсць толькі адна турыстычная кампанія, якая робіць туры для іх на аўтобусе. Але гэта не адаптаваныя экскурсіі: яны сядзяць у аўтобусе і ім кажуць: “справа — тое, злева — тое. Для тых, хто слаба чуе, ёсць свае складанасці, не заўжды можна знайсці спецыялістаў, якія валодаюць мовай людзей з парушэннямі слыху”, — дзеліцца экскурсавод, арганізатар праекта “Дотык да Мінска” Людміла Скрадаль.

Яна плануе рэгулярна ладзіць экскурсіі для людзей з парушэннямі зроку. Яны будуць цалкам бясплатныя. Прыйсці на такую экскурсію змогуць і людзі з добрым зрокам, і, завязаўшы вочы, “датыкнуцца” да ратушы. Але за гэта трэба будзе заплаціць.

Спрабую прагуляцца па ратушы з завязанымі вачамі, першы раз — бясплатна. На пластыкавым макеце добра зразумела, дзе вокны, але іх можна зблытаць з дзвярыма. Больш яскравы малюнак складваецца, калі абмацваеш аб’ёмны макет.

Праз розныя матэрыялы сапраўды разумееш, дзе вакно, дзе дах, дзе балкон і гадзіннік.

Падчас пятага штогадовага Фэсту экскурсаводаў прайшло каля 100 экскурсій па гарадах Беларусі. На некаторыя з іх прыйшло каля 150 чалавек. Сёлета арганізатары ўпершыню праводзілі экскурсіі для людзей з інваліднасцю.

Адна з удзельніц экскурсіі вывучае плоскі макет ратушы

Удзельніца экскурсіі вывучае аб'ёмны макет ратушы

Удзельнікі экскурсіі з дапамогай экскурсавода вывучаюць будынак ратушы

 

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!