Эксперт: Беларусь памірае і з'язджае

На фоне пастаяннага скарачэння насельніцтва ў Беларусі з 1993 года, Мінск і некаторыя іншыя беларускія гарады стабільна раслі не адно дзесяцігоддзе. Цяпер сітуацыя змянілася.
Паводле звестак Белстата, на 1 ліпеня ў Беларусі пражывала 9 млн 456,2 тыс. чалавек – на 19 021 менш, чым на пачатак года. Працягвае скарачацца насельніцтва Мінска. За студзень-чэрвень там стала на 2418 чалавек менш. Насельніцтва Гродна за гэты перыяд скарацілася на 1132 чалавекі – горад стаў лідарам па змяншэнні сярод абласных цэнтраў.

Рэха дэмаграфічнага спаду 1990-х

На думку аналітыка Андрэя Елісеева, асноўная прычына падзення ў цэлым па краіне – дэмаграфічная.

«Апошнім адносна добрым годам быў 2015, тады натуральнае змяншэнне склала ўсяго 621 чалавек. З тых часоў з кожным годам хуткімі тэмпамі яно нарастае. У мінулым годзе было 26 тыс. І гэтая тэндэнцыя непазбежна працягнецца. У дзетародны ўзрост уступаюць нешматлікія кагорты насельніцтва, народжаныя ў пачатку 1990-х. Адначасова расце смяротнасць, бо людзей у пажылым узросце цяпер нашмат больш, чым раней. За ўсю пасляваенную гісторыю Беларусі доля асоб у пенсійным узросце не была такой высокай».

Эмігранты не бачныя ў статыстыцы

Эксперт упэўнены, што ў бліжэйшыя гады тэндэнцыя не зменіцца. І прычына таму не толькі дэмаграфічная. Вялікую ролю ў змяншэнні насельніцтва мае эміграцыя. Тэндэнцыі 2019 такія, што нават са сталіцы з’язджаць сталі часцей, чым прыязджаць на пастаяннае месца жыхарства. 

Пры гэтым, па словах эксперта, з-за недасканаласці міграцыйнага ўліку штогод тысячы выбыўшых на ПМЖ не бачныя ў статыстыцы. Гэты недахоп выявіцца па выніках перапісу насельніцтва. «У гарадах з-за эміграцыі ў рэальнасці пражывае на некалькі тысяч чалавек менш, чым тое, што паказана ў актуальнай статыстыцы Белстата».

Адставанне па заробках павялічваецца

Тое, што ў блізкай перспектыве наўрад ці нешта зменіцца, пацвярджаюць і іншыя дадзеныя. Напрыклад, разрыў даходаў паміж беларусамі і заходнімі суседзямі працягвае расці.

Меншая сярэдняя зарплата толькі ва Украіне. Але разрыў ужо не такі істотны, як быў яшчэ некалькі гадоў таму. Паводле афіцыйных дадзеных за ліпень 2019 года, сярэдняя зарплата ва Украіне складала 10 971 грыўняў – каля 440 долараў. Беларусы ў ліпені 2019 года, па дадзеных Белстата, у сярэднім атрымлівалі 1128 рублёў – каля 550 долараў. У Мінску сярэдняя зарплата складала 1556 рублёў – каля 760 долараў, у той час як у Кіеве – 16 249 грыўны – каля 655 долараў.

З’язджаюць не толькі працаваць, але і вучыцца


З Беларусі едуць за мяжу не толькі на заробкі і ПМЖ, але і на вучобу. Пры гэтым як з выбарам краіны для працы, так і вучобы, назіраецца адна тэндэнцыя: попыт на Польшчу расце, на Расію падае.

На думку эксперта, яшчэ адным фактарам, здольным паўплываць на выбар краіны навучання для пэўнай долі моладзі, стане закон аб адтэрміноўцы.

Плюсы і мінусы эміграцыі


У эміграцыі эксперт адзначае як станоўчыя, так і адмоўныя ўласцівасці, падзяляючы міграцыю на часовую і пастаянную.

«Калі гаворка пра эміграцыю часовую, то плюсы ў тым, што атрыманы працоўны вопыт мігранты змогуць выкарыстоўваць у краіне паходжання, магчыма, прывязуць інвестыцыі ў выглядзе заробленых за мяжой грошай. Калі гаворка пра эміграцыю беззваротную, то мінусы для эканомікі краіны паходжання відавочна пераважваюць. Плюсом тут могуць выступаць грашовыя пераводы для сваякоў, якія памяншаюць колькасць хатніх гаспадарак, што знаходзяцца за рысай беднасці».

Паводле  h
rodna.life

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: