Эксперт: Чыж ведаў, як ствараўся прэзідэнцкі фонд, як працавала вертыкаль улады

Эксперт лічыць, што цяперашняе затрыманне бізнесмена Юрыя Чыжа мае і палітычную падаплёку.


Эксперт па кіраванні і развіццю Генадзь Цярпілоўскі ўпэўнены, што тое, што адбываецца сёння ў эканоміцы трэба разглядаць праз прызму палітыкі, піша «Салідарнасць».

— З тым жа Чыжом, думаю, што не будзь гэта 2021 год, ніхто б не думаў пра нейкія палітычныя падаплёкі гэтай сітуацыі. Усё б спісвалі на тое, што грошай няма і вы трымайцеся. Але сітуацыя такая, што не толькі няма грошай.

Сапраўды, дзяржава шукае магчымасць максімальна атрымаць грошы. Адсюль і змены ў падатковым заканадаўстве і пастановы, звязаныя з ПВТ і «Вялікім каменем» і іншыя меры. Але сітуацыя з Чыжом, лічыць эксперт, некалькі іншая.

— Тут жа ўсё б таксама было зразумела: Чыж прызнаў сваю віну яшчэ ў 2016 годзе і ціпа абяцаў плаціць. Магчыма, яму была растэрміноўка, але ён не плаціў — гэта значыць чыста эканамічна, — нагадвае Генадзь Цярпілоўскі. — Але не трэба забываць пра тое, што на сённяшні дзень ствараюцца пэўныя фільмы і тэксты пра Лукашэнку. А Чыж у свой час быў ледзь не правай рукой. Прынамсі, разам касілі траву. Таму ведае пра тое, як ствараўся той жа прэзідэнцкі фонд, як працавала вертыкаль улады, якія схемы былі.

Эксперт лічыць, што наяўнасць на свабодзе чалавека, які можа што-небудзь сказаць, небяспечна для ўладаў. Таму яны цалкам маглі захацець на некаторы час яго прыбраць.

— Напэўна, перастрахаваліся на ўсялякі выпадак, падкруціўшы да гэтага эканамічную падаплёку, — мяркуе эксперт.

Вядома, усё гэта адпаведным чынам адбіваецца і на бізнес-клімаце ў краіне.

— Бізнес разумее, што ў цяперашняй сітуацыі неабходна выжываць. Адна сітуацыя з АйЦі-бізнэсам, дзе ноўтбук зачыніў — і ты ўжо працуеш у іншай краіне. А з пункту гледжання ўладальнікаў актываў (станкоў, гандлёвага абсталявання) так не паступіш, — адзначае Генадзь Цярпілоўскі. — Нядаўна прагучала, што Фонд падтрымкі прадпрымальніцтва ўжо ўсе субсідыі выдаў у канцы лютага, гэта значыць скончылася гадавая праграма — і зноў выходзіць «грошай няма, але вы трымайцеся». Але прыемна бачыць, што пачала адбывацца кансалідацыя бізнесу, пачалі выбудоўвацца гарызантальныя сувязі.

Іншая справа, што сёння вельмі цяжка прагназаваць рызыкі.

— Ведаў бы, саломку падаслаў. Але на сённяшні дзень валацільнасць бізнес-асяроддзя настолькі высокая, што саломы не хопіць ўсюды раскідаць, — заключае эксперт.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: