Эксперт: Калі ў сістэме пачынае зашкальваць паранойя, яны ядуць саміх сябе

У што могуць ўперціся татальныя зачысткі, «Салідарнасці» распавёў старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. 
— Магчыма, такім чынам, на іх думку, можна нейтралізаваць усіх, хто можа неяк публічна аб'явіць пра  «Чарнобыльскі шлях», які мае адбыцца. Але гэта глупства, таму што людзі выходзяць незалежна ад нечых заклікаў, як, дапусцім, на 25 сакавіка, — расказаў Андрэй Ягораў. — Не выключана, што гэта такое папярэдняе запалохванне, маўляў, мы "закрыем" вядомага чалавека — іншыя пабаяцца і не пойдуць.

Наогул, ва ўсёй гэтай рэпрэсіўнай логіцы няма яснай заканамернасці. Па-мойму, яны жывуць ва ўяўным свеце, які прыдумалі сабе самі ў выглядзе «змовы лялькаводаў і арганізатараў пратэсту супраць Беларусі». Прыдумалі і самі ў гэта паверылі.

Відавочная татальная зачыстка ўсіх паводле палітычнай прыналежнасці, на думку суразмоўцы, можа прывесці да адваротнага эфекту.

— Зачыстка поля апазіцыйных партый магчымая, таму што ўлада наогул спрабуе сістэмна зачысціць усё незалежнае поле, уключаючы і грамадскія аб'яднанні, і праваабарончыя, і іншыя незалежныя арганізацыі. І палітычныя партыі, вядома, таксама ў фокусе ўвагі.

Але тут пад жорны могуць патрапіць не толькі апазіцыйныя партыі. Калі ў такіх сітуацыях ў сістэме пачынае зашкальваць паранойя, яны ядуць саміх сябе. Вось быццам бы ўсіх ворагаў знішчылі, а шчасце не прыйшло і эканамічны рост не наступіў. Чаму? Таму што ворагі працягваюць дзейнічаць. А раз «яны працягваюць дзейнічаць», то трэба пастаянна «вырабляць» гэтых ворагаў.

Тады рэпрэсіўная машына пачынае шукаць ворагаў у сваім уласным асяроддзі, выяўляючы і выкрываючы змовы. Да гэтага можа прыйсці. І калі ў чарговы раз трэба будзе апраўдвацца перад вярхушкай дыктатарскага рэжыму пра тое, чаму гэта мы ўсіх лялькаводаў злавілі і пасадзілі, а пратэст усё роўна працягваецца і людзі нас усё роўна не любяць, давядзецца казаць, што ворагі дзейнічаюць унутры. Тады можа наступіць час і больш лаяльных партый і аб'яднанняў, не толькі апазіцыйных, — не выключае аналітык.

Ён упэўнены ў тым, што ўладам цалкам дакладна вядомыя настроі грамадзянскай супольнасці.

— У іх ёсць сацыялогія, якой няма ў нас. Яны ў абавязковым парадку манітораць грамадскі настрой, пратэсныя настроі, настроі ў сацсетках. Аналітычныя аддзелы дакладна ёсць у КДБ і іншых дзяржструктурах. І ў іх ёсць рэальныя звесткі, не тыя, якія яны прапануюць публіцы праз сваю прапаганду.

Менавіта гэтыя даныя не дазваляюць ім расслабляцца і прымушаюць знаходзіцца ў пастаяннай мабілізацыі. Ім дакладна вядома, што масавы супраціў працягваецца, нягледзячы на ціск, грамадства ўсё роўна наладжана пратэсна.

І вось гэты стан пастаяннай усеагульнай мабілізацыі не можа доўжыцца бясконца доўга і можа прывесці да таго, што яны не вытрымаюць, зламаюцца, — мяркуе Андрэй Ягораў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: