Эксперт не прызнаў фота Антона Матолькі вынікам творчай дзейнасці

4 жніўня стала вядома, што эксперт Андрэй Чупрынскі не ўбачыў у здымках Антона Матолькі "творчай дзейнасці". Таму ён лічыць, што позва вядомага фатографа і блогера да Белтелерадыёкампаніі "пазбаўленая сэнсу".
Фота: nn.by

Фота: nn.by



Як паведамляла "Еўрарадыё", 17 сакавіка 2015 года Антон Матолька зрабіў некалькі фота рэдкай для Беларусі з'явы ― паўночнага ззяння. Апублікаваў іх у сваім блогу, а пазней убачыў у адным з інфармацыйных сюжэтаў на тэлеканале "Беларусь 1".

Фатограф згоды на выкарыстанне сваіх фота не даваў, таму звярнуўся ў суд па кампенсацыю ― ён патрабуе ад БТ адзін рубель. 9 ліпеня 2016 года прайшло першае судовае пасяджэнне, суддзя адправіў здымкі Антона Матолькі на экспертызу з мэтай высветліць, з'яўляюцца яны вынікам творчай дзейнасці, альбо не (закон аб аўтарскім праве, на які спасылаецца фатограф, абараняе толькі прадукты, якія з'яўляюцца вынікам творчай дзейнасці).

"Вядома, мы з адвакатам будзем абскарджваць рашэнне. Для гэтага шукаем зараз іншага эксперта", ― напісаў Матолька ў сваім блогу.



Фота: Facebook


Як праходзіў першы дзень судовага паседжання "Матолька супраць БТ" можна пачытаць у рэпартажы "Еўрарадыё" "Я дзве ночы заснуць не мог!" Навошта Матолька судзіцца з БТ".

"Еўрарадыё"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!