Эксперт: Вышэйшая адукацыя ўсё менш даступная для сельскіх выпускнікоў, беларускамоўных і людзей з інваліднасцю

Здавалася б, у самай сацыяльнаарыентаванай дзяржаве не мусіць быць праблемаў з доступам да адукацыі. Але на практыцы Беларусь не выконвае сваіх абавязацельстваў гарантаваць роўны доступ да яе ўсіх груп насельніцтва, узятых пры далучэнні да Балонскага працэсу.


Аналіз выканання гэтых абавязацельстваў прыводзіць да несуцяшальнай высновы: наша сістэма адукацыі не працуе як сацыяльны ліфт, яна кансервуе сацыяльную няроўнасць. Гэта адбываецца таму, што дзяржаўная адукацыйная палітыка пакуль проста ігнаруе наяўнасць праблемы.

Сацыяльнае вымярэнне адукацыі ў Еўропе

Пра важнасць сацыяльнага вымярэння адукацыі кажа Еўрапейскі студэнцкі саюз, які прадстаўляе каля 40 нацыянальных студэнцкіх арганізацый з еўрапейскага кантынента, у яго ўваходзяць каля 20 млн студэнтаў. Мэта працы саюза – адвакацыя і прадстаўленне інтарэсаў студэнцтва ў ЕС, Еўрапарламенце, Радзе Еўропы, ЮНЕСКА і іншых структурах.

Гохар Гаванісян, віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага саюзу студэнтаў, адна з прадстаўнікоў ESU ў Bologna Follow-Up Group, распавяла, што ў перспектыўных планах працы ЕСС замацаваныя тры асноўныя тэмы: халістычная роля вышэйшай адукацыі, механізмы падтрымкі для студэнтаў і гнуткасць у навучанні для студэнтаў.


Халістычная роля адукацыі заключаецца ў тым, што, гаворачы пра студэнтаў, трэба мець на ўвазе не толькі моладзь, але і дарослых людзей, якія хочуць працягваць адукацыю. Доступ да яе ў любым узросце – адзін з важных сацыяльных паказчыкаў адукацыі. Таксама халістычная роля адукацыі прадугледжвае працу на ўсіх прыступках: каб палепшыць сферу адукацыі, пачынаць трэба з дзіцячага садка.

Таксама важны момант – прызнанне фармальных і нефармальных кваліфікацый. Сістэма вышэйшай адукацыі часта не прадастаўляе ацэнку навыкаў, якія не задакументаваныя. Праз гэта (і ў Беларусі такая практыка існуе) часта студэнты павінны наведваць заняткі і курсы, якія яны ўжо прайшлі.

Гохар Гаванісян адзначае, што ўсе гэтыя праблемы немагчыма вырашыць, калі людзі, якія працуюць у сферы адукацыі, не адчуваюць падтрымкі ў сваёй дзейнасці – як матэрыяльнай, так і маральнай. Адказнасць за гэта ляжыць на дзяржаве, паколькі сістэма вышэйшай адукацыі пабудаваная дзяржавай, перакананая экспертка.
Гаворачы пра механізмы падтрымкі сутдэнтаў, ЕСС мае на ўвазе кошты на вышэйшую адукацыю, а таксама тлумачыць, як сістэма грантаў можа палепшыць ці пагоршыць якасць жыцця і магчымасці для студэнтаў. Па словах віцэ-прэзідэнткі, цяпер у студэнцкіх гарадах Еўропы кошты на арэнду жылля растуцьвельмі хутка, што робіць немагчымым для студэнтаў арандаваць нават невялікі пакой і не спрыяе даступнасці адукацыі.

Адна з важных тэмаў – псіхічнае здароўе і сервісы падтрымкі для студэнтаў. Падчас навучання студэнты атрымліваюць шмат стрэсу, і навыкі, каб спраўляцца з ім, пакуль не моцна развітыя, што таксама ўплывае на навучанне і магчымасць рэалізаваць патэнцыял, які ёсць у студэнтаў.

Гнуткасць адукацыі заключаецца перадусім у магчымасцьі для студэнтаў працаваць. Але тут не павінна быць крайнасцяў, кажа Гохар Гаванісян: праца не павінна быць ні абавязковыай, ні недаступнай.

– Мы кажам пра студэнтацэнтрычную адукацыю. Важна разумець, для каго мы будуем сістэму адукацыі. І калі мы не ўключым у яе студэнтаў, мы аказваемся ў сітуацыі, калі гэтая адукацыя нікому непатрэбная. Праблема ў тым, што часта няма дыялогу паміж студэнтамі і выкладчыкамі ці адміністратарамі, якія працуюць у гэтай сістэме. Праблемы ёсць заўжды, і каб іх вырашыць, трэба размаўляць, – падкрэслівае экспертка.

Каментуючы тое, якія змены ў сацыяльным вымярэнні вышэйшай адукацыі адбыліся за пяць гадоў знаходжання ў Балонскім працэсе, Гохар Гаванісян прызналася, што не бачыць тут вялікага прагрэсу.

– Але мы спадзяемся, што летам будзе новы праект з Сустветным банкам па мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі, і ён дапаможа. З еўрапейскага боку мы стараемся прыушаць беларускі бок казаць пра гэта. На жаль, калі мы кажам пра сацыяльнае вымярэнне, у Беларусі яго пакуль не бачна, – канстатуе прадстаўніца ЕСС.

У чым розніца паміж Беларуссю і Аўстрыяй

Больш падрабязна пра сумнеўныя поспехі беларускай сістэмы адукацыі распавёў Уладзімір Дунаеў, эксперт Грамадскага Балонскага камітэту, адзін са стваральнікаў і першы прарэктар ЕГУ (1992-2008). Па яго словах, інклюзіўнасць – адзін з асноўных прынцыпаў, які палягае ў палітыцы Балонскага працэса і Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Але грамадства і беларуская дзяржава ўспрымаюць інклюзіўнасць у гэтай галіне вельмі вузка – толькі як доступ да адукацыі людзей з інваліднасцю.



– Інклюзіўная адукацыя – шлях да інклюзіўнага грамадства. Калі вы хочаце мець інклюзіўнае грамадства, вы павінны прадстаўляць усе яго сацыяльныя групы ў сістэме вышэйшай адукацыі роўным чынам, – кажа эксперт.

Але ў беларускіх рэаліях гэтага не адбываецца. Пасля таго, як наша краіна паказала вельмі сціплыя вынікі выканання дарожнай карты Балонскага працэсу, яна распрацавала ўласны дакумент – Стратэгічны план дзеянняў па мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі ў адпаведнасці з прынцыпамі Балонскага працэсу. Ён прадугледжвае, што кожны год Міністэрства адукацыі будзе канкрэтызаваць свае задачы і прадастаўляць справаздачу па іх выкананні. У Стратэгічным плане Беларусь робіць свае працоўныя планы яшчэ больш сціплымі, чым у дарожнай карце, але і іх не спяшаецца выконваць, адзначае Уладзімір Дунаеў.  

 Якім чынам выконваецца план самога міністэрства на 2018 – 2018 гады

 Якім чынам выконваецца план самога міністэрства на 2018 – 2018 гады



Беларусь вельмі моцна адстае ад уласнага графіка выканання абавязацельстваў. Сярод іх – рамка кваліфікацый (фактына, тое, што называецца балонскай архітэктурай: бакалаўрыят і магістратура). Тут нават ёсць пэўны адкат, паколькі магістратура ў нашай сістэме не адыгрывае ніякай ролі. Пасля інтэрвенцыі Аляксандра Лукашэнкі ў гэтую сферу ў нас прыём у магістратуру скараціўся на 20%. Калі ў Еўропе магістрантаў недзе 22%, то ў нас – 1,7%. Калі ў нас спецыяліст выходзіць пасля 4 гадоў адукацыі, і больш не вучыцца, як вы думаеце, якія будуць эфекты для грамадства і народнай гаспадаркі, у параўнанні з іншымі краінамі? – задаецца пытаннем эксперт.

За апошнія некалькі гадоў з’явілвася хіба што большая адкрытасць да еўрапейскага досведу рэфармавання вышэйшай адукацыі. Беларускі бок гатовы прымаць экспертную дапамогу і ацэнку. Але гэта не завяршаецца тым, што з’яўляюцца заканадаўчыя нарамтывы, якія маглі б рэфармаваць нашую сістэму вышэйшай адукацыі.
Уладзімір Дунаеў згадаў і сітуацыю з нядаўна абвешчанымі вынікамі ацэнкі сістэмы сярэдняй адукацыі PISA. Паводле гэтага міжнароднага рэйтынгу, Беларусь заняла 36 месца сярод усіх краін, што нібыта сведчыць пра някепскае становішча нашай сярэдняй адукацыі. Прынамсі, такім чынам гэта паказала дзяржава і растыражавалі СМІ.

Але, калі б мы не паддаваліся эйфарыі, то ўбачылі б, што ў нас надзіва сацыяльна дэфектыўная сістэма адукацыі. Сацыяльная няроўнасць у нашай сістэме адукацыі кідаецца ў вочы. Вынікі залежаць ад сацыяльнага становішча школьнікаў і ад месца пражывання. Рэзультаты, якія паказалі школьнікі ў ліцэях і гімназіях, на 113 пунктаў адрозніваліся ад тых, якія былі ў сельскай школе. Паводле ацэнкі Сусветнага банка, гэта тры гады навучання! То-бок, пасля 11 класа з сярэдняй сельскай школы выпускаюць маладога чалавека, фактычна, на ўзроўні 9 класа.

Эксперт кажа, што няма нічога дзіўнага ў тым, што вымалёўваецца ў вышэйшай школе, паколькі яна працягвае кансерваваць сацыяльную няроўнасць. Напрыклад, калі паглядзець на каэфіцыент прыёма – працэнт ад кагорты 17-гадовых, – ён у нас з 2011 па 2018 год скараціўся з 85% да 64%. Гэта пры гэтым, што агульная колькасць студэнтаў скарацілася на 36%.

Вышэйшая адукацыя становіцца менш даступнай, у першую чаргу, для выпускнікоў сельскіх школ, доля якіх сярод студэнтаў утрая ніжэйшая, чым доля сельскіх навучэнцаў сярод вучняў сярэдняй школы. Таксама ў нас 90,6% тых, хто вучыцца ў сярэдняй школе на беларускай мове, – сельскія школьнікі. Атрымліваецца, для беларускамоўнай моладзі таксама існуе абмежаванне доступу да адукацыі.

У сярэдняй школе 1% вучняў з інваліднасцю. Але ў ВНУ доля тудэнтаў з інваліднасцю за апошнія гады зменшылася з 0,44% да 0,34%. Атрымліваецца, замест інклюзіі адбываецца ўсё большая дыскрымінацыя гэтай групы.

З гендарным балансам у беларускай вышэйшай адукацыі таксама ёсць праблемы. У нас была фемінізаваная магістратура, але япер доля жанчын на другой ступені вышэйшай адукацыі скарачаецца: калі ў 2010 – 2011 гадах там было 57% жанчын, то ў 2017 – 2018 – 41,4%.

Няма прагрэсу і ў профільнай адукацыі: так, па інжынерным профілі тэхніка і тэхналогія, па якім ва ўсіх краінах бярэцца курс на павелічэнне, у нас працэнт жанчын скарачаецца. Тое ж тычыцца і іншых профіляў адукацыі.

Атрымліваецца, ганарыцца няма чым. Вядома, не толькі ў Беларусі існуе праблема залежнасці ўзроўня адукацыі ад сацыяльна-эканамічнаг становішча. Тут, калі верыць вынікам PISA, мы знаходзімся на адной прыступцы з Аўстрыяй. Але розніца паміж Аўстрыяй і Беларуссю заключаецца ў тым, што для Аўстрыі гэта праблема, якую імкнуцца вырашыць палітычнымі сродкамі, а для Беларусі – не.

Ды што казаць, калі права фарміраваць адукацыйную палітыку ў Беларусі мае толькі адзін суб’ект – кіраўнік дзяржавы. Але ніхто ніколі не бачыў дакумента, падпісанага ім, які б вызначаў напрамкі адукацыйнай палітыкі.
У 2017 годзе такі дакумент зявіўся, праўда, падпісаны міністрам адукацыі. Але там можна прасачыць толькі намёк на сацыяльнае вымярэнне, аднак ніяк не на сацыяльную роўнасць. Пры такой адукацыйнай палітыцы наўрад ці ў Беларусі нешта зменіцца.


– Пачаць трэба з простага: прызнаць наяўнасць праблемы сацыяльнай няроўнасці і ісці па шляхах еўрапейскай палітыкі. Гэтая палітыка павінна быць арыентаваная на мэты, якія можна памераць якасна, павінны быць інструменты для гэтага, – заключае Уладзімір Дунаеў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: