Экстрадыцыя напалову. Расія выдае ў Беларусь спартсмена Кудзіна, але адпускае адміна «Ліды для жыцця»

Вядомага байца ММА Аляксея Кудзіна рыхтуюць для экстрадыцыі з Расіі ў Беларусь. Гэтую інфармацыю парталу TUT.by пацвердзілі дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Паводле іх звестак, спартсмен нядаўна атрымаў дакументы на экстрадыцыю ў Беларусь.
Адвакаты Кудзіна рыхтуюць цяпер дакументы ў Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ).

Кудзіна затрымалі 10 жніўня на акцыі пратэсту ў Маладзечне. 21 жніўня яго адпусцілі, пачаўшы на яго крымінальную справу і прызначыўшы яму хатні арышт. Спартсмен уцёк з краіны і быў абвешчаны ў вышук. 21 студзеня стала вядома, што Кудзіна затрымалі ў Маскве па запыце беларускіх улад.

Ліст у яго падтрымку падпісалі больш за 300 беларускіх спартсменаў. У Кудзіна пяцёра дзяцей — трое з іх прыёмныя.

Іншага беларускага пратэстоўца ў Маскве вызвалілі і не сталі высылаць на радзіму. Як піша mediazona.by, Генпракуратура Расіі не будзе экстрадзіраваць адміністратара тэлеграм-чата «Ліда для жыцця» Мікалая Давідчыка. Пра гэта распавяла яго адвакатка Марыя Красава.

Давідчыка выпусцілі з СІЗА 28 красавіка, але на выхадзе зноў затрымалі і адвезлі ў паліцыю. Там на яго склалі пратакол за парушэнне ўмоў знаходжання замежніка ў Расіі. Паліцыя хацела выслаць яго, але Бутырскі раённы суд толькі аштрафаваў Давідчыка на 5000 расійскіх рублёў і адпусціў дадому.

Давідчыка затрымалі ў Маскве 17 сакавіка. У Беларусі яго вінавацяць у грубым парушэнні грамадскага парадку (артыкул 342 КК).

Паводле «Еўрарадыё».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: