Энергія перамен — альтэрнатыўная і ўзнаўляльная

Сёння ў прасторы "Корпус" у Мінску адбыўся форум "АльтэрнатыўЭнергаСбыт", прысвечаны ўзнаўляльным крыніцам энергіі і экалагізму як такому. 
Арганізатары мерапрыемства: культурны цэнтр Корпус і ініцыятыва "Экадом".

Імпрэзы форума расцягнуліся на ўвесь вечар і мелі на мэце прадэманстраваць гледачам усю разнастайнасць таго, як можна жыць, рабіць і займацца творчасцю не робячы шкоднага ўплыву на прыроду, альбо зводзячы яе да мінімуму. Кароткаметражкі на экалагічную тэматыку з розных краін дэманстравалі гісторыю барацьбы людзей за свае навакольнае асяроддзе, на асобных стэндах дэманстраваліся прылады, што працуюць на ўзнаўляльных крыніцах энергіі, сваімі думкамі і досведам дзяліліся эксперты. На фоне гэтага ішоў кірмаш эка-ініцыятыў — дробных і індывідуальных сацыяльных бізнесаў і праектаў. Іх арганізатары, вырашыўшы зрабіць свет больш экалагічным, сваім прыкладам паказалі: для добрых спраў не патрэбныя ані вялікія грошы, ані адміністрацыйны рэсурс. Галоўнае — імпэт і разуменне таго, чаго ты хочаш.


Друкарскі кааператыў "Улётка" прадстаўлялі Косця і Ліда. Усяго ў кааператыве чатыры чалавекі.

— Нашая ініцыятыва займаецца друкам: друкуем візіткі, улёткі, налепкі, буклеты, вінілавыя магніты, бэйджы. Працуем ужо каля 7 месяцаў. У сваёй вытворчасці спрабуем выкарыстоўваць экалагічную паперу са спецыяльнай сертыфікацыяй, альбо паперу, перапрацаваную другасна. Адкіды вытворчасці адпраўляем на перапрацоўку. Другі аспект звязаны з нашай формай арганізацыі. Мы працуем на прынцыпах кааперацыі, якія супрацьлеглыя прынцыпам, на якіх зараз арганізаваная капіталістычная эканоміка. Мы лічым, што капіталістычная эканоміка наўпрост шкодзіць здароваму стаўленню грамадства да прыроды, бо капіталізм арыентаваны на няспынны рост, эксплуатацыю навакольнага асяроддзя. У супрацьвагу яму кааператыўная эканоміка арыентаваная на гарманічнае ўзаемадзеянне чалавека і прыроды. І мы лічым, што наш кааператыў — частка той эканомікі, якая будзе ў будучыні.

Пакуль у нас не так шмат заказаў, як хацелася б. Прыбытак у нас ёсць, але пакуль яго недастаткова, каб усе маглі атрымліваць заробак, пакуль мы працуем больш на энтузіазме — дзеля будучай свабоды.





Рух "МyCup please" агітуе людзей адмаўляцца ад аднаразовага посуду. Яго прадстаўляе Наталля Блышчык (Цэнтр экалагічных рашэнняў).

— Мы пачалі год таму, пачаўшы расказваць людзям, што аднаразовы посуд не перарабляецца, як і папяровыя шклянкі, і што ў любую кавярню можна прыйсці са сваім кубкам. Мы атрымалі адказы ад санстанцыі, ад Мінгандлю, яны нам сказалі, што гэта не забаронена, калі посуд чысты і не пашкоджаны. Фармальна вам не могуць адмовіць у гэтым. Мы прапанавалі многім кавярням далучыцца да кампаніі — на нашым сайце ёсць мапа, дзе адзначаныя кавярні, што далучыліся да кампаніі. Напрыклад, тут, у Корпусе, даецца 30% зніжка на каву тым, хто прыйшоў са сваім кубкам. Такіх кавярняў ужо каля 40 — ёсць яны ў Бярэсці і ў Мінску, і ў Віцебску. Некаторыя кавярні адмаўляюцца наліваць у свой кубак — бармены маюць на гэтае права. Але тады мы прапануем людзям ісці ў іншую кавярню!




Пра ініцыятыву Fasolika НЧ распавяла Юлія Лісіца.

— Гэта першая ў Беларусі крама без упакоўкі, якая будзе прадаваць касметыку і сродкі на разліў і розны стаф, які дапамагае жыць без смецця. Ініцыятыва паўстала ў тым годзе, як ідэя, а непасрэдна як прататып анлайн-крамы — пару месяцаў таму. Зараз дапрацоўваем яе і запускаем — як толькі прыйдзе бліжэйшая партыя тавараў. Калісьці я была з экскурсіяй на мінскім смеццевым палігоне ў Соснах і мяне вельмі ўразіла колькасць смецця, якое там ёсць — проста гара, якая ўвесь час расце. Я зразумела, што мне хочацца нешта рабіць, каб памяншаць гэтую колькасць. Потым я прыняла ўдзел у акадэміі ZeroWaste, якую ладзіць Цэнтр экалагічных рашэнняў, і там у нас была магчымасць ствараць свае ініцыятывы.

Мы намагаемся абіраць толькі высакаякасныя сродкі і матэрыялы. Тыя ж пракладкі, якія мы прадаем — гэта таксама памяншэнне колькасці смецця. Гэта яшчэ пра тое, што мы робім меней смецця — іх можна выкарыстоўваць вялікую колькасць разоў. Брошкі, якія мы прадаем, з другаснай сыравіны. Яны зроблены не для гэтага адмыслова, новы матэрыял для іх скарыстаны не быў. Ужо да гэтага яны існавалі ў свеце і былі некім выкарыстаныя.
  
На сталай аснове нашым праектам займаецца два чалавекі і яшчэ ёсць група падтрымкі.




Мануфактура "Задума" і яе заснавальніца Святлана Гатальская паставілі сваёй мэтай перапрацоўку пластыку.

— Мы не прыдумляем ровар. Усё пачалося з галандца Дэва Хэйкана, які вырашыў, што калі ты чуеш пра перапрацоўку пластыку, ты адразу прадстаўляеш сабе вялікія завод і нешта дзяржаўнае, недаступнае простым смертным. Ён распрацаваў чатыры машыны, якія дазваляюць перапрацоўваць пластык проста ў гаражы.

Прыкольна ў праекце тое, што тое, што ты будзеш ствараць, залежыць толькі ад тваёй фантазіі. На дадзены момант мы толькі збіраем пластык, і плануем запусціць вытворчасць у верасні. Будзем рабіць вазоны для кветак, для садавіны і гародніны, спадзяюся, што выйдзем на гарадскі ўзровень і будзем замяняць драўляныя часткі ў лаўках на пластыкавыя — і тады мы не будзем секчы лес. Можна рабіць сталешніцы, мэблю, мыльніцы і розную дробязь.




— Агулам нас тры чалавекі. Акрамя іншага мы нясем яшчэ і адукацыйную функцыю — не толькі збіраем пластык, але і тлумачым людзям, якія да нас прыходзяць, як рабіць так, каб адкідаў пластыку было меней.





Аповеды аб сацыяльным прадпрымальніцтве і экалагічных праектах часта сканчаюцца пажаданнямі шчырай дзяржаўнай падтрымкі. Аднак нічога такога ад энтузіастаў і арганізатараў сёння не было чуваць. Магчыма, грае сваю ролю нашая спецыфіка: усё, да чаго кранаецца дзяржава, адразу падвяргаецца жэстачайшай рэгуляцыі, кантролю, падпарадкаванню, і, натуральна, гіне. Падаецца, што ў Беларусі адзінае, што трэба тым, хто імкнецца зрабіць свет больш утульным, — каб ім толькі не заміналі. І гэтага ім хочацца вельмі шчыра пажадаць.

Фота Мікалая Дзядка

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: