Эра неміласэрнасці

Нядаўна мы адзначылі Новы год, надыходзяць праваслаўныя Каляды. Падавалася б, святочныя дні, і настрой павінен быць адпаведны. Але, на вялікі жаль, у вялікай колькасці людзей у сённяшняй Беларусі гэта не так. Нават наадварот.
Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла


Для карнай сістэмы, якая пануе ў Беларусі апошнія больш за чвэрць стагоддзя, не існуе ні святаў, ні выхадных, ні прахадных. Асабліва пасля леташняй электаральнай кампаніі пад назовам «выбары прэзідэнта», калі сотні тысяч абураных агучанымі афіцыйнымі вынікамі галасавання грамадзян пачалі выходзіць на вуліцы, каб адстаяць свае галасы, дабіцца праўды, абараніць свой выбар. Улада абрынула на народ усю сваю магутную і антычалавечую моц. Штодня даводзіцца чытаць і чуць навіны пра чарговыя затрыманні людзі ва ўласных дварах толькі за тое, што сабраліся разам на вуліцы папіць кавы ці гарбаты, або проста разам пабавіць час, нават з дзецьмі. Карная машына разглядае гэта як несанкцыянаваныя акцыі, накіраваныя на парушэнне грамадскага парадку і падрыў дзейнай улады. Прасцей кажучы, для тых узброеных чорнарубашачнікаў і «аліўкавых», што абслугоўваюць рэжым і бароняць яго, відаць, існуе ўстаноўка «больш за трох не збірацца». Хоць могуць схапіць і аднаго ці адну, маладую ці старога, з дзіцём ці з кульбаю – залежыць ад настрою рэжымнікаў.

Месяцамі марнуюцца за кратамі ні ў чым не вінаватыя людзі, у тым ліку і нашы калегі-журналісты, толькі за тое, што прагнуць свабоды і праўды, выконваюць свае прафесійныя абавязкі, прычым у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам (!). Супрацоўнікі так званых праваахоўных органаў працягваюць выкарыстоўваць жорсткую фізічную сілу ў дачыненні да мірных людзей падчас затрыманняў і ў пастарунках, у аўтазаках і РУУС. А так званыя суддзі канвеерна выносяць непакорным грамадзянам штрафы і суткі, не зважаючы, пенсіянер перад імі ці чалавек з інваліднасцю, вядомы сваімі дасягненнямі на ўвесь свет спартовец ці проста шматдзетная хатняя гаспадыня, студэнт ці прафесар, настаўнік ці ўрач, артыст ці тэлевядоўца. Адміністрацыйных арыштантаў часта трымаюць у перапоўненых камерах, і гэта не гледзячы на пандэмію каронавірусу, якая пануе і ў нашай краіне.

Пасля арыштанцкіх сутак людзі выходзяць з вязніц хворыя і знясіленыя, стомленыя і змарнаваныя, але не зломленыя. На дамах і вежах, на дрэвах і правадах працягвае з’яўляцца гістарычная сімволіка, як бы яе не імкнуліся знішчыць камунальнікі, эмэнэснікі ды іншыя бюджэтнікі. У вокнах запальваюцца свечкі і лампадкі белага і чырвонага колераў, такія ж гірлянды, нягледзячы на маразматычныя тлумачэнні дзяржструктур, што нават прыватная кватэра ў пэўны час можа разглядацца як грамадскае месца (?!). Але людзі працягваюць вывешваць бела-чырвона-белыя сцягі і Пагоні, не зважаючы на небяспеку апынуцца за гэта ў вязніцы.

І гэта яшчэ больш выбешвае ўладатрымцаў. Новай вельмі непрыемнай з’явай апошніх дзён сталі вечаровыя нападзенні апранутых у спартыўную вопратку і ўзброеных бугаёў на мірных грамадзян у дварах і падваротнях, калі вось гэтыя істоты проста хапаюць і збіваюць людзей. Хоць усе добра разумеюць, кім ёсць насамрэч гэтыя «героі» дзікіх паляванняў і іх арганізатары. Патокі афіцыйнай ілжы льюцца з тэлевізараў і радыёкропак, са старонак дзяржаўных друкаваных выданняў, у той час як недзяржаўныя газеты закрываюцца, або ім адмаўляюць у друку, а журналістам замінаюць працаваць ці ўвогуле саджаюць. Працягваюцца звальненні з працы і выключэнні з навучальных устаноў за грамадзянскую пазіцыю, адбываюцца ператрусы ў рэдакцыях незалежных выданняў і офісах праваабарончых арганізацый, у прыватных фірмах і кватэрах дэмакратычных актывістаў ды журналістаў. Такім чынам, сёння проста не пакідае адчуванне, што ўлада распачала паўнавартасную вайну са сваім народам, які яна прызвычаілася разглядаць як народзец, маўклівы пакорны статак, не здольны на самастойныя разважанні і ўчынкі. У час, калі захістаўся трон пад першым і пакуль бяззменным правадыром, для ўлады скончыліся такія паняцці, як справядлівасць, прыстойнасць, праўда, гонар, годнасць, смеласць, дабрыня, свабода, адказнасць, права, законнасць. Асабліва пасля таго, як заснавальнік і ачольнік сённяшняга тутэйшага рэжыму сам уласна заявіў, што цяпер «не да законаў».
 
Знікла і паняцце адэкватнасці. З адэкватнай краіны не сталі б з’язджаць дзясяткі тысяч людзей, бо ім ці іх блізкім пагражае рэальная небяспека. З адэкватнай краіны не стаў бы бегчы бізнес, яе не сталі б пакідаць айцішнікі, якія давалі ў дзяржаўную скарбонку сотні і сотні мільёнаў долараў, таленавітыя артысты і высокакваліфікаваныя медыкі, прадстаўнікі іншых прафесій, якіх з радасцю прымаюць у развітых краінах. А тутэйшыя князькі робяць стаўку на штрэйкбрэхераў або наймітаў з-за ўсходняй мяжы, якія, аднак, не надоўга тут і затрымліваюцца – не такой ўжо і прывабнай аказваецца разрэкламаваная рэжымнай прапагандаю «краіна для жыцця» з «государством для народа». Асабліва калі ў атамана заканчваецца залаты запас, расце хваля санкцый, падае эканоміка, а шляхі паляпшэння становішча і пазітыўныя перспектывы нават не праглядваюцца ў блізкай і сярэдняй перспектыве.      
  
Вось у такой сітуацыі і адзначае Беларусь каляндарныя святы, якія ў эпоху неміласэрнасці перасталі быць сапраўднымі святамі. Так, проста выходныя. Хоць, хочацца спадзявацца, падобны настрой зменіцца, і як мага хутчэй. Інакш і быць не можа у краіне, жыхары якой нарэшце сталі асэнсоўваць, усведамляць сябе Народам. Таму будзе і на нашай вуліцы сапраўднае свята. Абавязкова будзе, і не адно. А пакуль што з Калядамі вас, Люд паспаліты!         

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: