Эрганоміка павольнай асфіксіі

У тыя далёкія часы, калі была прапанаваная і задзейнічаная сістэма ўзаемадзеяння ўлады і апазіцыі ў Беларусі аўтарства Ханса-Георга Віка, ніхто і ўявіць сабе не мог, што нашы ўсходнія заклятыя сябры будуць сюды не чарнамырдзіных дасылаць, каб адмазаць ад немінучага імпічменту, а батальённыя групы пскоўскіх дэсантнікаў у суседнія краіны з поўнаю баявою экіпіроўкаю і загадам страляць па ўсім, што рухаецца.

Сёння ўжо ў краіне мала хто і памятае, хто ж такі быў гэты Ханс-Георг Вік, і як ён намагаўся — кіруючыся найлепшымі матывамі — хоць неяк выправіць унутраную сітуацыю пасля разбурэння самога падмурку законнасці і правапарадку дзяржаўным пераваротам, здзейсненым Аляксандрам Лукашэнкам і ягонымі падначаленымі, большасці якіх ужо нават і ў краіне сёння няма. Альбо і ў жывых — па розных прычынах, дарэчы.

Таму крытыкаваць гэтую сістэму з пазіцыі дня сённяшняга — звышлёгка, бо сёння яна сябе зжыла, паколькі не ўлічвала фактару пагрозы, што ўзнік ужо пасля яе стварэння і набіраў сілу на працягу шматлікіх гадоў. Як ігнаравалі яе і ўсе дзеянні дзяржавы за гэты ж перыяд. Затое на працягу гэтых жа гадоў яна стварала для многіх у нашай краіне парадаксальна вельмі зручную сітуацыю — існаванне ў шэрай зоне двайной падкантрольнасці ў сітуацыі адноснай бяспекі. Адноснай — падкрэсліваю, бо сам перажыў не адзін гэбэшны ператрус.

Палітычныя партыі і вельмі значная частка грамадскіх арганізацыяў у рамках ціхага гешэфту плану Віка займаліся толькі той часткай павесткі, якая наўпрост не пагражала далейшаму існаванню палітычнага ладу, што склаўся ў Беларусі (склаўся — зручнае слова!), а мясцовы рэжым прыкрываў вочы на атрыманне гэтымі партыямі і арганізацыямі патаемнага замежнага фінансавання і прасаваў іх толькі згодна з графікам меандраў найвышэйшай дзяржаўнай волі, падпарадкаваных у асноўным электаральнаму цыклу. Прэзідэнцкаму ж натуральна, бо такой арганізацыі, як парламент, у традыцыйным значэнні ў Беларусі не назіраецца ўжо даўно.

І я сам быў часткай гэтай сістэмы — пра якую шчыра думаў у ключы «кропля точыць камень», «трывалыя змены не могуць быць рэвалюцыйнымі ў такіх закаснелых краінах, як наша» і «альбо падзішах памрэ, альбо асёл здохне»…

Стратэгія павольнага дрэнажу пасіянарыяў з асноўнай плыні змагання за незалежнасць і галоўную свабоду — свабоду ад дыктатуры — аказалася супервыйгрышнай для рэжыму. І прывяла да таго, што пазасістэмнае палітычнае жыццё краіны ператварылася амаль у нішто. А чорны кабель цяпер амаль адбелены ў вачах знешніх партнёраў рукамі самой колішняй апазіцыі.

І мы раптам апынуліся ў цалкам новай сітуацыі, калі ўлада — тая самая, што мела «пакрысе эвалюцыянаваць» — палепшылася дзякуючы нашым высілкам настолькі, што рыхтуецца да здачы дзяржаўнага суверэнітэту разам з усімі намі ў якасці пасіўнага перамоўнага капіталу на размовах з крамлёўцамі пры поўным нежаданні Захаду «паміраць за Мінск» нават у пераносным сэнсе.

Мы ж — тыя, для каго незалежнасць і суверэнітэт Беларусі з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю, рэальна засталіся сёння адны. І ніхто звонку — з аніякага накірунку — нам дапамагчы не ў стане. Тое, што мы можам тут і цяпер — гэта хутка данесці да як мага найвялікшай колькасці суайчыннікаў старую праўду — той, што прадае свабоду за каўбасу, вельмі хутка не будуць мець ані першага, ані другога. Бо не з’яўляецца суб’ектам палітыкі ва ўласнай краіне, а толькі яе маўклівым аб’ектам.

Новы тып дзяржавы, які нам майструюць бабічы з іхнымі мясцовымі памагатымі, нават не мае вялікай патрэбы далей маскіравацца пад беларускую — гэта будзе проста паліцэйская сістэма на базе кітайскіх лічбавых тэхналогій і ардынскіх тэхналогій падаўлення любога супраціву тых народаў, якія мелі гістарычнае няшчасце патрапіць пад імперскую раздачу.

Зірніце на маніторынгі актыўнасці агенцтваў мяккай сілы РФ на тэрыторыі Беларусі — працэс селекцыі кандыдатаў у будучую акупацыйную адміністрацыю новай федэральнай акругі ўжо запушчаны і працуе напоўніцу. А асабліва ахвотныя самі бегаюць у расійскую амбасаду і прапануюць свае паслугі ў рознай якасці — ім да лямпачкі, каму служыць, абы грошык капаў на новы «Лексус».

Ды што там казаць, паглядзіце на лёс крымскіх татараў пад расійскай акупацыяй сёння — гэта магчымы лёс беларусаў заўтра. Калі мы толькі не здолеем знайсці ў сабе сілы пайсці ўкраінскім шляхам, каб не даць скрасці ў сваіх дзяцей і ўнукаў найвялікшыя каштоўнасці — нацыянальную дзяржаву, мову і чалавечую годнасць. Ці ўсё ж каўбаса?

Вы каштавалі расійскую каўбасу?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!