ЕС мае намер прымаць турыстаў, прышчэпленых ухваленымі еўрапейскім рэгулятарам прэпаратамі

Усе краіны Еўрасаюза будуць прымаць турыстаў, якія вакцынаваны ад каронавіруса прэпаратамі, якія прайшлі сертыфікацыю Еўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў (EMA). Пра гэта заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у інтэрв'ю газеце «The New York Times», апублікаваным у нядзелю.

«Цалкам ясна адно: усе 27 краін, якія ўваходзяць у ЕС, будуць безумоўна прымаць усіх, хто вакцынаваны прэпаратамі, ухваленымі Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў», — сказала яна.

Прадстаўніца ЕС дадала, што тэрміны аднаўлення падарожжаў пакуль яшчэ залежаць ад эпідэміялагічнай сітуацыі. Фон дэр Ляен не ўдакладніла, якой будзе палітыка Еўрасаюза ў дачыненні да тых падарожнікаў, якія прышчэплены іншымі вакцынамі.

Пакуль EMA ўхваліла для вакцынацыі ад каронавіруса чатыры вакцыны: амерыканска-германскага кансорцыума «Pfizer» і «BioNTech», амерыканскай кампаніі «Moderna», брытанска-шведскай «AstraZeneca» і амерыканскай кампаніі «Johnson & Johnson». Расійская вакцына «Спутник V» знаходзіцца ў працэсе вывучэння Еўрапейскім рэгулятарам.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: