ЕС: Пазбаўленне TUT.BY статусу СМІ — апошні крок у адкрытым пераследзе журналістаў

Еўрасаюз расцэньвае пазбаўленне партала TUT.BY статусу СМІ як ціск на журналістаў і заклікае беларускія ўлады вярнуць яго. Пра гэта заявіў Пітэр Cтана, афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазэпа Барэля.


«Пазбаўленне статусу СМІ TUT.BY — апошні крок у адкрытым пераследзе журналістаў і свабодных СМІ. Гэта павінна спыніцца», — цытуе Стана REFORM.by.

«Права TUT.BY на абскарджванне рашэння павінна паважацца, і статус СМІ павінен быць вернуты. Еўрасаюз заклікае да вызвалення ўсіх зняволеных журналістаў, у тым ліку Кацярыны Барысевіч», — дадаў Стана.

Нагадаем, учора Эканамічны суд Мінска прыняў рашэнне пазбавіць TUT.BY статусу СМІ па пазове Міністэрства інфармацыі, якое да гэтага вынесла некалькі папярэджанняў сеткаваму выданню. Партал спрабаваў аспрэчыць іх, але атрымалася зняць у судовым парадку толькі адно папярэджанне.

Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч была затрыманая па справе аб разгалошванні медычнай таямніцы. Па той жа справе затрыманы лекар БХМД Арцём Сарокін, які перадаў звесткі аб тым, што ў крыві рамана Бандарэнкі, які памёр пасля збіцця на «Плошчы Пераменаў», адсутнічае алкаголь. Барысевіч і Сарокін прызнаныя палітвязнямі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: