ЕС упершыню ў Беларусі адзначыць Еўрапейскі дзень моваў

Аб’яднанне культурных прадстаўніцтваў краін ЕС (EUNIC) у Беларусі ўпершыню адзначае Еўрапейскі дзень моваў. У чацвер, 26 верасня, EUNIC правядзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Мінска спецыяльную акцыю.

Паштоўка EDL (фрагмент), www.goethe.de

У лютым гэтага года Беларусь стала чарговай краінай Еўропы, дзе пачаў працаваць кластар EUNIC — Аб’яднанне культурных прадстаўніцтваў краін Еўрапейскага саюза. Напачатку верасня ў рэзідэнцыі пасла Аўстрыі прайшла афіцыйная прэзентацыя EUNIC для беларускіх дзяржаўных ўстаноў і прадстаўнікоў культуры.

Прэзідэнт кластара Якаб Рачак (Гётэ-Інстытут) распавёў пра мэты і структуру гэтай арганізацыі, якая дзейнічае ў больш чым 90 краінах свету. У наступным годзе Мінскі кластар EUNIC прысвеціць сваю дзейнасць пытанням міжнароднага культурнага супрацоўніцтва.

У чацвер, 26 верасня, ва ўсім свеце будзе адзначацца Еўрапейскі дзень моваў. З гэтай нагоды EUNIC правядзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Мінска спецыяльную акцыю.

З 16:00 да 19:00 гадзін усе зацікаўленыя змогуць узяць удзел у эксклюзіўным фармаце — СПІКДЭЙТЫНГУ. Па пяць хвілін на кожную размову — і за дзве гадзіны вы атрымаеце ўяўленне адразу пра цэлы шэраг еўрапейскіх моваў. Акрамя гэтага, гасцей будзе чакаць кніжная шафа з лепшымі еўрапейскімі выданнямі апошняга часу і спецыяльная віктарына са шматлікімі прызамі.

Сябрамі EUNIC у Мінску з'яўляюцца: Польскі Інстытут у Мінску, Гётэ-Інстытут у Беларусі, Дацкі Інстытут культуры, Інстытут Дантэ Аліг'еры, Пасольства Аўстрыі ў Мінску, Пасольства Францыі ў Мінску і Пасольства Італіі ў Мінску.

Уваход вольны.

Паводле прэс-рэлізу



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!