Еўрасаюз забаранілі? Тады Батумі — родны дом

Перліна ля мора — гэта не толькі пра Адэсу, дзе ўецца вуліца Дзерыбасаўская і заўсёды добрае надвор’е. Гэта і пра Батумі таксама — дзе наўсцяж чыстае неба, а набярэжная шыкоўная, амаль як на Капакабане. У Аджарыі ёсць усё — сіняе мора, белы параход, празрыстая, як сляза, чача, барвовае, як кроў, віно… І цудоўныя людзі, гатовыя запрасіць у госці і начаставаць на тыдзень наперад. Дзе ж ты, мая Суліко?..
Фота psam.uk.com

Фота psam.uk.com


Але сёлета ў Батумі будзе яшчэ і беларускі футбол. Так ужо сталася праз закрыццё паветранай прасторы над Беларуссю, пра што мы згадвалі тыдзень таму, калі анансавалі еўракубкі.

Навін з таго часу адчувальна паболела.

За БАТЭ — «Дынама»

Барысаўскі БАТЭ, хутчэй за ўсё, сустрэнецца з батумскім «Дынама» ў другім кваліфікацыйным раундзе Лігі канферэнцый. Так распарадзілася жэрабя, і тут стасункі мусяць адбыцца паводле раскладу. 22 ліпеня барысаўчане злётаюць у цёплую Грузію, памочаць ногі ў Чорным моры і паспрабуюць гэтымі нагамі забіць пару галоў мясцовым футбалістам.

А праз тыдзень, 29-га, ужо дынамаўцы наведаюць Беларусь, заедуць з гастролямі ў адказ на «Барысаў-Арэну» — і хто там па суме дзвюх гульняў возьме верх, тое навуцы пакуль не вядома.

Але вядома іншае. БАТЭ не стане адзінай беларускай камандай, якая сёлета звітае ў краіну хванчкары, хачапуры і Вахтанга Кікабідзэ. Туды ж кіруецца яшчэ і брэсцкае «Дынама» — і гэта ўжо афіцыйная інфармацыя.
Падрабязнасці такія. Нейкі час у Брэсце яшчэ спадзяваліся, што супернік — чэшская «Вікторыя» з Пльзеня — пагодзіцца гуляць на берагах Буга, і нават прапанавалі яму адпаведную лагістыку. Невядома, што за сусанінскія шляхі там былі пазначаныя і якім таемным чынам меркавалася абмінуць паветранае эмбарга, але гэта ўжо і не важна. Бо ідэя сталася марнай, і ў выніку напрыканцы мінулага тыдня сваё важкае слова сказаў УЕФА. У Ньёне вынеслі чаканы вердыкт: гуляць строга на нейтральным полі.

Ну, калі так, то «запасны аэрадром» «Дынама» пачало шукаць побач — у суседняй Польшчы. Справа насамрэч няхітрая: «бяла-чырвоная» краіна, у адрозненне ад нашай квітнеючай, загнівае так выкрутліва, што годныя стадыёны (разам з аэрапортамі, што важна) там чамусьці ёсць амаль ва ўсіх больш-менш буйных гарадах. І таму ж «Дынама» не варта было б нават ехаць у гаманлівую Варшаву. Прыдаўся б той жа Люблін, да якога 160 кіламетраў і дзе ёсць камфартабельны, добраўпарадкаваны 15-тысячнік з усімі патрэбнымі «наваротамі».

А не хочаш Люблін — калі ласка ў Беласток. Назіральныя беларусы добра ведаюць: там маюцца не толькі пастаянныя кірмашы і іншыя гандлёвыя аазісы, дзе ў дружалюбных паноў зручна рабіць эпічныя «закупы». Да вашых паслуг таксама — сучасны стадыён «Мейскі», каб мы так жылі, як яны там гуляюць.

Мусіць, сярод гэтага багацця выбару нетаропка б і поркаліся ў Брэсце, калі з Мінска нечакана прыляцеў непрашыбальны кіраўнічы «бан». Дасведчаныя людзі кажуць, што айчыннае Мінспорта наўпрост забараніла беларускім камандам абіраць у якасці нейтральнага поля арэны… з Еўрасаюза. Чаму? Здагадайцеся з трох разоў.

Вось так, уласна, на гарызонце і ўзнік Батумі, які ў вачах брэстаўчан пераважыў іншыя, больш блізкія, варыянты — у той жа Польшчы ды Украіне. Бо і візаў у Грузію не трэба, і чартэрны рэйс шматпакутнай «Белавія» можна зладзіць… А што ўсё гэта моцна б’е па кішэні, то што ж — як кажуць, па законах рэвалюцыйнага часу, дый нічога іншага не заставалася.

У Батумі з «Вікторыяй», такім чынам, брэсцкае «Дынама» згуляе 29 ліпеня — праз тыдзень пасля выязной гульні ў Чэхіі. Матч пройдзе без гледачоў (гэта таксама рашэнне УЕФА), дый на чорта грузінскім заўзятарам глядзець на чужынцаў. А вось прамая тэлетрансляцыя на Беларусь з Грузіі не пашкодзіла б. Зрэшты, ці будзе яна — пытанне пакуль адкрытае.

Стадыён-цукерка

Варыянт з Батумі, дарэчы, прывабны не толькі з гледзішча сёлетняй мудрагелістай лагістыкі. Ён прыўкрасны яшчэ і месцам, дзе прыйдзецца прасаваць траву-мураву гульцам БАТЭ і брэсцкага «Дынама». Цудоўным спартыўным збудаваннем, аналагаў якому ў Беларусі, зноў жа, знайсці цяжка.

Знаёмцеся, «Батумі-Арэна» — новенькі, амаль лялечны, стадыён непадалёк ад мора (там хвілін дзесяць нетаропкай хады), так бы мовіць, дзецішча грузінскіх футбольных дойлідаў на чатыры зоркі паводле высокіх стандартаў УЕФА. Гэта значыць, што тут можна праводзіць якія заўгодна міжнародныя матчы, акрамя самых-самых статусных (для самых-самых патрэбныя ўмяшчальнасць не менш за 35 тысяч гледачоў і, адпаведна, пяць зорак).

«Батумі-Арэна» здольная прыняць у адзін вечар да 20 тысяч заўзятараў, і для 170-тысячнай сталіцы Аджарыі гэтага больш чым дастаткова. Стадыён узвялі на месцы старога «Цэнтральнага», які памятаў часы яшчэ савецкага футбола. За старарэжымную даўніну грузіны вырашылі не трымацца мёртвай хваткай. Наадварот: зруйнавалі яе ўшчэнт, а на нанова зробленай будаўнічай пляцоўцы хуценька выкапалі катлаван і змайстравалі фундамент.

Будаўніцтва заняло два гады, а цырымонія адкрыцця «Батумі-Арэны» адбылася ў верасні мінулага года. Удзельнікі і відавочцы ацанілі — і прыгожы знешні выгляд, і самадастатковае ўнутранае аздабленне, і якаснае поле з натуральнай травой. Што адметна: аб’ект мэтанакіравана зрабілі выключна футбольным — то-бок без бегавых лёгкаатлетычных дарожак. І гэта дадало выгодаў гледачам — гульня ім тут бачная як на далоні.

Фота stadiumdb.com. «Батумі-Арэна»: стадыён з відам на мора 

Фота stadiumdb.com. «Батумі-Арэна»: стадыён з відам на мора 

Дапытлівы чытач, канешне, звернецца да аўтара з дакорам: як гэта ў Беларусі няма аналагаў? Бо і стадыён «Дынама» ў Мінску мае тыя ж чатыры зоркі ад УЕФА, і «Барысаў-Арэна». Усё так, калі не чапаць суадносін цаны і якасці. Усё-ткі ў Барысаве трыбуны ўмяшчаюць істотна меней — 13 тысяч чалавек, а агулам увесь праект, адкрыты ў 2014 годзе ў Печах, каштаваў 58 мільёнаў долараў. Тады як 20-тысячнік у Батумі — толькі 45.

Што да мінскага стадыёна «Дынама», то тут розніца яшчэ больш уражвае. Рэканструкцыя галоўнага спартыўнага збудавання Беларусі пацягнула на ашаламляльныя 200 мільёнаў долараў, і пры гэтым яе вынікі, мякка кажучы, спадабаліся не ўсім. Бо і трыбуны адчувальна звузіліся — да 22 тысяч месцаў, і аб’екту надалі лёгкаатлетычны профіль — з шырачэзнымі дарожкамі... Ну і, вядома, асобныя «архітэктурныя рашэнні» выклікалі гамерычную рэакцыю ў сеціве: як той вадасцёк, што выходзіў наўпрост на сходні, пад ногі заўзятарам, ці як тыя легендарныя «сіямскія пісуары», што здзіўлена «глядзелі» адзін на аднаго з суседніх сцен, ледзьве не сутыкаючыся «насамі».

Бялград і Казань

Аднак вернемся ў сучаснасць і адзначым, што вызначыліся з месцам правядзення хатніх матчаў таксама «Шахцёр» і жодзінскае «Тарпеда».

Салігорцы пацвердзілі інсайды. З балгарскім «Лудагорцам» у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў яны сустрэнуцца ў Бялградзе — на стадыёне з лірычнай назвай «Чукарычкі» (і таксама без гледачоў). Гэта адбудзецца 13 ліпеня, праз тыдзень пасля таго, як гарнякі спачатку згуляюць у гасцях — у Разградзе.

Цікава, што на еўракубкі ў Салігорску робяць надзвычай высокую стаўку. Не маючы асаблівых цяжкасцяў у роднай вышэйшай лізе (першыя ачкі чэмпіёны краіны страцілі толькі ў мінулую суботу — у 14-м туры!), клуб тым не менш апошнім часам падпісаў кантракты адразу з некалькімі зусім не таннымі гульцамі-замежнікамі — і гэта толькі па-першае.

Па-другое, «Шахцёр» бачыў, які наперадзе цяжкі гульнявы графік, і загадзя парупіўся пра перанос адразу двух бліжэйшых матчаў нацыянальнага чэмпіянату — меркавана, недзе на восень. Ці дапаможа гэта супраць «Лудагорца»? А калі балгар атрымаецца перамагчы, няўжо і наступныя гульні вышэйшай лігі будуць адкладзеныя? І ці правільна робіць федэрацыя, калі стварае такім чынам ільготныя рэжымы для ўдзельнікаў еўракубкаў? І ці няма тут парушэння прынцыпаў роўнааддаленасці і роўных умоў для ўсіх? Ва ўсе часы такія пераносы спараджалі падобныя пытанні — і ўніверсальнага адказу на іх няма дагэтуль.

Ну і, нарэшце, пра «Тарпеда». Жодзінцы, як мы ўжо паведамлялі, на пачатку хацелі правесці свой хатні матч Лігі канферэнцый у расійскай Туле. Потым — у такіх жа расійскіх Калінінградзе альбо Хімках. Нідзе не склалася — мусіць, праз цэннік на арэнду стадыёна ці па якой іншай прычыне. Але добра, што Расія — вялікая краіна. Тарпедаўцы яшчэ крыху пахадзілі па буфеце і, падаецца, знайшлі прытулак — у Казані. Там жыве і працуе мясцовы клуб «Рубін», а непасрэдна ў горадзе ёсць некалькі арэн, дзе беларусы з горада БелАЗаў паспрабуюць пачувацца як дома. Зрэшты, гэта будзе вельмі цяжка: надта моцны супернік трапіўся на шляху — дацкі «Капенгаген».

Наогул, прагнозы на сёлетнюю еўракубкавую эпапею для беларускіх клубаў збольшага несуцяшальныя. Кожны раз шукаць стадыён для хатніх матчаў і прапрацоўваць лагістыку — так сабе асалода. А ў дадатак і цяперашні ўзровень нашых клубаў аптымізму не выклікае. Калі па выніках ліпеньскіх гульняў з чатырох удзельнікаў «выжывуць» хаця б два — гэта ўжо будзе плённы эфект.

Але ж ліпень — гэта толькі пачатак. Далей будзе ўсё цяжэй і цяжэй. Дажыць да восені — да прэстыжнага групавога раунду — сёння гэта выглядае як ружовая мроя.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: