Еўрасаюз забараніў пастаўкі дзвюх кобрынскіх цацак

Сёлета два беларускія тавары не прайшлі спажывецкую экспертызу наглядных органаў Еўрасаюза, піша "Ежедневник". Дарэчы, за папярэднія 14 гадоў такіх выпадкаў было зафіксавана ўсяго восем.
Паводле звестак Еўрапейскай сістэмы аператыўнага апавяшчэння пра небяспечныя спажывецкія тавары RAPEX, патэнцыйна небяспечнымі для насельніцтва Еўрасаюза прызнаныя дзве дзіцячыя цацкі кобрынскай фабрыкі "ПП Палессе".

Першая — гэта пластмасавы разборны самалёцік з лётчыкам. Еўрапейскім стандартам яна не адпавядае, бо дзіця можа лёгка зняць дробныя дэталі (галаву лётчыка) і задушыцца ёй. Імпарцёру гэтых цацак (ён знаходзіцца ў Літве) загадана "забараніць маркетынг прадукту і любыя спадарожныя меры".

Другая цацка — гэта разборны пластмасавы кот (Bimbosfera-kotek). Прэтэнзіі да яго тыя самыя: дзіця можа зняць каціную галаву, пакласці ў рот і задыхнуцца. Акрамя таго, дзіця можа задушыцца і занадта доўгім шнурам на цаццы. Гэтую цацку і польскаму імпарцёру, і вытворцу загадана зусім вывесці з рынку.

Паводле інфармацыі "Ежедневника", з 2005 года у "чорны спіс" RAPEX трапілі восем тавараў, што паходзяць з Беларусі.


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!