EVAлюцыя годнасці

Тое, што цяпер адбываецца ў нашым грамадстве, не толькі важна з пункту гледжання гістарычнай перспектывы, але і неверагодна прыгожа.


Мірны супраціў парадзіў нават сваю эстэтыку: белыя стужкі, разнастайныя мемы, многія з якіх сталі ўжо часткай інтэрнет-прасторы. Пад якім назовам гэты рух застанецца ў гісторыі? Свет ведаў «аксамітную рэвалюцыю» ў Чэхаславакіі 1989 года, вынікам якой стала падзенне камуністычнага рэжыму, «цюльпанавую рэвалюцыю» ў Кыргызстане 2005 года, што забяспечыла дэмантаж сямейна-кланавай сістэмы прэзідэнта Акаева і выгнанне яго з краіны.

Вельмі не хочацца да нашага руху прышпільваць слова «рэвалюцыя», бо яно пахне зброяй. Да таго ж дзень выбараў 9 жніўня, як падаецца, можа стаць толькі кульмінацыяй, але не завяршэннем мірнага супраціву.

Успамінаючы, з чаго ўсё пачалося (В. Бабарыка — арышт — калекцыя — Х. Суцін — «Ева»), напрошваецца іншае слова, якое даўно лунае ў медыйнай прасторы: EVAлюцыя. У перакладзе з іўрыту EVA абазначае «тую, што дае жыццё», і гэтае слова надзіва дакладна трапляе ў нерв вобразна-паэтычнага ладу нацыянальнай літаратурнай творчасці. Памятаеце, у Максіма Багдановіча радзіма асацыюецца найперш з вобразам маці:

                                                                       Маці родная, Маці-Краіна,
                                                                       Не ўсцішыцца гэтакі боль!..
                                                                       Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
                                                                       За Цябе яму ўмерці дазволь.

Амаль містычным чынам дух суцінаўскай забранай «Евы» рэінкарнаваўся ў вобразе трох жанчын, якія змаглі ачолець пратэстны супраціў. Ніхто не дасць веры, што іх з’яўленне — гэта вынік дзейнасці прасунутых паліттэхнолагаў. Занадта тонкай была прырода грамадскага пратэсту сотняў тысячаў людзей, якія толькі што прачнуліся ад летаргічнага сну і, разрываючы іржавыя ланцугі страху, змаглі салідарызавацца ў адзінае цэлае.

Такім «ферментам» абуджэння стала пачуццё ўласнай годнасці. У нашага трывушчага, спакойнага і неваяўнічага народа яно стагоддзямі заганялася ці не пад корку свядомасці разам з вынішчэннем нацыянальнай эліты. А каб гэты «фермент» запрацаваў, патрэбна была жыватворная сіла. Ёй магла стаць толькі жанчына — слабая, уразлівая, пазбаўленая абаронцы, але неверагодна моцная ў сваім жаданні вярнуць яго. Ва ўсе часы і ва ўсіх народаў каханне было і будзе самым магутным матыватарам учынкаў.

Нашаму руху — назоў «EVAлюцыя годнасці», і яго «не разбіць, не спыніць, не стрымаць»!
     


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: