Фатографа з Крэва выклікаюць у міліцыю за Масленіцу ў яго на падворку

Вядомы фатограф і ўраджэнец Крэва Сяргей Гапон у нядзелю запрасіў да сябе на радзіму гасцей, каб адсвяткаваць Масленіцу, абяцаў добрае надвор'е і бліны. Развітанне з зімой адзначалі ў яго на падворку, піша «Еўрарадыё».
Бліны на падворку ў Сяргея Гапона​ / facebook.com/gapon.sergey

Бліны на падворку ў Сяргея Гапона​ / facebook.com/gapon.sergey

Былі бліны, карагоды, вогнішча і спальванне пудзіла. Падводзячы вынік дня ў Facebook, Сяргей Гапон прызнаў, што рады быў бачыць у сябе старых і новых сяброў, а яшчэ распавёў, што «гэтым разам чакана на нашую тусоўку завітала і раённая міліцыя з позвай на маё прозвішча на заўтра для дачы пісьмовых тлумачэнняў па артыкуле 24.23».

Гаворка ідзе пра артыкул «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», які ў ранейшай рэдакцыі КаАП меў нумар 23.34.

Госці Гапона пад допісам у Facebook здзівіліся ўвазе міліцыі, таму што свята праходзіла на падворку фатографа — па сутнасці, ён проста прымаў гасцей. Такімі тэмпамі, пажартаваў адзін з каментатараў, у бліжэйшы час санкцыянаваць ва ўлад, каб не патрапіць пад артыкул аб незаконным масавым мерапрыемстве, давядзецца і правядзенне вяселляў.

Складанасці з арганізацыяй і правядзеннем Масленіцы сёлета ўзніклі і ў іншых актывістаў. Да прыкладу, жыхарам мінскага мікрараёна Брылевічы сёлета не дазволілі ладзіць развітанне з зімой — папярэдзілі, што дваровае свята будзе лічыцца несанкцыянаваным мерапрыемствам. Арганізатарам у гэтым выпадку выступаў орган мясцовага самакіравання —  КОТГС, і ў мінулыя гады да такіх дваровых святаў КОТГС з Брылевічаў нават заахвочвалі.

Таксама 27 лютага за святкаванне Масленіцы на прыватным падворку пад Маладзечна затрымалі 25 чалавек, удзельнікі святкавання атрымалі адміністрацыйныя штрафы і арышты, апроч таго заведзена крымінальная справа па артыкуле 368 Крымінальнага кодэкса за абразу прэзідэнта.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: