Фатографы Аляксандр Васюковіч і Уладзь Грыдзін выйшлі з Акрэсціна (фота)

Яны адбывалі 11-суткавы арышт за нібыта ўдзел у «Маршы Герояў» 13 верасня.
Уладзь Грыдзін і Аляксандр Васюковіч

Уладзь Грыдзін і Аляксандр Васюковіч

Журналістаў ля ізалятара сустракалі калегі і сябры. Яны распавялі. што стаўленне да іх было такое ж, як да ўсіх. Лекі пазаштатніку «Новага Часу» Аляксандру Васюковічу далі толькі на 4-ты дзень арышту.

Аляксандр Васюковіч

Вядомых у Беларусі і ў свеце фотакарэспандэнтаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча затрымалі 13 верасня а 21-й гадзіне ў мінскім бары «1067» разам з сябрам Ягорам Калягіным.

Васюковіч сядзеў у бары разам з Грыдзіным і Калягіным, расказала Свабодзе іх суседка па століку Жанна. Пасля таго як мужчыны выйшлі пакурыць і вярнуліся ў бар, па іх зайшлі 6–7 чалавек у балаклавах. Мужчын затрымалі і забралі іхнае абсталяванне. Імёны іншых затрыманых пакуль невядомыя. З запісаў камераў назірання было відаць, што некаторыя сілавікі былі ў форме АМАПУ.

Журналістаў даставілі ў Фрунзенскае РУУС, адкуль іх пасля перавезлі ў ізалятар на Акрэсціна.У выніку некалькіх судовых пасяджэнняў і дапрацоўкі пратаколаў фатографам прысудзілі па 11 сутак адміністрацыйнага арышту.

Грыдзін быў фотакарэспандэнтам Радыё Свабода, пакуль 29 жніўня ўлады не пазбавілі яго і яшчэ трох журналістаў акрэдытацыі. Апошні час супрацоўнічаў з парталам Tut.by. Уладзь быў пераможцам і прызёрам конкурсу Belarus Press Photo, яго здымкі публікавалі сусветныя агенцтвы і СМІ.

У канцы ліпеня звыш 200 журналістаў звярталіся да ўладаў і сілавікоў у справе гвалту супраць журналістаў і перашкодаў у працы:

«У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсць артыкул 198: „Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста... караецца штрафам, або пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, або займацца пэўнай дзейнасцю, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін“».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: