
Беларускі фонд
спартыўнай салідарнасці размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведамленне,
якое мае дачыненне да Дзмітрыя Баскава і спецыяльнага расследавання, што
праводзіць адносна старшыні ФХБ Міжнародная федэрацыя хакея. Паводле меркавання
Фонда, ІІХФ у гэтым напрамку дзейнічае вельмі марудна і неэфектыўна.
У сувязі з гэтым Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заклікаў нацыянальныя хакейныя федэрацыі розных краін накіраваць лісты ў ІІХФ і запытаць вынікі расследавання па справе Баскава.
«Фонд адправіў лісты ў 37 нацыянальных федэрацый і паведаміў, што ІІХФ працягвае заставацца ў баку ад гэтай гучнай справы, — гаворыцца ў адмысловым прэс-рэлізе Фонда. — Пра тое, што Міжнародная федэрацыя хакея праводзіць сваё незалежнае расследаванне, было абвешчана больш за 2 месяцы таму. Фонд накіраваў у ІІХФ дастатковую колькасць матэрыялаў, у тым ліку журналісцкія расследаванні, злітыя раней у прэсу запісы тэлефонных размоў, а таксама вынікі незалежнага расследавання, праведзенага ініцыятывай ByPol.
Усе матэрыялы ўтрымліваюць доказы таго, што высокапастаўлены чыноўнік, які ўзначальвае Беларускую хакейную федэрацыю, датычны да выкрадання, збіцця і забойства Рамана Бандарэнкі. Аднак ніякай інфармацыі аб ходзе расследавання ІІХФ і выніках так і не паступіла.
Пры гэтым няма неабходнасці казаць, што адпаведныя і адэкватныя меры па справе г-на Баскава павінны быць прыняты ў тэрміновым парадку. Фонд патрабуе пажыццёвай забароны Баскава на ўдзел у любых хакейных мерапрыемствах і заклікае нацыянальныя федэрацыі ўключыцца ў гэты працэс».
Нагадаем, беларускі мастак Раман Бандарэнка памёр у лякарні 12 лістапада, пасля таго, як напярэдадні вечарам быў збіты ў выніку інцыдэнту на «Плошчы Перамен». Паводле шматлікіх сведчанняў і журналістскіх расследаванняў, у той вечар на «Плошчу Перамен» прыязджалі «неабыякавыя грамадзяне», каб зразаць БЧБ-стужкі — у іх ліку былі людзі, падобныя да старшыні хакейнай федэрацыі Дзмітрыя Баскава і былога байца Дзмітрыя Шакуты.