Федэрацыя гандбола: Больш не дапамагаем дзіцячым школам, бо НАК нас пракінуў!

Беларуская федэрацыя гандбола на два гады спыняе аказанне дапамогі дзіцячым спартовым школам. Прычына — Еўрапейскія гульні, якія Беларусь прымае летам 2019 года. Ліст з БФГ, які атрымала адна з гандбольных школаў, публікуе спартовы сайт "Трыбуна".

У гандбольнай СДЮШАР №8 у Гродна Еўрарадыё пацвердзілі: дырэктар сапраўды атрымаў непрыемны ліст з Федэрацыі. А неўзабаве ў нас атрымалася датэлефанавацца і да намесніка старшыні БФГ Івана Семянені, чый подпіс стаіць на дакуменце.

«Мы ўвесь час падтрымлівалі ўсе нашы дзіцячыя спартовыя школы — у нас у рэспубліцы іх больш за 40. Мячы, брамы табло, іншыя моманты — увесь час падтрымлівалі, — распавёў Еўрарадыё Іван Георгіевіч. — Але цяпер склалася такая сітуацыя, што са спонсарамі стала крыху складана. І нас пракінуў НАК (Нацыянальны алімпійскі камітэт) па тых дамоўленасцях якія мы з імі мелі. Мы апынуліся ў такой сітуацыі, што мы грошы лічым, а раскідваць іх больш не будзем. Паглядзіце на іншыя віды спорта! Нашы школы сёння забяспечаныя, як ніякія іншыя»

Па словах Семянені, гандбольныя школы з'яўляюцца самастойнымі юрыдычнымі асобамі і маюць сваё фінансаванне і забеспячэнне. Падтрымка Федэрацыі была дадатковай, і ніякіх пэўных абавязальніцтваў у яе няма. Далей БФГ пяройдзе на «кропкавую» падтрымку гандбольных школ — «толькі там, дзе адкрываюцца новыя аддзяленні і новыя залы».

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску ў 2019 годзе. Гандбол у іх праграму не ўваходзіць. На падрыхтоўку да спаборніцтваў Беларусь абяцала выдаткаваць «не больш за $50 млн».

Еўрарадыё

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: