Фэйкньюс у ролі чароўнай палачкі

Не вам вырашаць, займаецеся вы пікетаваннем ці не займаецеся — на тое ў краіне існуюць кампетэнтныя органы.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

За намі Праўда. Для беларусаў, якія атрымліваюць інфармацыю з дзяржаўных СМІ, нічога нечаканага ў гэтым няма. Такая прырода дзяржаўных СМІ. Яны заўсёды на баку праўды — прычым, праўды з вялікай літары. Нават калі дэманструюць унутраную сувязь паміж каталіцкім крыжам і нацысцкай свастыкай.

Ёсць і такая Праўда. «Мінская Праўда». У год народнага адзінства попыт на яе ўзрос шматкроць. А дзе попыт, там і прапанова.

Праўда дзяржаўных СМІ ёсць вытворная ад аўтарытэту дзяржаўнай улады. У гэтым яе прынцыповае адрозненне ад таго вартага жалю падабенства на праўду, на якую прэтэндуюць недзяржаўныя СМІ. Але як бы апошнія не тужыліся — нічога, акрамя фэйкаў, выціснуць з сябе не здольныя.

Прымаўкай «Закон — што дышаль...» чалавека савецкага (а такі сацыякультурны тып яшчэ масава сустракаецца ў геаграфічным цэнтры Еўропы) не здзівіш. Ён успрымае дзяржаўнае самавольства як норму, г. зн. усведамляе, што права прыраўноўваць закон да дышлю манапалізаванае дзяржавай.

Прыгадаем гісторыю з бел-чырвона-белай сімволікай. «Ініцыятыва грамадзян па ўпрыгожванні Мінска не павінна быць самавольнай. Праз 2–3 месяцы гэтыя стужачкі ператворацца ў неахайныя лапікі тканіны, якія не будуць несці эстэтычнага эфекту», — растлумачыў 14 жніўня 2020 года намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран.

Але эстэтычны аргумент здаўся службовай асобе непераканаўчым — і быў тут жа дапоўнены: «Вывешванне сцягоў на балконах, фасадах дамоў стварае пажаранебяспечную сітуацыю».

Законапаслухмяным грамадзянам двойчы паўтараць не давялося, і яны сталі вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі ўнутры ўласных кватэр (на вокнах, балконах, лоджыях).

Вы думаеце, што дзяржава для народа разгубілася? Адказ на ініцыятыву несвядомых грамадзян прыйшоў у ботах. 10 снежня прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама патлумачыла, што публічная дэманстрацыя сцягоў забароненых колераў, у адпаведнасці з артыкулам 10 Закона РБ «АБ масавых мерапрыемствах», будзе трактавацца як правядзенне масавага мерапрыемства — пікетавання.

Знайшоўся і адпаведны артыкул у КаАП (частка 1 артыкула 23.34), які прадугледжвае адказнасць — штраф да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт.

Натуральна, супрацьстаянне на гэтым не завяршылася. На спробу грамадзян звярнуцца да эзопавай мовы — у прыватнасці, вывешваць на балконах сподняе ў бел-чырвона-белай паслядоўнасці, дзяржава адказала ўжо знаёмым чытачам артыкулам КаАП 23.34 (гл. папярэдні абзац).

Свежы прыклад супрацьстаяння я сустрэў на сайце onliner.by: «Раніцай 9 верасня 19-гадовую Вікторыю Левіну затрымалі на вуліцы Адзінцова ў Мінску. Міліцыянтам не спадабаўся колер валасоў дзяўчыны, таму яе затрымалі і даставілі ў Фрунзенскае РУУС. У пратаколе паводле артыкула 24.23 КаАП пазначана, што яна "правяла пікетаванне, маючы на галаве бел-чырвона-белыя валасы"».

Шляхі Гасподнія неспавядальныя. Інтэрнэт падказвае, што сэнс гэтага фразеалагізму палягае ў тым, што чалавечы розум не мае магчымасці паўнавартасна ўсвядоміць ход гістарычных падзей і зразумець прычынна-выніковыя сувязі нават ва ўласным жыцці.

Вертыкальная ісціна

Аднак ад фактаў, часам грубых, звернемся да тэарэтычных развагаў.

«Колькі дывізій у Папы Рымскага?» — грэбліва спытаў таварыш Сталін у пасла Францыі П’ера Лаваля ў траўні 1935 года. А пра якую праўду можна весці гаворку, калі няма дывізій?

Нам выпала шчасце жыць у свеце, у якім не ўлада (дзяржава) ствараецца грамадствам, а грамадства — дзяржавай. Прыгадаем калектывізацыю, што за лічаныя гады перафарматавала сялян з іх тысячагадовай гісторыяй у калгаснікаў.

А сучасныя прадпрымальнікі — гэты пабочны прадукт гарбачоўскага закона «Аб кааперацыі»? Улада прыняла закон, аднак у любы момант яна можа перадумаць. І тады сучасны варыянт «вашывых блох» паўторыць лёс нэпманаў.

Ці хлусіць нам дзяржава для народа? Не, не і не! Прычыну гэтага трохразовага «не» не варта звязваць з незвычайна высокім узроўнем маралі дзяржаўных дзеячаў. Той тып дзяржавы, што склаўся ў нас за апошнія 27 гадоў, не здольны хлусіць па азначэнні.

Хлусня, згодна з Вікіпедыяй, — гэта свядомае скажэнне ісціны. Але ўспомнім пытанне Пілата, звернутае да Хрыста: «Што ёсць ісціна?» У нашым выпадку ісцінай з’яўляецца тое, што лічыцца такой на вяршыні ўладнай вертыкалі.

Гэта адзін з краевугольных прынцыпаў дзеючай цяпер Канстытуцыі: «Артыкул 85. Прэзідэнт на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». А хіба можа быць абавязковае да выканання распараджэнне няправільным, не адпавядаць ісціне?

Спадзяюся, гэты прынцып будзе захаваны і ў новай рэдакцыі Асноўнага закона. Інакш які сэнс ухваляць яе на рэферэндуме?!

Праблема не ў гаварунах

«Калі правадыр не выказаўся наконт праблемы, — тлумачыць расійскі публіцыст Іван Давыдаў, — значыць, наогул ніякай рэальнасці няма, ёсць здагадкі. Калі выказаўся — значыць, яго словы і ёсць рэальнасць. Калі праз дзень, праз год ці праз паўгода на тую ж тэму ён выказаўся па-іншаму — значыць, рэальнасць памянялася. Дакладней, яна заўсёды была такой, якой яе цяпер апісвае правадыр, а ўсё іншае — падступныя інсінуацыі ворагаў стабільнасці, аплачаныя заходнімі грашыма».

Фарміраванне такога віду рэальнасці не варта ўспрымаць як ноу-хау заснавальнікаў Саюзнай дзяржавы. Яна з’яўляецца абавязковай умовай існавання ўсіх вертыкальных сацыяльных структур. Як тут ні прыгадаць савецкі анекдот: «Ці вагаліся вы калі-небудзь? — Так, але толькі разам з лініяй партыі!»

У наш неспакойны, дынамічны час дзяржаве становіцца ўсё складаней навязваць сваё ўяўленне аб праўдзе. Вось тут і прыходзяць на дапамогу фэйкньюс. Іх аўтары, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў, не абавязаныя пераконваць слухачоў у тым, што яны кажуць праўду, адну толькі праўду.

Дадзім слова гісторыку Андрэю Зорыну: «Мэта фэйкньюс — забіць інфармацыйны канал, каб чалавек перастаў нават спрабаваць зразумець, хлусяць яму ці не. Хлусня, якая не выдае сябе за праўду і пераконвае, што розніцы паміж хлуснёй і ісцінай няма, — гэта досыць новая з’ява».

Галоўнае — гаварыць, гаварыць, гаварыць... Праблема не ў гаварунах. Праблема — у слухачах, якія надзеленыя правам самастойна шукаць адказ на біблейскае пытанне: «Што ёсць ісціна?»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: