Фэйл – не злачынства, а частка жыцця!

«Мы не згодныя, што ў Мінску сумна жыць, і хочам вас пераканаць!» — заявілі арганізатары дыскусіі ў культурным цэнтры Корпус. Failure party — так паўжартам была названая імпрэза, дзе дзеячы бізнесу, культуры і НДА расказалі, якія фэйлы напаткалі іх у прафесійнай дзейнасці, і як яны іх адолелі
Арганізаваў імпрэзу Цэнтр новых ідэй.

Цыкл аповедаў аб поспехах і няўдачах сваёй дзейнасці быў адкрыты Алёнай Агарэлашывай – крызіс-менеджэркай праекту Дотык. Яна распавяла аб неаднаразовых спробах дзяржаўных органаў і асобных СМІ сарваць ЛГБТ-мерапрыемствы, што, аднак, часта толькі прыбаўляла ім папулярнасці і піяру. Павярнуць напады сабе на карысць не так складана, лічыць яна: «Усё гэта можна знайсці ў любым падручніку па крызіс-менеджменце».


Кажучы аб газеце "Вячэрні Магілёў", што асабліва старана змагаецца з геямі і лесбіянкамі, Алёна адзначыла, што ў публікацыях гэтага і падобных выданняў між радкоў выразна чуваць: «Яны згубілі ўсялякі страх!». Аднак «страх, гэта ўвогуле тое, што мусіць адсутнічаць» — падсумавала яна.

Арцём Канцавы – заснавальнік буйнога беларускага IT-партала dev.by. Натхняецца Стывам Джобсам, а самым буйным фэйлам лічыць тое, што аднойчы ў перыяд працы фатографам намяшаў гарэлку з бехераўкай.




Ігар Кольчанка — заснавальнік піар-агенцтва Sette. Ягоны досвед крыўдных правалаў надзвычай багаты. Пачынаючы ад выпуску 1 млн. пачак «Чыпсаў з лукам» (менавіта «лукам» а не «цыбуляй»), сканчаючы тым, як новая супрацоўніца адмовілася працаваць у кампаніі пасля таго, як ёй зладзілі занадта пазітыўны дзень народзінаў.




Для публікі ён сфарміраваў тры выразныя правілы аб тым, што трэба рабіць, калі зафэйліў. Па-першае, выбачыцца, па-другое, чалавек які пацярпеў, мусіць атрымаць пэўную сатысфакцыю, па-трэцяе – трэба зрабіць так, каб такая памылка больш не паўтарылася.

Адказваючы на пытанне мадэратаркі "Трэба рабіць як трэба ці як хочацца?" Ігар быў абсалютна пэўны:

«У любой справе трэба рабіць не "як трэба", не "як усе", як ніхто ніколі не рабіў».


Маргарыта Лазарэнкава — арганізатарка канферэнцыі Emerge, заснавальніца Creative Belarus, пачала займацца бізнесам яшчэ студэнткай. Рэстаран, у якім таксама праводзіліся імпрэзы, акупіўся ўсяго праз 2-3 месяцы. Аднойчы пасля вечарыны ў іх памяшканні мусіў адбыцца майстар-клас па кветкавай тэматыцы. Аднак у прамежку між двума івэнтамі прыбіральшчыца не прыйшла... На фоне белых сцен і прыгажосці вакол бутэлькі і бруд давалі, мякка кажучы, не лепшае ўражанне. Пасля гэтага, кажа Маргарыта, на адным з гарадскіх выданняў не пісалі яшчэ два гады.




Рэцэпт барацьбы з фэйламі у яе просты: "Дзейнічаць па інстынкту, і спрабаваць яго пераадолець".

Насця Рагатко — галоўная рэдактарка KYKY.ORG. Да памылак і правалаў у працы ставіцца па-філасофску:
"Ты жывеш у плыні фэйлаў, і паступова прывучваешся з імі жыць. Гэта бесканечная гонка, трэба навучыцца выдыхаць. За час сваё працы я стала трохі Ёдай – акунаюся ў рэжым Джэдая і імкнуся вырашаць гэтыя пытанні".

Адзін з самых значных выпадкаў, прыгаданых Насцяй, – тое, як у 2017 годзе Раскамнагляд заблакаваў адзін з артыкулаў KYKY, які быў апублікаваны яшчэ ў 2014-м. Артыкул той быў пра людзей, якія крадуць у магазінах. Раскамнагляд ўнёс яго ў забаронены рэестр і даў парталу суткі на тое, каб яго выдаліць.
Але юрысты, да якіх звярнулася рэдакцыя, прапанавалі зрабіць "ход канём": 

А перакладзіце яго на беларускую. Рускія ж не прачытаюць на мове».

Так і было зроблена – артыкул вісіць дагэтуль.

Ягор Рытвінскі — арганізатар фестываляў Stereo Weekend і Vulitsa Ezha. Адзін з найпершых фэйлаў – жорсткая залева на першым жа фестывалі, да якой арганізатары ніяк не падрыхтаваліся. Потым фестываль незадаволеныя наведвальнікі «разнеслі ў пух і прах» і называлі «убожеством».



Мусіць, менавіта досвед «узаемадзеяння» з прыродай і прывёў Ягора да трохі фаталісцкага стаўлення да правалаў у працы. На пытанне мадэратаркі «што робіш, калі нешта ідзе не па плане?», ён адказаў:
"Калі можна аператыўна вырашыць — шукаю шляхі вырашэння. Калі не — пераключаюся на іншыя моманты, а тое, на што паўплываць не можаш, — проста адпусціць".

Такое ж стаўленне праглядвалася ў аповедах многіх з выступоўцаў, дасведчаных івент-менеджэраў і кіраўнікоў: "Не можаш вырашыць – адпусці". Мусіць, такім чынам згаладнелая па спакою і спантаннасці псіхіка рэагуе на штодзённую гонку адказнасці, поспеху і дасягненняў, у якую большасць з нас уганяе сябе на працягу ўсяго жыцця...

Фота Мікалая Дзядка

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: