Фігурант справы аб забруджванні нафты ў «Дружбе» напісаў яўку з павіннай

Адзін з фігурантаў справы аб крадзяжы нафты і забруджванні нафтаправоду "Дружба" няякаснай сыравінай намеснік дырэктара ТАА "Магістраль" Сяргей Баландзін напісаў яўку з павіннай, інфармуе РІА "Новости" са спасылкай на суддзю Самарскага абласнога суда Гульнару Гураву. 
Следчы камітэт Расіі

Следчы камітэт Расіі

Раней Следчы камітэт Расіі пачаў крымінальную справу на шасцярых удзельнікаў злачыннай супольнасці, якія скралі нафту прыкладна на адзін мільён расійскіх рублёў (каля 15 тысяч долараў). Па версіі следчых, каб схаваць крадзеж, яны паставілі няякасную нафту, дадаўшы ў яе хлорарганічныя злучэнні. Забруджаная нафта трапіла ў магістральны трубаправод, ад чаго восем рэзервуараў парку "Лапаціна" былі сапсаваныя.

Праваахоўнікі затрымалі Баландзіна, а таксама гендырэктара ТАА "Нафтаперавалка" Святлану Балабан, яе намесніка Рустама Хуснутдзінава і гендырэктара ТАА "Петранафта Актыў" Уладзіміра Жогалева. Усе чацвёра абскардзілі свой арышт. Але Самарскі абласны суд 15 траўня пакінуў Баландзіна, Хуснутдзінава і Жогалева пад арыштам. Матэрыялы па скарзе Балабан у суд пакуль не паступілі.

Яшчэ два фігуранты справы знаходзяцца ў вышуку. Гэта Раман Трушаў, якога ў СМІ называюць заснавальнікам ГК "Петранафта", і былы гендырэктар ТАА "Самаратранснафта-Тэрмінал" Раман Ружэчка.

Пра пастаўкі няякаснай нафты з Расіі "Белнафтахім" паведаміў 19 красавіка. У выніку было сапсаванае дарагое абсталяванне на Мазырскім НПЗ. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы дагэтуль працуюць на зніжаных магутнасцях. Страты Беларусі ад пастаўкі няякаснай сыравіны па падліках СМІ могуць складаць да 435 мільёнаў долараў. 


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!