Фігуранта «Справы патрыётаў» судзяць за набой да Калашнікава

У Ленінскім судзе Мінска судзяць Андрэя Бяляўскага, фігуранта «Справы патрыётаў», затрыманага 21 сакавіка 2017 году. Гэтым разам яму інкрымінавалі захоўванне аднаго набоя пад аўтамат Калашнікава, які знайшлі следчыя падчас вобшуку 24 сакавіка ў рамках следства па «справе аб масавых беспарадках», якая неўзабаве развалілася.
Андрэй Бяляўскі разам з адвакатам

Андрэй Бяляўскі разам з адвакатам

Бяляўскі поўнасцю прызнаў віну. Паводле яго расповеду, набой ён знайшоў пад задняй сядушкай машыны, якую набыў у Рэчыцы ў 2013-м і прыгнаў у Мінск. Не ведаючы, ці набой баявы, ці наўпрост копія, Андрэй вырашыў яго захаваць – як сувенір – закінуў у шуфляду стала і …забыўся. Там набой калібру 7,62 і праляжаў ажно да вобшуку ў рамках сумна вядомай «Справы патрыётаў».

Балістычная экспертыза давяла, што набой усё ж такі баявы, таму 27 лістапада 2017-га, у дзень закрыцця папярэдняй справы, была ўзбуджаная новая – за захоўванне боепрыпасаў (ч.2 арт.295 КК РБ).

Андрэй працуе 3D мастаком, халасты, раней прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці адно за парушэнне правілаў дарожнага руху. На судзе ён выглядаў максімальна спакойна і ўпэўнена, нават усміхаўся. Тут жа прысутныя ягоныя бацькі ды сябры, шмат хто з якіх таксама з’яўляўся фігурантамі “Справы патрыётаў”.

Суддзя Марына Запаснік аб’явіла перапынак да 14.00.

Пасля перапынку пракурор запрасіў 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Прысуд будзе абвешчаны заўтра, 12 студзеня. Пачатак паседжання ў 9:30.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць