Фігуры тыдня: Дар’я Домрачава, Юрый Жадобін, Алег Качан, Ігар Заічкоў

Дар’я Домрачава

 

Беларуска Дар’я Домрачава выйграла золата Чэмпіянату свету па біятлоне. 26-гадовай мінчанцы не было роўных у гонцы з масавым стартам, дзе прынялі ўдзел 30 лепшых біятланістак свету.



Да гэтай гонкі чэмпіянат атрымліваўся для Домрачавай няўдалым, але на апошнюю гонку Дар’я выйшла вельмі матываванай. На першай стральбе яна дапусціла адзін промах і пайшла толькі 13-й, але ўжо да другой стральбы беларуска нагнала фаварытаў і стала 5-й. Да сярэдзіны круга Домрачава выйшла ў лідары і ўжо нікога не выпусціла наперад. На трэцяй стральбе Дар’я была дакладная, на апошняй дапусціла адзін промах. 

Залаты медаль Домрачавай дазволіў беларускім біятланістам заняць 4-е агульнакаманднае месца на Чэмпіянаце свету–2013. На мінулым чэмпіянаце свету ў 2012 годзе ў актыве беларускіх спартсменаў было 2 медалі, і абодва на рахунку Дар’і Домрачавай, якая выйграла золата ў гонцы пераследу і стала срэбным прызёрам у спрынце.


Юрый Жадобін

Ва Узброеных сілах Беларусі пастаянна ўдасканальваецца аператыўная, мабілізацыйная і баявая падрыхтоўка, «зыходзячы з таго, што мяняюцца формы і метады ўзброенай барацьбы, мэты тых, хто развязвае лакальныя і рэгіянальныя канфлікты», заявіў міністр абароны генерал-лейтэнант Юрый Жадобін. 

У прыватнасці, у рамках вучобы арміі ў 2012 годзе была праведзена двухбаковая камандна-штабная ваенная гульня, «калі адно аператыўнае камандаванне з сіламі ўзмацнення ваявала супраць іншага аператыўнага камандавання», растлумачыў міністр. Упершыню Генеральны штаб правёў дзелавую гульню з органамі дзяржаўнага кіравання.

Паводле слоў міністра, летась было праведзена больш за 400 мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі: ад баявых стрэльбаў узводаў да батальённых тактычных вучэнняў, паведамляе БелаПАН.

Апроч вучэнняў міністр абароны Юрый Жадобін распавёў і пра стан спраў у афіцэрскім корпусе. «Я задаволены, што ў цяжкія для ўсіх часы, 2009–2011 гады, калі долар зваліўся, завагаліся адзінкі, хто пакінуў войска», — падкрэсліў кіраўнік Мінабароны. Але ў 2009–2011 гадах аўральнымі тэмпамі абясцэньваўся акурат такі не долар, а беларускі рубель.


 Ігар Заічкоў, Алег Качан

Скандальная гісторыя распачалася вакол былога міністра спорту і турызму Алега Качана і памочніка прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Ігара Заічкова. Выданне «Ежедневник» паведаміла, што чыноўнікаў абвінавацілі ў крадзяжы прыбіральняў для сваіх дачаў.

Пасля сходу ў Нацыянальным алімпійскім камітэце восенню мінулага года Лукашэнка адправіў у адстаўку Качана і Заічкова. Лукашэнка даручыў праваахоўным органам старанна разабрацца з дзейнасцю спартыўных чыноўнікаў, асабліва ў сферы будаўніцтва іх асабістай нерухомасці.

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС выявіла спецыфічныя аб’екты нерухомасці, якія быццам бы былі ўстаноўленыя на дачных участках Качана і Заічкова за чужы кошт. Па дадзеных ГУБЭЗ МУС, у чэрвені 2012 года на вытворчым лесаперапрацоўчым участку «Закрэўшчына» Уздзенскага лясгасу былі вырабленыя 2 дваровыя прыбіральні.

Аб’екты нерухомасці вырабляліся з лесаматэрыялаў, але ў вельмі добрым, можна нават сказаць, прэзентабельным выглядзе, таму і кошт прыбіральні атрымаўся каля 10 мільёнаў рублёў. Дваровыя прыбіральні былі адлюстраваны ў бухгалтарскім уліку прадпрыемства і ў далейшым адгружаныя ў «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі», размешчаны ў пасёлку Ратамка Мінскага раёна. Аднак рэальна прыбіральні былі дастаўлены ў садоўніцкае таварыства «Моя отрада» ў вёсцы Закаблукі Мінскага раёна і ўстаноўленыя на зямельных участках Ігара Заічкова і Алега Качана. 

Журналісты «Еўрарадыё» з’ездзілі ў прысталічную вёску Закаблукі (10 кіламетраў ад Мінска), каб паглядзець, што ж за прыбіральні на дачах паставілі сабе высокапастаўленыя чыноўнікі. Драўляных прыбіральняў не знайшлі, але пабачылі на ўчастках дарагія сучасныя катэджы. У адным з агенцтваў нерухомасці паведамілі, што добры катэдж у 10 кіламетрах ад кальцавой з падведзенай вадой, газам і электрычнасцю можа каштаваць ад 300 тысяч долараў. А ў сярэднім — каля 500 тысяч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!