Фігуры тыдня: Ігар Сечын, Пётр Пракаповіч, Вікторыя Азаранка

Ігар Сечын

Прэзідэнт «Раснафты» Ігар Сечын сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Тон гэтай сустрэчы быў вельмі цікавы. Лукашэнка падзякаваў Сечыну за тое, што ён заступіўся за Беларусь па пытаннях пастаўкі нафты з Расіі. У адказ Сечын падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ўвагу да сумесных праектаў, якія рэалізуюцца на тэрыторыі Беларусі. Вельмі цікава падзякаваў.



У прыватнасці, паведаміў, што раніцай 11 верасня правёў прадметныя перамовы са старшынёй канцэрна «Белнафтахім» Ігарам Жыліным. Затым дакладна акрэсліў канцэпцыю супрацоўніцтва з Беларуссю: «Мы дамаўляемся аб развіцці нашага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Крыху пазней я вам дакладу аб тых канкрэтных праектах, якія мы хацелі б развіваць. Безумоўна, пастаўкі матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў і прадуктаў харчавання — гэта таксама адзін з напрамкаў магчымага супрацоўніцтва. І мы запрашаем беларускіх вытворцаў удзельнічаць у тэндэрах, якія праводзіць наша кампанія. Па той наменклатуры, якая вырабляецца ў Беларусі, мы будзем рады бачыць і абсталяванне, і прадукты. Мы дастаткова шмат закупляем для нашых супрацоўнікаў. У кампаніі «Раснафта» цяпер працуюць каля 300 тысяч чалавек», — дадаў Ігар Сечын.

Рыторыка Сечына здзіўляе. «Я вам дакладу», «У кампаніі працуюць 300 тысяч чалавек»... Як быццам Сечын — ужо і не Сечын, а адзін з беларускіх міністраў. Можа, Сечын будзе наступным прэм’ерам Беларусі?

Пётр Пракаповіч

Былы галоўны банкір, а цяпер віцэ-прэм’ер, Пётр Пракаповіч у адстаўку не збіраецца.

Адказваючы на пытанне «Еўрарадыё», ён заявіў, што ва ўрадзе «вельмі маладыя кадры». «Скажу, што сярэдні ўзрост тых упраўленняў, якія я курырую, — 31 год! У нас ёсць кіраўнікі па 30–35 гадоў, міністры па 45. Гэта пытанне такое — як чалавек гатовы. Залежыць ад яго магчымасцяў і здольнасцяў».

Аднак, па словах чыноўніка, кваліфікаваных маладых спецыялістаў у органах дзяржкіравання папросту не хапае. «Іх проста няма! Вельмі мала! Калі казаць аб кадравай палітыцы — наадварот, у нас кірунак, каб былі маладыя ўсюды. Але пытанне аб высокакваліфікаваных кадрах. Нельга паставіць міністрам адразу пасля ВНУ, каб ён сядзеў і нічога ў гэтай сферы не ведаў. Каб стаць міністрам у адукацыі, трэба папрацаваць дырэктарам школы. Гэта вялікая адказнасць. Трэба даказаць, што ты лепшы за іншых. І другое пытанне — заробак. Шмат хто хоча пайсці ў камерцыйную структуру, бо там вялікія зарплаты», — сказаў Пракаповіч.

Што да ўласнай адстаўкі, то сыходзіць з дзяржслужбы Пракаповіч не збіраецца: «Я не сыходжу, бо пакуль спраўляюся. Калі не буду спраўляцца — адразу адправяць».

А можа не трэба чакаць новай дэвальвацыі ?

Вікторыя Азаранка

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка прайграла ў фінале Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. Пераможцай стала амерыканка Серэна Уільямс. Лік — 7:5, 6:7, 6:1.

Першы сэт беларуска прайграла без пытанняў (5:7), у другім павяла 1:0, потым аддала чатыры геймы (1:4), але здолела сабрацца і зраўняць лік (5:5, 6:6), перавёўшы сэт у тай-брэйк і бліскуча яго завяршыла — 7:6 (8:6).

Трэці сэт Уільямс выйграла 6:1.

Тым не менш, нягледзячы на пройгрыш, Азаранка атрымала вялікія прызавыя, якія склалі $1,3 мільёна.

Год таму Азаранка і Уільямс ужо гулялі ў фінале, і Вікторыя ў выніку прайграла US Open, вёўшы ў трэцім вырашальным сэце з лікам 5:3.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: