Флэшмоб на Дзень Волі: беларусы вывешваюць нацыянальныя сцягі

Адмена масавых святкаванняў не перашкаджае адзначаць 102-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ва ўмовах каранціну арганізатары адмовіліся ад ідэі масавых святкаванняў. Так, быў скасаваны святочны канцэрт у Гродне, арганізатары свята на Дзень Волі ў Мінску таксама адклікалі сваю заяўку.

Але многія вырашылі не абмяжоўвацца перанясеннем свята анлайн, а сталі вывешваць на сваіх вокнах нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, як гэта прапанаваў зрабіць блогер Эдуард Пальчыс:

«Вывешваем нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг: на балконе, у двары ўласнага дома, на акне і г.д. Можна пазначыць сцяжком, стужачкай або налепкай сваё аўто. Абавязкова павіншуйце сваіх сяброў, блізкіх, знаёмых асабіста або праз сацсеткі з хэштэгам #bnr102. Калі хто ўжо сядзіць з-за віруса дома: святкуйце ў сваёй кватэры. А мы ў гэтым дапаможам вам святочным стрымам увечары 25-ага сакавіка. Трансляцыя пачнецца ў 18.00 на YouTube. Ну і ў 21.00, прытрымліваючыся ўсіх правілаў бяспекі і інструкцый, запускаем феерверкі ў зручным для гэтага месцы», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Абяцаную трансляцыю можна будзе глядзець па гэтай спасылцы.








Апроч таго, Рух Салідарнасці «Разам» заклікаў вернікаў усіх хрысціянскіх канфесій у Дзень Волі, 25 сакавіка, а 12:00, правесці супольную акцыю, кожны — на сваім месцы, дзе ёсць: прачытаць разам малітву «Ойча наш».
У гэтую ж хвіліну разам будуць маліцца хрысціяне ва ўсім свеце, па закліку Папы Рымскага Францыска, аб ацаленні свету ад пандэміі, у знак спачування і салідарнасці. Вернікі-не хрысціяне могуць у той самы час чытаць свае малітвы.

Пасля малітвы вернікаў, у 12:15, прапануецца агульнае чытанне ІІІ Устаўной граматы на фоне бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Можна рабіць гэта анлайн ці выкладаць здымкі ў сацыяльныя сеткі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: