Фонд BySoL змяняе фармат падтрымкі пацярпелых за грамадзянскую пазіцыю беларусаў

Звольненым па палітычных матывах не будуць дапамагаць фінансава, але дапамогуць працаўладкавацца. Акрамя таго, фонд абвясціў аб фінансавай падтрымцы сем’яў палітвязняў.


Праграма дапамогі людзям, звольненым за свае палітычныя погляды, змяніла фармат, паведаміў сузаснавальнік BySoL Андрэй Стрыжак.

Грамадзянам, што звярнуліся ў фонд пасля 18 снежня будзе прадастаўляцца не матэрыяльная падтрымка, а дапамога ў працаўладкаванні. «Гэтыя людзі атрымаюць магчымасць знайсці працу ў лаяльных працадаўцаў па сваёй прафесіі або перакваліфікавацца», — цытуе Стрыжака «Салідарнасць».

«Жыццё працягваецца і людзям патрэбныя грошы не толькі на першы час, а ў выпадку, калі рэвалюцыя зацягнецца, то і даўжэй. Мы перабудавалі сваю працу такім чынам, што будзем прасоўваць і падтрымліваць ініцыятвы, якія займаюцца дапамогай у прадастаўленні працы», — паведаміў Стрыжак.

Ён растлумачыў, што фонд ужо пачаў супрацоўнічаць з некалькімі ініцыятывамі і рабіць прадукты, якія дазваляюць людзям дапамагаць адзін аднаму. Да прыкладу, беларускі настаўнік пры звальненні зможа дыстанцыйна вучыць рускай або беларускай мове дзяцей з рускамоўных дыяспар у ЗША ці Германіі.

Стрыжак распавёў, што падобных варыянтаў працаўладкавання знойдзена шмат, і што ўжо ў наступным месяцы механізмы па працаўладкаванні запрацуюць.

Акрамя таго, фонд пачынае праграму падтрымкі палітвязняў. Пасля вывучэння кожнай канкрэтнай сітуацыі фонд зможа пакрываць выдаткі сем’яў палітвязняў на перадачы, паштовыя адпраўленні, падпіску на выданні і іншыя патрэбы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: